О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом...
Уладзімір Караткевіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     МЯСЬЦІНЫ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     МІФАЛОГІЯ     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(7)
 вершы(24)
 літаратура(1)
 зборнікі(3)
 прагляд
Водгукі(0)
Валярына Кустава
Беларуская паэтка, літаратар, эсэіст, выканаўца песень.
 
Сапраўднае імя: Валерыя Кустава
Годы жыцця: нар. у 1984
Месца нараджэння: Сталічны горад Менск.
Біаграфія: 

Сапраўднае імя Валярыны Куставай – Валерыя Кустава. Яна нарадзілася 9 кастрычніка 1984 у Менску.  

Навучалася ў ДМШ №9 (1991–1995), скончыла ДМШ №19 (1998) па клясе скрыпкі, другі інструмэнт фартэпіяна. Навучалася ў ліцэі з тэатральным ухілам №136 (1991–1995); пасьля – у беларускамоўнай клясе школы №211 (1995–2002).  

Наведвала Беларускі Калегіюм – аддзяленьне «філязофія/літаратура» (2003), скончыла Польскі Інстытут у Менску (2003), БДУ культуры і мастацтваў (2007, дыплём з адзнакай, спэцыяльнасьць «Літаратурная работа», спэцыялізацыя – Кінадраматургія), магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2008, спэцыяльнасьць «Мастацтвазнаўства», спэцыялізацыя – «Кінатэлемастацтва») – абаранілася на ступень магістра мастацтвазнаўства.  

Працавала рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (2008–2009).  

Ад 2008 году – асьпірант Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сябра Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў (2004), Беларускага ПЭН-цэнтру (2009).

Першая нізка вершаў з прадмовай Алеся Разанава выйшла ў 7 гадоў у часопісе «Бярозка» (№9–10, 1992).

Першы зборнік паэзіі «Кроў Сусьвету», 1996, з прадмовай Васіля Жуковіча быў надрукаваны, калі аўтарцы яшчэ ня споўнілася 12 гадоў. Сэкцыю паэзіі СБП прайшла ў 16 гадоў.

Другі зборнік паэзіі «Каб неба сагрэць…» выйшаў у 2004, у 19 гадоў, з прадмовай Рыгора Барадуліна.

Трэйці зборнік паэзіі «Тамсама» выйшаў у 2006, у 21 год.

Валярына Кустава – аўтар шэрагу песень, якія выконвае пад гітару. Некаторыя–песьні напісаныя ў суаўтарстве зь беларускімі кампазытарамі і выконваюцца беларускімі ансамблямі і сьпевакамі; асобныя творы перакладзеныя на нямецкую, францускую, швэдзкую, ангельскую, літоўскую, грузінскую, украінскую, польскую і расейскую мовы. Сама перакладае зь беларускай, расейскай, украінскай, польскай і некаторых іншых моваў.

Дыплямант ІІ форума творчай моладзі «ХХІ стагодзьдзе – музыка надзеі» (1997), ляўрэат Міжнароднага конкурсу вершаваных твораў (2000), які праводзіўся пад эгідай ЮНЭСКА ў Парыжы.

Мае шматлікія публікацыі у пэрыёдыцы: «Полымя», «Дзеяслоў» «Маладосьць», «ЛіМ» «Культура», «Бярозка», «Беларусь», «Новы час», «Наша Ніва», «Зьвязда» і іншыя;

Удзельнічае ў міжнародных літаратурных пленэрах і фэстах: «Mińsk-Mixt» (2008, Варшава, Польшча), «Парадак слоў» (2007, 2008 Менск, Беларусь), «Дні беларускай культуры ў Нямеччыне» (2009, Бэрлін, Нямеччына), «Біларуська весна» (2009, Кіеў, Украіна), «Міжнародны літаратурна-мастацкі пленэр» (2009, Паланга, Літва), "IV Міжнародная выстава-кірмаш" (2009, Ашхабад, Туркменістан) і іншыя.

Сольныя паэтычныя выступы за мяжой: Варшава (2009, Варшаўскі ўнівэрсытэт, арт-кавярня "Mesita"), Бэрлін (2009, арт-клюб АKUD і Дом авангарднага мастацтва «Tacheles»), Дрэздэн (2009,«Alte Feuerwache Loschwitz») і інш.


Вядзе блог http://valjaryna.livejournal.com/

Дадаў PL 21.01.2010