Прыгажосьць існуе па-за межамі зроку,
Прыгажосьць існуе па-за межамі часу...
Скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў -
Нашы вочы і рукі застаюцца сам-насам.
Віка Трэнас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

АНЁЛАК І Я      Л. Дранько-Майсюк   17 красавіка 2006       
З ь м е с т:

1

2

3

1


Думаю пра гламурную N...

Ашчаджаю словы, таму не малюю партрэт N, бо само гэтае масажнае вызначэньне “гламурная” гаворыць пра тое, што цырульніцкае аблічча маёй пасіі можна ўбачыць амаль на ўсіх глянцавітых часопісных вокладках, амаль на кожным рэкламным шчыце і без перабольшваньня – на любым тэлевізійным канале.

N, вядома ж, ня мае ўзросту; яна – сапраўдны касьметычны шэдэўр з нябесна-смарагдавымі вачыма!

Яе занятак...

Не, ня буду таксама падрабязна расказваць і пра яе занятак (расьпісваць чым занятая гламурніца – клопат лішні па сёньняшнім часе!); падам хіба што такую асаблівасьць яе прыроджаных здольнасьцяў: па сваёй натуры N – запамінальная стрыптызёрка і ўдачлівая дзелавітая жанчына...

Думаць пра гэтую жанчыну карысна ўжо хоць бы таму, што яна абуджае ў маёй душы несамавітае жаданьне, пра існаваньне якога я нават і не здагадваўся.

Гэтае жаданьне падбівае сьвятое перакруціць у будзённае; вобразна кажучы, прымушае ікону ператварыць у кухонны паднос.  

Уяўляеце малюнак: на іконе ранішняя кава!

Нейкі блюзьнерскі рэалізм...  

Аднак жа мне трызьніцца і ён, такі брыдкі рэалізм, бо знаходжуся ў тым нервовым стане, калі душа хоць на нейкі момант, але памірае; калі зьяўляецца чэзлая паэзія, асноўныя вобразы якой –ня зоркі і кветкі, а жоўць і лекарскія рэцэпты...

Жыцьцё, аддадзенае асалодзе, зьнікла, але той, хто з гэтае прычыны лічыць мяне кволым няўдачнікам – памыляецца, бо такім няўдачнікам быў і Напалеон.

Наадварот, мне пашанцавала, бо я жыў з N, якая створана не з рабра Адама, а з характару Месаліны, і ня Дон Жуан, Лавелас ці, скажам, Казанова, а я першы зразумеў, што ёсьць каханкі, якія зьявіліся на сьвет божы ня з гэтага славутага рабра, а з гэтага славутага характару...

А яшчэ зразумеў, што можна расчаравацца ў канкрэтнай жанчыне, а ў жанчыне наогул расчаравацца нельга, і што для жанчыны першы той, з якім яна шчасьлівая, а ня той, з кім упершыню апынулася ў адной пасьцелі...  

Разам пражылі мы год, і N не зрабілася роднай, так і засталася чужой, а год – дастатковы тэрмін дзеля таго, каб адчуць: чужое жыцьцё ніколі не разгорнецца ў твой галоўны сюжэт!..

N дасканала валодала мастацтвам зьнявагі, і з гэтага яе непрыгожага мастацтва выходзіла, што я – каштоўны матэрыял для псіхатэрапеўта...

Скажу й пра тое, што ў гаворцы з ёй я адчуваў сябе інвалідам па слыху, таму што асобныя словы яна знарок не прагаворвала, а толькі (грэбліва крывячы вусны) “паказвала” іх.

Такая манера гаварыць нагадвала фільмы з субцітрамі, у якіх, як вядома, сказанае зазвычай не супадае з тым тэкстам, які высьвечваецца на экране – тэксту заўжды менш, нібыта пісьмо не пасьпявае за голасам...

Здатная цьвяліць, а не лагодзіць, народжаная не кахаць, а наталяць сябе мужчынамі, навучаная і з крынічнай кроплі вады здабываць яд, гатовая нішчыць і свой, і чужы спакой, адкрытая пачуцьцёваму шулерству, а ня праўдзе – N была таленавітай эксцэнтрычкай: аднойчы ператварыла кравецкія нажніцы ў элегантную гільяцінку – то-бок, на кожным фотаздымку, дзе мы былі зьнятыя разам, нажніцамі адчыконіла мне галаву.  

Я ведаю, яна ўжо сабрала даволі ладную калекцыю палюбоўнікаў, і таму з пэўнасьцю магу сказаць: кожнаму з іх у спадчыну пакіне тое, што пакінула й мне – тупыя нажніцы і сапсаваныя фотакарткі!

Філатэлісткі зьбіраюць маркі, а яна зьбірае і пакідае мужчынаў і ў гэтым сваім непазбыўным клопаце даволі разьняволеная, а часам і зусім безразважная, бо дапускала й такое: калі багаты каханак надакучаў, яна тут жа мяняла яго на ўпадабанага “жабрака”...  

Застаўшыся адзін, я пачаў чакаць; чакаў дакрананьне цноты – словам, выглядаў на тое нязбытнае, аб чым шчыра марыць кожны мужчына, якому далёка за сорак.

Дык вось, я чакаў і блукаў па менскіх завулках, памятаючы яе параду: “Нервы трэба лячыць птушынымі сьпевамі, а ў Менску птушак можна пачуць толькі ў ціхіх завулках...”

Вядома ж, менскія птушкі пяюць ня толькі ў завулках, аднак жа такая нечаканая парада мяне проста зачаравала, бо ў ёй бліснула надзея, што сваімі невыпадковымі назвамі існыя і ўжо няісныя завулкі – Паўночны, Траецкі, Азёрны, Татарскі, Сьнежны, Лугавы, Мала-Манастырскі, Малочны, Горны – вернуць мне страчаны спакой...  

Я веру ў лекавую моц непрыдуманых назваў!

Гэтым жа разам я завярнуў у Музычны завулак...  

Паслухаўшы ў Музычным птушак і ня вельмі задаволены іхнімі скупымі сьвістамі, я прайшоў паўз дом масонаў, спусьціўся па сходах на Гандлёвую і на беразе Сьвіслачы ля адноўленага рэстарану “Журавінка” раптам злавіў на ляту матылька, пра якога ў нашай паэзіі сказана, што ён “... крыламі звоніць ледзьве чутна...”

Рэдкая гэта ўдача злавіць рукою матылька, — усё адно, што злавіць свой дух, або свой цень!  

А яшчэ падумаў: можа, трымаю нечую душу, якая толькі што пакінула цела?!.  

Каб матылёк не загінуў, тут жа расьціснуў далонь, і мой каляровы палоньнік паляцеў далей і неўзабаве апусьціўся на нейкага старога, які, седзячы, спаў, падагнуўшы пад лаўку ногі, каб, відаць, не замінаць галубам панавіта праходжвацца па асфальтаванай дарожцы.

“... і яркі пыл сатрэ няспрытная рука”.

Не сказаць, што рука мая няспрытная, але сапраўды ад матыльковых крылцаў на далоні застаўся яркі пыл, нібыта сьлед ад кветкавых пялёсткаў.  

Пялёсткі – сум па цноце, і калі мы дорым кветкі, то гэтым самым нібыта вяртаем страчаную цноту.

Вось чаму жанчыны любяць прынімаць хоць якія краскі – няхай сабе й сьціплыя васількі!..

N не любіла ні васількі, ні ружы (мусіць, не хацела рабіцца зноў цнатліваю), і таму я не прыносіў ёй нават паўбукета...  

Дарэчы, я люблю кветкі, якія растуць, і не люблю тыя, якія прадаюцца, таму хутка прамінаю падземныя пераходы, дзе іх зазвычай выстаўляецца безьліч, і гады ў рады завітваю ў кветкавыя крамы, бо мне заўсёды там блюзьніцца пахаваньне; баюся пад снапамі кветак убачыць нябожчыка...  

Я адчуваў радасьць ад хады, таму йшоў, нібыта плыў, прамінуў Палац спорту, пачуў ужо аўтамабільныя зыкі Ерусалімскай, але мусіў быў прыстоіць.

На беразе амаль нерухомай Сьвіслачы, на драўлянай канапцы, у раскошным кімано, сьпінку якога ўпрыгожвалі два блакітныя драконы, ляжала, апусьціўшы галаву на сагнутую ў локці руку, маладая пляжніца.

Ахмеленая слодыччу адпачынку, яна чытала, і мне таксама закарцела разгарнуць кніжку.  

Я крыху палюбаваўся блакітнымі драконамі, іх пераплеценымі ў празрысты букет крыламі, і быў удзячны пляжніцы за тое, што адчуўшы маю прысутнасьць, яна не азірнулася, не паглядзела на мяне...

І добра зрабіла, бо я мог бы расчаравацца.

Ёсьць жанчыны, шчасьце якіх у тым, каб мужчыны бачылі іх толькі са сьпіны...

Я дайшоў да мосьціка Зьмітрака Бядулі.  

Гэта самы прыгожы ў Менску мосьцік – з дзьвюма аркамі, чатырма ліхтарамі і трыма на кожным ліхтары лямпамі ў малочных камінках; ён знаходзіцца непадалёку гасьцініцы “Беларусь”, калі з магільнага пагорку, на якім высіцца гасьцініца, ісьці да Сьвіслачы...

Некалі з гэтага пагорку Зьмітрок Бядуля глядзеў на сялянаў, якія ехалі на Траецкі базар.

“Людзі заклапочаны, — думаў пісьменьнік, — трэба пасьпець упору прадаць тавар ды яшчэ за добрую цану: гэта значыць – дорага, а потым купіць тое-сёе для хаты таксама за добрую цану: гэта значыць танна...”

Так па-над Сьвіслаччу пісьменьнік вывеў асноўны закон сямейнай ашчаднасьці, і вось за гэтае адкрыцьцё я й назваў яго імем самы ажурны сьвіслацкі мосьцік, ступіўшы на які, далікатна разгарнуў кніжку – усходне-казачную прозу, па духу амаль такую ж, як і той нязвыклы малюнак на кімано пляжніцы:

“... мужчына дакранаўся да жанчыны толькі сваёй прысутнасьцю, бо ведаў: у першы вечар знаёмства да жанчыны можна дакранацца толькі прысутнасьцю.

Але былі іншыя вечары, і ён зразумеў, што пакахаў і пакахаў па-сапраўднаму, і таму не абмяжоўваў сваю пяшчоту, і ў радасных прамаўленьнях ужо ня ведаў ніякай меры: адорваў каханую кампліментамі неверагоднага замілаваньня, прыдумляў ёй артыстычныя імёны, ствараў незвычайныя назвы кожнай яе сукенцы, туфельцы, завушніцы, нават кожнай яе радзімцы і шчодра ап’яняў сябе тэатральнымі містыфікацыямі: вяртаў жанчыну з пекла на зямлю; як расу, зьбіраў яе пацалункі хрызантэмнай сьцяблінкай; прасіў пільнаваць на азёрнай вадзе месячнае сьвятло; адпраўляў у розныя эпохі і краіны, раўнаваў да вялікіх паэтаў мінулага, якія (у чым быў шчыра ўпэўнены!) моцна яе кахалі.  

І была ноч двуеньня...

— Калі ты дакранулася да мяне, — казаў жанчыне, — мне здалося, што я ператварыўся ў залаты ланцужок!

— Калі я адчула цябе, — адказвала яна, — галава мая стала, як празрысты лісьцік, а кроў зашумела, як возера ў ветраны дзень!  

— Я буду заўсёды адамам цалаваць еву! – шчасьліва ўсьміхнуўся ён.

— І я буду заўсёды евай цалаваць адама! – усьміхнулася яна...

Ішоў час, яны шчыра кахалі адно аднаго і верылі, што каханьне жыве ў чыстым, як салаўінае горла, доме, і што яны будуць заўжды разам, і спадзяваліся: іхняе шчасьце ня скончыцца.  

Яны цешылі сябе тым, што ўсё благое згінула ў асалодзе двуеньня, і яны навучаць сваіх будучых дзяцей палюбіць той агонь, у якім якраз і гіне ўсё благое...

Аднак прыйшла бяда – у яго адабрала ногі.

Яна ўсё рабіла дзеля таго, каб вылечыць яго, але нішто не памагала; дактары, лекі, грошы, знахары, час, яе адданы догляд – усё было дарма.  

Хоць крычы ад роспачы!

І тут здарыўся ў іхнім аддаленым мястэчку вясёлы вандроўнік, даведаўся пра бяду няшчаснай і параіў ёй разыграць сцэну здрады.  

— Навошта?! – вельмі зьдзівілася жанчына.

— Каб распаліць у хворым рэўнасьць...  

— Рэўнасьць?!.

— Калі нішто не дапамагае, тады толькі рэўнасьцю можна адужаць немач!  

Яна не зусім паверыла, але мусіла была згадзіцца...

Убачыўшы яе ў абдымках вандроўніка, хворы (спачатку на радасьць, а пасьля на вялікую бяду жанчыне) падняўся з ложку.  

Сапраўды, лютая рэўнасьць абудзіла ў аслабелых жылах заснулую моц, паспрыяла адолець немач, але ж яна і зьнішчыла каханьне.

Маючы толькі свой сьляпы гнеў і ня чуючы ніякіх тлумачэньняў, дзівосным чынам акрыялы на горкі яблык зьбіў вандроўніка, а яе, сваю руплівіцу, выгнаў з дому...”

Ён зрабіў не па-людску; нялюдскія ж учынкі ў казачнай прозе караюцца хутка і незвычайна, гэтым разам вось як: прыляцела сарока і дзеўбанула аздаравелага дурня проста ў твар...

Кажуць: дзе сарока, там і ведзьма, а яшчэ: сарока дзяўбе толькі вінаватага.  

Думаючы пра тое, што кажуць пра сароку ў нашых і чужых казках, я загарнуў кніжку пад напеў галодных струнаў.  

Умольна на мяне гледзячы, стары жабрак іграў на скрыпцы; ягоная людамантная мелодыя, падобная на жвірысты шорхат ластаўкі, мела для мяне зразумелы зьмест: “Адзінота – гэта пятля, накінутая на душу; адзінокая душа паступова чэзьне, вось тады й пачынаецца старасьць, якую трэба гэтак жа баяцца, як мы баімся галечы, цяжкой хваробы і турмы...”

Я падаў скрыпачу.  

Убачыўшы ў сваёй парожняй скарбонцы мой блакітны “Мірскі замак”, зьбянтэжаны стары спыніў ігру:

— Божа мой, вы так шчодра мне заплацілі! Вялікі дзякуй вам!  

— Мне спадабалася вашая скрыпка.

— Я прафесійны музыка, але так сталася... Бачыце, выйшаў на вуліцу... Вы ня думайце, я не па сваёй волі...  

— Я так і ня думаю...

— Ёсьць падонкі, якія публічна выхваляюцца тым, што не падаюць жабракам! Але ў старасьці яны абавязкова самі пойдуць старцаваць! Жыцьцё прыцісьне...  

— Я ведаю аднаго такога...

— Мяркую, што ён зайздросьнік і няздара! – заключыў стары.  

— Ён проста імпатэнт...

— У якім сэнсе?

— Ва ўсіх сэнсах!  

— О, дык такія злыя на ўвесь сьвет... Такія не жывуць, а штодня тонуць у экскрэментах сваёй злосьці...

— Сыграйце мне што-небудзь павольнае...

— Я выканаю адажыо, якое вам абавязкова спадабаецца! А ўвогуле вы любіце музыку?  

— Любіць музыку – усё адно, што любіць ваду ці паветра, — заўважыў я.

— Праўда ваша! – сумеўся стары. – Ня варта гэтак пытацца ў культурнага чалавека, выбачайце...  

— Нічога...

— Шкада, што зараз я не ўва фраку...  

— Гэта нешта зьмяніла б?!

— Іграць бяз фрака – усё роўна, што карціну выстаўляць бяз рамы!

— Цікавае параўнаньне! – усьміхнуўся я.

— Музыка на фоне фрака, калі так можна сказаць, гэта як брыльянт на чорнай аксамітнай падушачцы...  

— Лепей глядзіцца?!

— Вядома!  

— Адажыо ў вашым выкананьні цудоўна прагучыць і бяз фрака!

— Дзякуй вам...  

Тужлівая мелодыя Глебава, якую ён тут жа зайграў, мне сапраўды спадабалася – гэта быў мой любімы танец Маленькага прынца з Ружай.

Стары неверагодным чынам угадаў мой музычны твор – словам, зрабіў мне сапраўдны падарунак!  

Як гэта слаўна, калі дораць тое, што падабаецца; як гэта слаўна, што вечнае не старэе...

Музыка – і ёсьць тое вечнае, у якім свабода глядзіць у вочы каханьню; ня ведаю, ці гіне свабода ў каханьні, ці памірае каханьне ў свабодзе, аднак жа знаю: ураўнаважаная надзеяй і ўзбагачаная такой вось мелодыяй, свабода шчыра спрыяе новай творчасьці ўсё пра тое ж каханьне...  

Стары іграў так, нібыта плакаў, нібыта апавядаў пра нейкую сваю найвялікшую страту, і разам з тым, згубіўшы вельмі шмат у жыцьці, іграў прыхавана радасна, шчасьліва, быццам на ўсім белым сьвеце толькі ён адзін і зразумеў: трэба навучыцца губляць, калі хочаш навучыцца знаходзіць!

Зрэшты, ня “быццам”, а так яно й было – ён зразумеў...

Ён іграў да таго моманту, да той падсьлепаватай на адлегласьці меставой рысы, пакуль бачыў мяне.  

Мелодыя, заціхаючы, паволі аддалялася, дыванова цішэла і нарэшце змоўкла, калі я павярнуў за рог.

Апошні скрыпічны павеў быў падобны на спазматычны гук, які звычайна ўзьнікае тады, калі чайную лыжачку выціраюць шаўковай сурвэткай...

Я зноў апынуўся ў Музычным, і зноў паслухаў скупыя птушыныя сьвісты, і раптам узрушана падумаў: “Трэба паехаць у лес, трэба паслухаць лясных птушак!..”

Усьцешаны такім сваім намерам, паўз амбасаду Чэхіі і шведскае консульства выйшаў да ратушы і ўбачыў юнака з адчайным плакатам: “Людзі, калі ласка, цікаўцеся роднай Беларусьсю!”  

Рахманы дзеяслоў “цікаўцеся” найбольш сьведчыў пра адметнасьць безнадзейнага закліку.

Людзі ж кіраваліся вясковым розумам, таму праходзілі міма, не аддавалі сваёй увагі ні юнаку, ні ягонаму саматужнаму плакату.  

Пэўна ж, яны былі не з рызыкоўнага войска ваяўнічага Каліноўскага, а з ціхмянай грамады памяркоўнага Несьцеркі, і сваёй трывалай абыякавасьцю красамоўна сьведчылі: цікавасьць да Беларусі гэткая ж марудная, як і нараджэньне жэмчугу...

Я разгаварыўся з юнаком – найперш пра гэтых людзей і пра тое, што ў нас, дзякаваць Богу, ёсьць дзяржава, але, на жаль, усё яшчэ няма грамадства, што большасьць у нас – людзі разумныя, але без цікавых эмоцыяў; яны разьлічваюць кожны свой дзень, нібы нейкую тэхнічную канструкцыю, і з дваццаці гадоў ужо клапоцяцца пра пенсію.

Увогуле ж сваёй кароткай гаворкай мы агарнулі шмат што, дакрануліся да высокага і будзённага, паглыбіліся і ў сваё, мужчынскае, пагаманілі і пра грошы, а галоўнае – па-таварыску сышліся на тым, што сапраўды грошы робяць усё, улада іхняя бязьмежная, аднак жа яны павінны заставацца ў кашальку і не засьмечваць думкі, і што ў людзей, ад якіх залежыць будучыня Беларусі, абавязкова хопіць сіл усё зрабіць дзеля таго, каб грошы ведалі сваё месца: то-бок, з кішэні не пералазілі ў галаву...  

— Што такое Беларусь? – спытаў я на адыходак.

— Сустрэча новай зямлі з раскіданым гняздом! – пачуўся нечаканы, упэўнены адказ.  

— Гэта цікавая шахматная камбінацыя! – я ня мог не ўсьміхнуцца.

Юнак мне спадабаўся, і я расчулена падумаў, што ён ня з ліку платных беларусаў, якім, па прыкладзе Купалавых пяці сенатараў, зусім “... ня стыд, хоць і ў чорта ўзяць грошы...”  

Не, ён не з таго сьлізкага шэрагу “змагароў”, стваральнікаў палітычнай драбнаты, якія бяруць “касьцюшкі” на змаганьне за лепшую Беларусь, але толькі імітуюць змаганьне, а на ўзятае купляюць сабе кватэры, машыны, дарагія апранахі...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 29.01.2010