Сьпяваці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(36)
 вершы(681)
 літаратура(27)
 зборнікі(5)
 цытаты(8)
 прагляд
Водгукі(0)
Янка Купала
Вялікі беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нацыянальны паэт Беларусі
 
Сапраўднае імя: Іван Луцэвіч
Годы жыцця: 1882-1942
Месца нараджэння: фальварак Вязынка (Маладэчанскі раён)
Біаграфія: 

Сапраўднае імя Янкі Купалы - Іван Луцэвіч. Ён нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. (па новым стылі) у фальварку Вязынка Менскага павета Менскай губэрні (цяпер вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Менскай вобласьці). Бацькі - Дамінік і Бянігна - паходзілі з дробнай чыншавай шляхты, якая мела свае адметныя саслоўныя рысы. Пры хрышчэньні ў Радашковіцкім касьцёле Іван (для блізкіх - Ясь) Луцэвіч быў запісаны дваранінам, але пазьней паводле афіцыйных дакумэнтаў належыў да мяшчан.

Ў 1870-х гг. Луцэвічы былі выселены з засьценка Пяскі (называўся таксама Лазараўшчына, Луцэвічы - цяпер Узьдзенскі раён Менскае вобласьці), дзе род жыў з XVII ст. Матэрыяльнае становішча сям'і рэзка пагоршылася. (Да гэтага Луцэвічы як чыншавая шляхта хоць і не мелі спадчыннай зямлі, але валодалі сядзібай на падставе бясплатнага карыстаньня.) Дамініку Луцэвічу давялося арандаваць чужую зямлю. Сям'я была шматдзетнай, часта пераязджала зь мейсца на мейсца. Ясь як старэйшы сын быў галоўным памочнікам бацькі па гаспадарцы.  

Зь дзяцінства будучага паэта цікавіў беларускі фальклор. Даволі рана ён навучыўся чытаць, імкнуўся да ведаў. Але бацькі не мелі сродкаў, каб даць сыну сістэматычную і дастаткова поўную адукацыю. Шмат што хлопчык спасьцігаў шляхам актыўнае самаадукацыі. З 1888 па 1890 г. вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, займаўся ў Сеньніцкім Народным Вучылішчы, у прыватнай падрыхтоўчай школе ў Менску. Толькі ў 16-гадовым узросьце змог скончыць поўны курс (дзьве клясы за адзін год) Бяларуцкага Народнага Вучылішча.  

З 1895 да 1904 г. сям'я жыла ў засьценку Селішча (цяпер у Лагойскім раёне Менскай вобласьці). Вялікі ўплыў на фармаваньне сьветапогляду маладога беларуса мела знаёмства з ўладальнікам суседняга маёнтка З. Чаховічам, які удзельчаў у паўстаньні пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Ясь карыстаўся яго багатай бібліятэкай, дзе была і нелегальная літаратура, пераважна пра паўстаньне 1863 г. Знаёмства з Чаховічам стала штуршком для развіцьця нацыянальнай самасьвядомасьці юнака, абудзіла ў ім цікавасьць да мінулага Беларусі.  

Пасьля сьмерці бацькі ў 1902 г. Ясю, каб пракарміць сям'ю, давялося на працягу шасьці гадоў (1902-1908 гг.) не толькі працаваць на сваёй гаспадарцы, але таксама шукаць працу ў іншых мясцох. Ён быў хатнім настаўнікам, прыказчыкам у панскім маёнтку, чорнарабочым, тры гады працаваў памочнікам вінакура на броварах. Да гэтага пэрыяду адносяцца першыя літаратурныя спробы.

Паэт-пачатковец шмат чытаў. Найбольш падабаліся яму кнігі тых пісьменьнікаў, якія блізка стаялі да народа, пісалі аб яго жыцьці і працы. Асаблівую цікавасьць выклікала творчасць М. Някрасава, А. Кальцова, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі і іншых.

Першыя вершы - сэнтымэнтальна-рамантычнымі - былі напісаны па-польску ў 1902 г. Але ў хуткім часе паэт усьвядоміў, што толькі родная беларуская мова - тая стыхія, праз якую ён можа выказаць у поўным аб'ёме свае думкі і памкненьні. Рашэньне пісаць па-беларуску ў той час было сьмелым крокам. Беларуская мова ў Расеі знаходзілася пад забаронаю, спадзявацца на публікацыю не даводзілася. Як пісаў Я. Купала ў аўтабіяграфіі:


"У 1904 г. трапляюцца мне ў рукі беларускія пракламацыі і рэвалюцыйныя брашуры на беларускай мове. Гэта канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё прызначэньне - служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца".


Дапамагло гэта асэнсаваць і знаёмства з кнігамі беларускіх літаратараў XIX ст. Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча.  

Найбольш раньні зь вядомых твораў маладога паэта Луцэвіча, напісаных па-беларуску, - верш "Мая доля", датаваны 15 ліпеня 1904 г., перадае псіхялагічнае самаадчуваньне чалавека з народа, яго прыгнечанасьць і зададзенасьць жыцьцёвага шляху.  

15 мая 1905 г. у менскай газэце "Северо-западный край" быў надрукаваны верш "Мужык" - першы апублікаваны твор паэта на беларускай мове. У ім закрануты тэмы чалавечай годнасьці і самасьцвярджэньня працоўнага селяніна.  

З гэтага ж часу замест афіцыйнага імя - Іван Луцэвіч - літаратар пачаў ужываць псэўданім Янка Купала. Выбар такога літаратурнага імя зьвязаны з беларускім народным сьвятам Купальля, пошукам чароўнае кветкі шчасьця, што для паэта стала ўвасабленьнем пошуку лепшае долі для народа, памкненьня да сьветлае будучыні Беларусі.

11 мая 1907 г. у газэце "Наша ніва" быў зьмешчаны верш "Касцу", які стаў першым выступленьнем Купалы ў беларускамоўным друку. Пасьля гэтага Купала ў "Нашай ніве" друкаваўся рэгулярна. Асноўныя тэмы тагачасных вершаў - бяспраўнае становішча селяніна, прыгажосьць роднай зямлі. Купала - паэт-рамантык.

У гэтыя гады створаны паэмы "Зімою", "Нікому", "Калека", "Адплата каханьня", заснаваныя на рэальных фактах з жыцьця беларускіх сялян, якія засьведчылі схільнасьць іх аўтара да рамантычна яркіх, выключных гэрояў і сітуацый, а таксама драматычная паэма "Адвечная песьня" - апафіёз мужычаму імкненьню да шчасьця.

У пачатку 1908 г. у Санкт-Пецярбурзе выйшаў першы зборнік Янкі Купалы - "Жалейка", дзе былі надрукаваныя вершы 1905-1907 гг. і паэма "Адплата каханьня". У гэтых лірычных творах у элегічнай форме выразна адлюстравана адвечная скарга селяніна на сваю цяжкую долю, выказаны памкненьні народа і самога паэта як выразьніка яго думак і пачуцьцяў. У зборніку ўпершыню апублікаваны знакаміты верш "А хто там ідзе?", які адыграў значную ролю ў станаўленьні беларускае нацыі, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. "Жалейка" двойчы канфіскоўвалася расейскімі ўладамі. З нагоды выхаду зборніка беларускі публіцыст і літаратурны крытык У. Самойла пісаў пра яго аўтара:


"Сонца жывой, сапраўднай паэзіі заглянула ў ваконца цёмнай, беднай, але вялікай хаты беларускага народа! Няхай ён будзе для беларусаў тым, чым быў Шаўчэнка для Украіны!.."


У 1908-1909 гг. Янка Купала жыў у Вільні, працаваў у рэдакцыі газэты "Наша ніва" і адначасова бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы. У гэты час ім былі напісаныя паэмы "У Піліпаўку" і "За што?", сюжэты якіх - трагічныя здарэньні з жыцьця беларускіх сялян.

У 1909-1913 гг. Я. Купала займаўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева ў Санкт-Пецярбурзе, якія паводле слоў паэта, далі яму "вельмі многа... сістэматызавалі хаатычныя веды", там ён вывучаў тэорыю і гісторыю літаратуры. Купала пазнаёміўся з прадстаўнікамі перадавой рускай інтэлігенцыі, рэвалюцыйна настроенай моладдзю, удзельнічаў у паседжаньнях Беларускага навукова-літаратурнага гуртка - культурна-асьветнай арганізацыі студэнтаў-беларусаў Санкт-Пецярбургскага унівэрсітэта.

Летам 1912 г. адбылася сустрэча дзьвюх вялікіх беларусаў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дагэтуль яны асабіста знаёмыя не былі, хоць добра ведалі адзін аднаго па літаратурных творах. Знаёмства з часам перарасло ў сяброўства двух вялікіх майстроў слова.

У 1910-1913 гг. былі створаны паэмы "На Куцьцю", "На Дзяды", "Яна і я", рамантычныя паэмы на фальклорнай аснове "Курган", "Бандароўна", "Магіла льва", драматычныя паэмы "Сон на кургане", "На папасе", дзе Купала выявіў сябе буйнейшым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. Ва ўсіх гэтых творах - глыбокі філязофскі роздум пра мінулае і будучыню роднага краю.

Восеньню 1910 г. выйшаў з друку другі Купалаў зборнік - "Гусьляр", у якім выразна выяўлена рамантычнае сьветаадчуваньне паэта, яго хваляваньне за лёс Бацькаўшчыны.

У 1913 г. быў выдадзены трэйці паэтычны зборнік "Шляхам жыцьця". Побач з творамі выразнай грамадзянскай патрыятычнай накіраванасьці сюды ўвайшлі шэдэўры Купалавай філязофскай, пэйзажнай і інтымнай лірыкі. Ва ўсіх гэтых паэтычных выданьнях Купала заклікаў беларускі народ да барацьбы за нацыянальнае вызваленьне.

Пачаў працаваць Я. Купала і ў галіне драматургіі. Ужо першыя яго вопыты ў гэтым накірунку былі вельмі пасьпяховамі і сталі падмуркам беларускай нацыянальнай камэдыі і драмы. У камэдыі "Паўлінка", сцэнічным жарце "Прымакі" высьмейваюцца дамастроеўскія асновы жыцьця засьцянковай шляхты. Разам с тым вобразы Паўлінкі і яе каханага Якіма ўвасабляюць сабой новыя перадавыя павевы ў жыцьці вёскі. У драме "Раскіданае гняздо" раскрываецца цяжкі лёс беларускага абезьзямеленага сялянства пасьля рэформы 1861 г., пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні.

Творчасьць Купалы мела свае праявы і ў перакладчыцкай дзейнасьці. Да 1913 г. ён пераклаў на беларускую мову з рускай асобныя творы І. Крылова, А. Кальцова, М. Някрасава, з украінскай - Т. Шаўчэнкі, з польскай - А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, частку тэкстаў ў п'есах В. Дуніна-Марцінкевіча "Сялянка" і "Залёты".

Беларуская літаратура праз творчасьць Я. Купалы пецярбургскага пэрыяду пачала выходзіць на эўрапэйскі культурны абсяг. Актуальныя праблемы быцьця атрымалі ў ёй глыбокае філязофскае асэнсаваньне, асьвятляліся на высокім мастацкім узроўні, з улікам нацыянальных культурных асаблівасьцей.

З кастрычніка 1913 да жніўня 1915 г. Я. Купала зноў у Вільні, працуе ў "Беларускім выдавецкім таварыстве", у газэце "Наша ніва". Як рэдактар гэтага выданьня ён падвяргаўся судоваму перасьледаваньню расейскіх уладаў. З удзелам Купалы арганізоўваліся літаратурныя вечары, сустрэчы з рускімі, летувіскімі і польскімі пісьменьнікамі. Я. Купала падтрымліваў сяброўскія адносіны зь дзеячамі летувіскай культуры: паэтам Л. Гірай, кампазытарам С. Шымкусам, мастаком і кампазытарам М. Чурлёнісам. У 1914 г. адбылася сустрэча з рускім паэтам В. Брусавым, вучнем якого Купала сябе называў і які пазьней пераклаў некаторыя яго вершы на рускую мову.

У творах гэтага часу ўсё больш выразнымі становяцца матывы нацыянальнага Адраджэньня і абароны роднай мовы. Публіцыстычныя выступленьні Купалы заклікалі да паляпшэньня сацыяльнага становішча беларускага народа, закраналі праблемы нацыянальнай самасьвядомасьці. У 1913 г. у артыкуле "Чаму плача песьня наша?" ён выказаў сваё бачаньне прынцыпаў тагачаснай беларускай літаратуры - адзначыў неабходнасьць установак на народнасьць і дэмакратызм, а таксама арыентацыю на высокі мастацкі ўзровень эўрапэйскай літаратуры. У артыкуле "А ўсё ж такі мы жывём!.." Купала палемізаваў з польскімі нацыяналістамі, якія лічылі Беларусь часткай Польшчы, і мясцовымі рускімі шавіністамі-чарнасоценцамі, якія заяўлялі, што Беларусь гэта "истинно-русский край", гаварыў пра дасягненьні беларускага нацыянальна-вызваленчага і культурнага руху. У артыкуле "Ці маем мы права выракацца роднай мовы?" Я. Купала назваў родную мову народа найвышэйшай каштоўнасьцю. У гэты ж пэрыяд з'яўляюцца шэдэўры любоўнай лірыкі Купалы, цыкл антываенных вершаў "Песьні вайны" - як водгук на пачатак баявых дзеяньняў Першае Сусьветнае Вайны.

Летам 1915 г. у сувязі з набліжэньнем нямецкіх войскаў перастала выходзіць "Наша ніва", і Купала выехаў з Вільні.

Зь верасьня 1915 г. знаходзіўся ў Маскве, займаўся ў народным універсітэце А. Шаняўскага на гісторыка-філязофскім факультэце. У студзені 1916 г. узяў шлюб з Уладзіславай Станкевіч. У хуткім часе быў прызваны ў расейскую армію. Служыў у Менску, Полацку, Смаленску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскае акругі шляхоў зносін. Увесь 1918 г. Купала пражыў у Смаленску. Зь ліпеня працаваў агентам аддзела забесьпечаньня харчовага камітэта Заходняе вобласьці, езьдзіў па Смаленскай, Арлоўскай і Курскай губэрнях. Восеньню 1918 г. падаў заяву з просьбай залічыць яго слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзяленьня Маскоўскага археалягічнага інстытута. Абставіны жыцьця, ваенныя падзеі не спрыялі творчасьці. З сярэдзіны 1915 г. на працягу больш як трох гадоў Купала як паэт нічога не пісаў.

Рэвалюцыйныя падзеі 1917 г., грамадзянская вайна 1918-1920 гг. нарадзілі матывы асуджэньня гвалту, клясавай нянавісьці, антыгуманізму. У канцы кастрычніка 1918 г. пасьля доўгага творчага маўчаньня Купала напісаў вершы "Для Бацькаўшчыны", "У дарозе", "Песьня", "Свайму народу" і "На сход!", у якіх выявілася яго расчараваньне ў рэвалюцыі, трывога за родны народ, прагучаў заклік да беларусаў згуртавацца і самім вырашыць лёс Беларусі.

Са студзеня 1919 г. Я. Купала пастаянна жыў у Менску. Працаваў бібліятэкарам ва ўстанове Народнага камісарыята асьветы. У Менску знаходзіўся і падчас польскай акупацыі (жнівень 1919 - ліпень 1920 г.), у пачатку 1920 г. перанёс цяжкую хваробу. З прыходам "красной армии" працаваў рэдактарам розных беларускіх выданьняў, намесьнікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асьветы, у рэдакцыі часопіса "Вольны сьцяг".  

У 1919-1920 гг. шмат выступаў як публіцыст. У артыкулах гэтага перыяду ("Справа незалежнасьці Беларусі за мінулы год" і інш.) выкладаў свае погляды наконт шляхоў беларускага народа да нацыянальнага самавызначэньня, прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу, і супрацьпастаўляў яе рэвалюцыі сацыяльнай. Погляды Купалы вызначаліся дэмакратызмам, адмаўленьнем гвалту, сьцьвярджэньнем прыярытэту агульначалавечых духоўных каштоўнасьцей. У той час Купала напісаў шэраг вершаў, пераклаў на беларускую мову "Слова аб палку Ігаравым".

З 1921 да 1930 г. Я. Купала актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім і культурна-мастацкім жыцьці, у тым ліку ў стварэньні Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсітэта, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў, уваходзіў у склад камісіі па стварэньні Інстытута Беларускай Культуры. Абраны правадзейным членам інстытута, рэарганізаванага ў кастрычніку 1928 г. у Акадэмію Навук Беларусі, узначальваў літаратурна-мастацкую секцыю Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асьветы. У 1924-1925 гг. працаваў тэхнічным рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве.

У 1922 г. быў выдадзены зборнік "Спадчына", у які ўвайшлі вершы, напісаныя ў кастрычніку - сьнежні 1918 г. Назву гэтаму выданьню даў аднайменны праграмны філязофска-патрыятычны верш. Усе творы тут зьнітаваны думкай пра лёс беларускай нацыі і чалавека на ключавым павароце гісторыі, паказаны ўвесь драматызм і трагізм рэвалюцыйных падзей, што прынеслі новыя выпрабаваньні Бацькаўшчыне.

У 1925 г. выйшаў зборнік "Безназоўнае", складзены пераважна зь вершаў 1919-1924 гг. Тэма зьмешчанай у ім аднайменнай паэмы "Безназоўнае" - нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі, духоўнае самасьцьвярджэньне беларускага народа.

У 1930 г. выдадзены зборнік вершаў Я. Купалы "Адцьвітаньне", у які галоўным чынам увайшлі творы, напісаныя да 1915 г. і ў 1918-1919 гг.

У трагікамэдыі "Тутэйшыя", напісанай у 1922 г., прагучала ідэя нацыянальнай незалежнасьці Беларусі як ад Захаду, так і ад Усходу, у вострай сатырычнай форме выкрываліся прыстасаванства і нацыянальны нігілізм.

З другой паловы 1920-х гг. бальшавікі пачалі адкрыта абвінавачваць Купалу ў "нацдэмаўшчыне". Родных паэта "раскулачылі", ледзь не выслалі на Поўнач. Летам таго ж года Купалу выклікалі ў ГПУ, каб "дапытаць" па сфабрыкаванай справе "Саюза вызваленьня Беларусі", прыпісаць яму кіраўніцтва гэтай міфічнай арганізацыяй. У лістападзе ізноў яго выклікалі ў ГПУ, даваць "показанія". Паводзіў ён сябе падчас допытаў мужна і высакародна (гэта адзначалі нават "следователі"), адхіляў усе "абвінавачаньні" на адрас сябе і іншых. Прасьледаваньне рэпрэсіўнымі органамі і цяжкі псіхалягічны стан прывялі да таго, што 20 лістапада 1930 г. Я. Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. У сьнежні 1930 г. у газэце "Звязда" быў апублікаваны так званы "пакаянны" ліст Я. Купалы, у якім паэт "прызнаваўся" ў "памылках" і "шкодных поглядах", абяцаў "аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву" і г.д.

У наступны пэрыяд Купала выбіраўся членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Менскага гарсавета, быў членам рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы тэксту Канстытуцыі БССР, удзельнічаў у розных камітэтах і камісіях па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур, з'яўляўся дэлегатам літаратурных форумаў і з'ездаў, выступаў на шматлікіх літаратурных нарадах. У траўні 1934 г. прыняты ў члены Саюза савецкіх пісьменьнікаў. Стваралася ўражаньне, нібыта Купала сапраўды прымае паўнавартасны ўдзел у грамадскім жыцьці. Аднак з боку ўлады гэта было толькі прыкрыцьцём палітыкі духоўнага тэрору, якую праводзіў у адносінах да яго сталінскі рэжым.

У той час літаратурная актыўнасьць Купалы рэзка зьменшылася. Ажывілася яна толькі ў сярэдзіне 1930-х гг. (ляўкоўскі цыкл). Мастацкая ж вартасьць паэм "Над ракою Арэсай" (1933 г.) і "Барысаў" (1934 г.), напісаных у рэчышчы "сацыялістычнага рэалізму", не адпавядала творчым магчымасьцям паэта. У 1936 г. выдадзены зборнік вершаў і паэм "Песьня будаўніцтву", дзе Купала паказвае працэс будаўніцтва новых форм жыцьця. У 1937 г. выйшаў зборнік "Беларусі ардэнаноснай" - своеасаблівая анталогія творчасьці паэта савецкага часу. Акрамя таго, у 1930-ыя гг. Купала пераклаў на беларускую мову паэму "Медны коньнік" А. Пушкіна, паэмы і вершы Т. Шаўчэнкі.  

У 1937 г. Я. Купала зноў аказаўся ў сьпісе чарговых ахвяраў рэпрэсій, аднак, хоць мясцовыя рэпрэсіўныя органы і зьвярталіся да вышэйшага кіраўніцтва па дазвол на яго арышт, такой санкцыі не атрымалі.  

У 1941 г. выйшаў зборнік "Ад сэрца", куды ўвайшлі паэма "Тарасова доля" - паэтызацыя жыцьцёвага лёсу ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі і вершы, напісаныя ў 1937-1939 гг., якія ўслаўлялі савецкую рэчаіснасьць.

У час нямецка-савецкае вайны паэт жыў у Маскве, потым у пасёлку Пячышчы каля Казані. У вершах і публіцыстычных выступленьнях заклікаў да барацьбы зь нямецкімі акупантамі, выказваў упэўненасьць у перамозе над ворагам. Купала быў членам прэзідыума Усеславянскага Антыфашысцкага Камітэта, удзельнічаў у грамадскіх мерапрыемствах, прысьвечаных барацьбе з захопнікамі. У чэрвені 1942 г. Я. Купала прыехаў у Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды яго 60-годдзя.

28 чэрвеня Янка Купала трагічна загінуў (упаў у лесьвічны пралёт з 10-га паверха) у гасьцініцы "Масква" пры нявысьветленых абставінах. У 1962 г. урна з прахам паэта перавезена ў Менск і пахавана на Вайсковых Могілках.

Янка Купала пражыў няпростае жыцьцё, поўнае цяжкасьцей і выпрабаваньняў. Аднак яго высокія якасьці як чалавека, грамадзяніна і творцы: сумленнасьць, высакароднасьць, гуманізм, любоў да свайго народа і Бацькаўшчыны, вернасьць вызначальнай ідэі ўсёй яго творчасьці - нацыянальнаму, сацыяльнаму і духоўнаму разьняволеньню людзей, раскрытай на высокім мастацкім узроўні, заставаліся нязьменнымі і неаспрэчнымі зь цягам часу. Беларускі пясьняр стаіць ў шэрагу тых вялікіх мастакоў сьвету, якім дадзена глыбока спазнаць сутнасьць свайго часу, народа, яго гісторыі і выказаць гэта ў яскравай, толькі ім уласьцівай форме.  

Дзейнасць Янкі Купалы, яго роля і значэньне ў нацыянальным духоўным Адраджэньні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі.  

Працуюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Менску і чатыры яго філіялы: "Акопы" ў Лагойскім раёне, "Яхімоўшчына" ў Маладзечанскім раёне, Купалаўскія мэмарыяльныя запаведнікі "Вязынка" ў Маладзечанскім раёне (дзе штогод праводзяцца купалаўскія сьвяты паэзіі) і "Ляўкі" ў Аршанскім раёне.

Творы Янкі Купалы сталі крыніцай натхненьня многіх кампазытараў. М. Чуркіным створана опэра "Раскіданае гняздо". Па матывах паэмы "Магіла льва" напісаў опэру "Машэка" Р. Пукст, а Я. Глебаў - сімфанічную "Паэму-легенду". Ён жа на сюжэты "Кургана" і "Магілы льва" стварыў балеты "Выбраньніца" і "Курган". І. Лучанок напісаў паэму-легенду "Гусьляр" паводле Купалавага "Кургана", Г. Гарэлава - сімфанічную паэму "Бандароўна", Ю. Семяняка - музычную камэдыю "Паўлінка". А. Мдзівані стварыў цыкл хораў, Л. Шлег - харавую паэму "Вясьнянка" паводле паэмы "Яна і я". Оперу-прытчу "Песьня пра долю" У. Мулявіна на словы Купалы выконваў ансамбль "Песьняры". Вершы паэта паклалі на музыку М. Аладаў, М. Анцаў, А. Багатыроў, К. Галкоўскі, А. Грыневіч, М. Мацісон, С. Палонскі, А. Пашчанка, Р. Пукст, Л. Рагоўскі, А. Сакалоўскі, А. Туранкоў, У. Тэраўскі, Я. Цікоцкі, М. Чуркін, Л. Ямпольскі і інш.

Драматургічныя творы Янкі Купалы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. Яго п'есы "Паўлінка", "Раскіданае гняздо", паэма "Магіла льва" экранізаваны.  

Творчасьць Янкі Купалы заслужыла сусьветнае прызнаньне - пра гэта сьведчыць шырокі грамадскі рэзананс, які яна атрымала ў многіх краінах сьвету. Творы беларускага песьняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш "А хто там ідзе?" перакладзены на 82 мовы народаў сьвету, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя - англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.

У 1996 г. створаны Міжнародны Фонд Янкі Купалы. 100-гадовы юбілей беларускага песьняра паводле рашэньня ЮНЭСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе. У 2007 г. у Беларусі адзначалася 125-годдзе зь дня нараджэньня вялікага паэта Янкі Купалы.


СПАСЫЛКІ


Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы


Дадаў Андрэй 12.05.2009