Няхай абрынецца сьвятло,
Няхай раскрые змову ночы,
Каб беспрытульным стала зло,
Якое наш падмурак точыць.
Юлія Новік
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

СЫМОН-МУЗЫКА      Я. Колас   1911–1925       
З ь м е с т:

Частка першая

I

II

III

IV

V

Частка другая

I

II

III

IV

V

Частка трэцяя

I

II

III

IV

V

Частка чацвёртая

I

II

III

IV

V

Частка пятая

I

II

III

IV

V

Беларускай моладзі

сваю паэму прысвячаю.

А ў т а р


Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

        Ад казак вечароў,

        Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

        Ад шолаху начэй,

        Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

I злучана быццё і небыццё, –

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,

        І выхаду шукаў

        Адбітак родных з’яў

У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.

I гэты скарб, пазычаны, адбіты,

        У сэрцы перажыты.

        І росамі абмыты

Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

        Як доўг, як дар,

        Дае пясняр.




ЧАСТКА ПЕРШАЯ


I


На галіне

Пры даліне

Ліст на дрэве марна гіне:

Ліст зялёны, ды ўмірае.

Ліпа, матухна старая,

Ой, сыночка свайго скіне!

        Ён пахілы,

        Ён нямілы,

У сям’і не мае сілы:

Тым нялюбы, што адметны,

I браты з ім непрыветны –

Мусіць, лёс такі пастылы.

        Пад каронай –

        Парасонам

Ліпы пышнай і зялёнай –

Адзінокі колас жыта

Рос замкнёна і забыта,

Адарваны ад загона.

        – Мілы браце!

        Ў чужой хаце

        Не нажыць табе багацця, –

Ліст сіротцы спагадае: –

I вясенька маладая .

Для цябе – у вечнай страце.

        – Так, мне трудна –

        Тут нялюдна,

Я тут згіну неабудна,

Ды твой, лісцік, лёс больш цяжкі:

Ты ў сваёй сям’і без ласкі,

Бы не родны, а прыблудны.


– Ото ж хлопец урадзіўся!

I ў каго ж удаўся ён?..

Ну, куды ты ўтарапіўся?..

Лепш бы ты не жыў, Сымон...

Уй, няўклюда, мухамора!..

Грэх адзін з ім, адно гора. –

Не адзін раз чуў папрокі

Ад бацькоў сваіх хлапчук.

А за што, за што нарокі?

З-за чаго той злосны гук?

I завошта б’юць малога

I чапляюцца чаго?

Ну, скажыце: што благога

У тых забаўках яго?

Хіба грэх складаць казанкі

Або песенькі? Чаму?

Але ж гэтыя спяванкі

Так і чуюцца яму:

        «Я насыплю горку

        Жоўтага пясочку;

        Правяду разорку

        Беленькім кіёчкам.

        Шу-шу-шу! – пясочак

        Шурхнуў залаценькі.

        Пясок – мой дружочак,

        Дробненькі-драбненькі.

        На пясочку зайкі

        Кідаюць слядочкі...

        Ой, якія байкі

        Баюць мне пясочкі!»

Хіба ж грэх казаць пра гэта?

Чаго ж сварацца бацькі?

Песняй сэрцайка сагрэта,

Казкай ясняцца дзянькі.

«Мусіць, я, дапраўды, ліха», –

Сам сабе сказаў Сымон

I чагось смяяўся ціха

Ды спяваў, званіў, як звон

Той стары, што са званіцы

Адбіваў таемны зык

Ды каціўся за крыніцы

I дзесь там жалобны нік.

А ён слухае – ні слоўка,

Бы застыне, бы засне,

I сама сабой галоўка

Заварушыцца, кіўне

У тахт нейкім дзіўным спевам,

Што звіняць вакол яго,

I ласкаючым павевам

Песціць, гойдае ўсяго;

Аж захопіць дух блазноце

Нейкі радасны парыў,

I ў самоце-адзіноце

Песні, байкі ён тварыў.

У яго быў свет цікавы,

Свае вобразы, жыццё,

I ў душы яго ўсе з’явы

Сваё мелі адбіццё.

Ён і рэха сваё кліча

I размову вядзе з ім...

Меў яшчэ ён такі звычай –

Гаманіць з сабой самім.

На смех хлопца падымаюць:

– Вось дурубала, даўбня!–

I ў патыліцу штаўхаюць,

Бы не хлопец, а шчаня.

А ён нават не заплача,

Толькі голаву прыгне,

Як яго рука лядача

Неспадзеўна штурхане.

Адбяжыць, бядак, у страсе,

Разважаць пачне тады:-

Можа ён у гэтым часе

Натварыў якой бяды?

Мо зняважыў ён старога?

Мо на ўсіх пайшоў адзін?

I не ведае нічога, –

Ні праступку, ні прычын.

Так, і праўда: непадобны

Быў Сымонка на другіх:

Гэта быў хлапчук асобны.

У яго вачах жывых

Думка нейкая бліскала,

Утаропіцца, глядзіць,

I на губках смех, бывала,

Заблукае, задрыжыць;

Пазірае і ўнікае –

Так аддасца марам ён

Ды знячэўку запытае:

– Чаго, мама, стогне звон? –

О, звон гэты быў цікавы,

Незвычайны звон, стары.

Пра якія ж гэта справы

Ён там бомкае ўгары?

Чаго так у засмучэнні

Будзіць там тыя лясы?

I Сымонка ў захапленні

Ловіць звону галасы,

Бо як толькі звон зазвоніць,

Як завойкае ўвышы, –

Адгукнуцца, загамоняць

Струны ўсе яго душы.

Сэрца ў хлопчыка заб’ецца,

Сам увесь ён задрыжыць,

I сама душа, здаецца,

Услед звону паляціць, –

Так узрушыцца хлапчынка,

I тады, нібы праз сон,

Штось мільгнецца на хвілінку,

Але што – не ўцяміць ён

I не можа даць назовы,

Што чуваць у тых званох,

Бо ўлавіць там сэнсу мовы,

Адгадаць яе не мог,

Але чуў ён, чуў душою,

Сэрцам чуткім і жывым

У тым звоне штось такое,

Што жыло і ў ім самім.

Ды ніхто не знаў тых струнаў,

Патайных ніцей душы,

Што злучаюць гук пярунаў

З немым голасам цішы;

Бо і ў той цішы зацятай

Есць і голас і свой твар,

Разнастойны і багаты,

Поўны музыкі і чар.


Бедны хлопчык быў загнаны,

У бацькоў нялюбы сын,

Бо відочныя заганы

I меў толькі ён адзін.

Не такі, як усе дзеці,

Нейкі вырадак, дзіўны,

Нёс віну за ўсё на свеце,

Вінаваты без віны.

З ім і дзеці не дружылі,

Не прымалі да гульні,

I ў самоце прахадзілі

Веснавыя яго дні.

I любіў ён адзіноту,

Бо так лепей было жыць:

Тут ён мог сабе ў ахвоту

Песні пець і гаманіць.

Вось улетку дык раздольна:

Выйдзе з хаты ў поле, луг;

Цёпла ўсюды і прывольна,

Сонца многа, чысты дух.

На каменьчык сядзе ў збожжы,

Не схіснецца і маўчыць,

Ловіць сэрцам спеў прыгожы,

Як жытцо загаманіць,

Як зазвоняць, заіграюць

Мушкі, конікі, жучкі,

I галоўкай заківаюць, -

Засмяюцца васількі.

Спеў у сэрцы адклікаўся,

I так дробненька было,

Што Сымонка сам смяяўся,

Ўсё смяялася, цвіло.

Заміраў тады хлапчынка,

I здавалася яму,

Што ён знае, як травінка

Сваю думае думу,

Што гаворыць жытні колас,

I аб чым шуміць ячмень,

I чаго спявае ўголас

Мушка, конік, авадзень,

Што ўгары над срэбрам жыта

Пяе жаваранак той

Так прыгожа-самавіта,

I зачым у высь блакіту

Ідзе ветрык пехатой,

У высь тую, дзе хмурынкі

Над зямлёй плятуць вянкі...

Ці ж не мілыя часінкі?

Ці ж не слаўныя дзянькі?

Замляваў увесь Сымонка,

Як увосень жураўлі

Крык музычны роняць звонка

Над прасторамі зямлі.

Шнур жывы, загнуты крукам,

Ледзь чарнеецца ўгары,

I ўсё стада з -смелым гукам

Журавель вядзе стары;

Плыўка, згодна ходзяць крылы,

Як адно, у тахт адзін –

Пакідаюць край свой мілы,

Родны кут глухіх лядзін.

Шнур знікае, тоне ў багне

Мора сіняга нябёс,

У прастор і хлопчык прагне:

Там другі, напэўна, лёс.

I ён доўга, нерухомы,

Там стаіць і ўсё глядзіць

У край светлы, невядомы,

Дзе знікала тая ніць

Вольных пташак на ўсю зіму...

Ну, прашчайце да вясны!..

Поле, неба прад вачыма,

I ўжо крыкі не чутны.

Так і жыў ён, гадаваўся,

Бы пры сцежцы той гарох:

Сам з сабою забаўляўся,

Бегаў, бавіўся ў палёх

I размовы вёў з жытамі

I складаў ён песні дню,

З матылькамі, бы з братамі,

Час дзяліў свой і гульню.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009