2
У лясной санаторыі, за нейкія два кіламетры ад ганчарнага мястэчка Р., у першы ж дзень мяне лагодна закалыхаў гаючы птушыны хор і апанавала сьвяточная бесклапотнасьць.
Я супакоіўся і быў шчасьлівы, бо здабыў патрэбнае.
Якое ўсё-ткі яно вялікае і непераадольнае – жаданьне бесклапотнасьці!
Невыпадкова ж Якуб Колас прамовіў, што вельмі прыемна “...думак клопату ня мець...”
Я шчыра зайздрошчу кожнаму, хто ня мае ў душы трывогі, ніякае турботы ці, як раней казалі, жаднага амбарасу.
Я зайздрошчу таксама і прыродзе, бо ўся яна – бязьмежная бесклапотнасьць.
Бесклапотны птушыны хор, бесклапотная вада, бесклапотнае сонца, бесклапотны куст ядлоўцу, які зьлёгку пахіліўся на схіле гэтаксама ж бесклапотнага пагорка...
Аднак жа не сказаць, што бесклапотная вось гэта песенька – яна пачулася раптам зусім непадалёк...
У вадзе глыбокай,
У сваіх затоках –
Недзе мая стронга
Плавае далёка.
А пад камень чорны
Прыплысьці ня хоча,
Мо яго злым вокам
Чараўнік сурочыў?..
Там, дзе дно жаўцее,
Пакажыся, стронга,
У сваіх затоках
Не хавайся доўга!
І як толькі-толькі
Я цябе пабачу,
З радасьці вялікай
Шчыра я заплачу;
З радасьці вялікай
Шчыра засьмяюся,
Бо заўсёды з плачам
Сьмех на Беларусі;
Тут, на Беларусі,
Толькі дурань сьмелы...
Прыплывеш, і камень
Чорны стане белым!
Песенька, поўная недзіцячай філасофскай журбы, мне вельмі спадабалася, а сьпяваў яе хлопчык.
Спусьціўшыся па стромкім адхоне ў лагчыну, па якой цёк хуткаплынны ручай, ля вялізнага чорнага каменю я і ўбачыў гэтага слаўнага сьпевака.
Мой нечаканы прыход прыкметна занепакоіў яго – у гнуткай постаці малога зьявілася халодная насьцярожанасьць, а з-пад празрыстай стрэшкі белых валасоў незадаволена ўспыхнулі блакітна-зялёныя вочы, якія імгненна апусьцілі маё сэрца ў салодкі боль...
— Хто цябе навучыў гэтай песеньцы?
— Ніхто...
— Тады адкуль яна ў цябе?
— Ніадкуль...
— Як гэта “ніадкуль”?
— Я сам яе прыдумаў...
Сам?!
Мной заўладала нейкае асаблівае, можна сказаць, крыштальнае зьдзіўленьне.
Новы Сымон-музыка стаяў перада мною – праўда, для паўнаты вобразу бракавала скрыпкі...
Натапыраны хлопчык усім сваім выглядам паказваў, што размаўляць яму зусім ня хочацца, але мяне гэта не бянтэжыла.
— А ў тваёй мамы вочы такія ж, як і ў цябе? – раптам спытаў я, але адказу не пачуў.
— Калі такія, — казаў далей, — то мама твая прыгажуня. Блакітныя вочы з ярка-зялёным адценьнем бываюць толькі ў прыгожых жанчын!
“Не, так ня трэба з ім гаварыць! – у думках я папракнуў сябе. – Атрымліваецца лісьліва, і малы, вядома ж, адчуе маю несамавітую спробу падлашчыцца да яго і можа далей слова не сказаць. Дзеці на фальш вельмі чуйныя... Да таго ж, ён – маленькі мужчына, гэта значыць, істота раўнівая. Хваліць пры ім яго маці, казаць, што яна прыгожая – усё адно, што заяўляць на яе свае мужчынскія правы... Справа небясьпечная...”
— Ты чакаеш стронгу? – памяняў я гаворку.
— Чакаю...
— А чаму стронгу?
— Яна прыносіць шчасьце...
Я ня ведаў, што стронга прыносіць шчасьце, але паверыў: прыносіць, бо рыба гэта не зусім звыклая для беларусаў, як і само шчасьце.
— Ты ловіш стронгу?
— Не, проста чакаю...
Было відаць, што насьцярожанасьць паволі пакідае яго, аднак жа вочы па-ранейшаму поўніліся непазбыўным трапяткім неспакоем.
Ён нахіліўся над ручаём, апусьціў далонькі ў празрыстую ваду і хуценька зашаптаў нейкую дзіцячую сваю малітву.
— Ты варожыш?
— Варажу...
—Як гэта?
— А вельмі проста... Калі прыплыве стронга, то мама прыедзе заўтра, а калі не прыплыве, тады мама прыедзе пазьней...
— А куды яна паехала? – як мага лагодней спытаў я, але адказу не пачуў.
Стронгі ў ручаі не было; нягледзячы на прыкметную плынь, ручай здаваўся нерухомым, і хлопчык са сваім неадольным сумам прыпадаў ледзьве не да самае вады.
— А калі прыплыве якая-небудзь іншая рыба? Што тады?!
— Не прыплыве. Тут жыве толькі стронга! – упэўнена прамовіў малы.
— Ты сюды прыходзіш кожны дзень?
— Кожны дзень...
— І стронга яшчэ ні разу не прыплывала?
— Ні разу...
— Дзе ты жывеш?
Ня зводзячы неспакойных вачэй з ручая, ён паказаў сваёй сьветлай галоўкай на лес, над якім выразна цямнеў астрывец касьцёльнага шпіля, і я здагадаўся, што жыве ён у мястэчку Р.
— А як цябе клікаць?
— Анёлак...
— Анёлак?! Гэта ў цябе імя такое?
Хлопчык не адказаў...
Разьвітаўшыся з ім, я пайшоў уверх па травяністым беразе ручая і неўзабаве апынуўся ў густым высокім алешніку.
У мяне быў чорны сьвежы хлеб, і з яго клейкай духмянай мякаці я вылепіў доўгае цельца рыбіны; затым зьляпіў яшчэ адну рыбіну і яшчэ...
Хмельная цяплынь накшталт паэтычнага ўздыму раптам напоўніла мае грудзі і сьціснула пяшчотным болем горла...
Ад майго дыханьня хлебная стронга ажывала і, прутка выгінаючы хвасты, лёгка саскоквала з далоні ў сьцюдзёны ручай.
Асвойтаўшыся ў плыткай вадзе, адна за адной (а хлеба ў мяне хапіла на сем рыбінаў) яна паплыла на глыбіню ўніз па ручаі – якраз туды, да чорнага каменю, за якім застаўся сумны хлопчык.
Ствараючы сваю стронгу, я дужа хваляваўся, нібыта выпадкова зайшоў у чужы сад; я адчуваў сябе злодзеем, нібыта нешта краў...
Але ратавала мяне тое, што пакідаў сабе не само ўкрадзенае, а шэпт украдзенага, ягоны пах і контур.
Жывая стронга недзе драпежна выгульвалася па камяніста-пясчаным дне ручая і, вядома ж, была не падобная на маю, якую прыдумаў, дзякуючы ўсё той жа ўсходне-казачнай прозе, што нагадвала букет, складзены з драконавых крылаў.
У той прозе, каб суцешыць дзіця, якое таксама чакала маці, паэт зьляпіў з хлеба цацачную лодачку і прамовіў над ракой: “Вялікі грэх сказаць дзіцяці, што ў расстаньні з маці жыцьцё пражываецца паўней, і вялікая асалода адкрыць закаханаму юнаку: жыцьцё паўней пражываецца ў разлуцы з каханай...”
А яшчэ ў той прозе паэт вучыў: “Каханьне можна выпрабоўваць, творчасьць – не; з каханьнем можна разьвітвацца, з творчасьцю нельга (калі разьвітаешся, хоць на хвіліну, творчасьць тады пакіне цябе назаўсёды); каханьне вяртаецца само, бо відушчае, творчасьць вярнуцца ня здолее – яна сьляпая; каханьне бяз творчасьці існуе, творчасьць без каханьня – ніколі...”
А ў канчатковым скутку сваім тая празрыстая проза сьведчыла: “Творчасьць – гэта перш за ўсё рух да каханьня, але яна прыносіць большую, чым яно, радасьць, бо не ператвараецца ў звычку; да каханьня ж прывыкаеш, як да лёсу, і тады твае думкі робяцца маруднымі, і мінецца дастаткова шмат часу, пакуль зразумееш: пазбавіцца звыклага каханьня – усё адно, што разбагацець...”
Стоячы ў густым высокім алешніку, я чакаў і дачакаўся; у мяне заняло дыханьне, калі неўзабаве пачуўся радасны вокліч Анёлка:
— Я бачу стронгу! Мама прыедзе заўтра!..
Вярнуўшыся ў свой санаторны пакойчык, я шчасьліва падумаў пра тое, што сьвята зьяўляецца й тады, калі хлеб ператвараецца ў мару, і такое сьвята імгненна ўвасабляецца ў звонкі дзіцячы голас, і водгульле гэтага сьвята доўга цалуе напоенае хваёвым духам паветра.
Узрушэньне, якое зьведаў ля ручая, не дало заснуць да самай раніцы; да самай раніцы сабе, як чужому, чытаў-трызьніў нешта чужое і адначасова сваё: “... адамава мара: яна і я, а евіна мара: ён і я... шчасьце мужчыны – калі ён кахае жанчыну, якая яго разумее, а шчасьце жанчыны – калі яна кахае мужчыну, якога разумее...”
Дык вось, да самай раніцы ня мог заснуць, а калі нарэшце заснуў, то спаў ажно да абеду і мне жадалася і зноў жа трызьнілася ў няроўным сьне толькі адно – я вельмі хацеў зноў убачыць Анёлка...
І я прыйшоў да чорнага каменю, на гладкім гарбе якога чарнела птушынае пяро.
Невядомыя мне птушкі шчыльна атачылі крутую лукавіну ручая і схавалі свае доўгія дзюбы ў чыстай вадзе.
Калі напіліся, то паляцелі, не пакінуўшы на зялёным беразе ніводнага пяра.
Шум іх крылаў быў гэткі ж, як і шум хвояў – высокі, расьцяжны, шорсткі і без ніякіх сьлядоў у паветры; хіба што застаўся папяровы ўсхліп, нібыта над раялем разарвалі нотную старонку.
Я быў упэўнены, што ў нашым з Анёлкам чаканьні ўсё ж застанецца тая мера спакою, якая існавала ў палёце невядомых птушак...
Ля каменю (а ён яшчэ не зрабіўся белым) нікога не было і, каб чым сябе заняць, я разгарнуў... не, гэтым разам ня кніжку, а газету і даведаўся, што мне “... рэкамендаваны сьветлыя адценьні блакітнага і зялёнага...”
Ніколі ня верыў гараскопам (N наадварот – старанна вывучала іх, асабліва мой знак Шалі!), але як тут не паверыць, калі мне “... рэкамендаваны сьветлыя адценьні блакітнага і зялёнага...”
Вочы Анёлка і вочы N!
Неверагоднае супадзеньне!
Прыемны халадок атуліў мае скроні...
Схаваўшы газету, замаркочана падумаў: Анёлак сюды ўжо ня прыйдзе, бо дамогся свайго, дачакаўся стронгу...
Праўда, ці прыехала ягоная маці?
Наўрад...
І тут мне зрабілася горка, што ашукаў дзіця, даў яму пустую надзею...
Даруй мне, юны дружа, і зразумей – я ашукаў цябе толькі дзеля радасьці ў тваіх тужлівых вачах, дзеля твайго шчасьлівага крыку: “Я бачу стронгу! Мама прыедзе заўтра!..”
Калі мы зноў сустрэнемся, і ты ўбачыш тугу ў маім позірку, буду рады, калі гэтым разам ужо ты ашукаеш мяне, са свайго чорнага хлеба вылепіш вобраз майго ўяўнага шчасьця – то-бок, падорыш мне прыгожы падман, а з ім і радасьць.
Прагну твайго падману, дзіця!..
З пагорка я глядзеў на мястэчка Р., на сірочы касьцёльны шпіль, і ніяк ня мог успомніць імя мудраца, які сказаў, што пра існаваньне вёсак і маленькіх гарадкоў вялікі сьвет звычайна даведваецца адно тады, калі ў гэтых вёсках і гарадках нараджаюцца геніі ці здараюцца катастрофы...
25 красавіка 1986 году (за дзень да чарнобыльскага жаху), гасьцюючы ў Бельгіі, я апынуўся на франка-бельгійскай мяжы паміж гарадамі Турнэ і Картрэйк.
Я ня ведаў, што недзе паблізу месьціцца вёсачка Кайгем, як і ня ведаў таксама пра тое, што паміж Украінай і Беларусьсю існуе места Чарнобыль.
Пра Чарнобыль даведаўся праз тры дні, ужо вярнуўшыся дамоў, а пра Кайгем праз тры гады.
Усё йшло сваім злавесна-немінучым ходам, і ўсьлед за невядомым Чарнобылем “выславіўся” й невядомы Кайгем, толькі, дзякаваць Богу, не ў чарнобыльскім маштабе.
4 ліпеня 1989 году на дом кайгемскага фермера Дэларэ ўпаў савецкі ваенны самалёт, і падчас гэтай катастрофы загінуў сын фермера...
Самалёт – гэта тое, што ляціць само.
Які жахліва дакладны сэнс іншы раз утойваецца ў словах!
Самалёт МиГ-23м і сапраўды ж ляцеў сам, без пілота, які, напалоханы нейкай непаладкай, накіраваў свой зьнішчальнік на Балтыйскае мора, спадзеючыся, што ён там патоне, і катапультаваўся.
Пэўна ж, для пілота самалёт апынуўся ў незразумелым становішчы, а да зямлі заставалася менш за тры тысячы метраў – самы момант пакінуць машыну, калі хочаш застацца жывы...
Лётчык застаўся жывы, а ягоны МиГ бог ведае якім чынам “вывернуўся” (мусіць жа, спрацавала аўтаматыка), заместа надводнага “выбраў” надземны курс і праляцеў праз Польшчу і дзьве Нямеччыны, а таксама праз Галандыю і Бельгію; мала што яму бракавала дапяць да Францыі...
Я спусьціўся з пагорку і пайшоў у мястэчка Р., упэўнены, што яно праславіцца дзякуючы Анёлку, бо хлопчык, які прыняў хлебную стронгу за жывую – будучы геній...
У мясцовым кінатэатры на кантролі мяне ніхто не пераняў, і бяз жаднае перашкоды я нішкам увайшоў у амаль пустую глядзельную залу.
Чарада падлеткаў (Анёлка сярод іх не было), грызучы семкі, ва ўсе вочы глядзела на экран, на прыгажуна-матадора, які старанна рыхтаваўся да выхаду на арэну...
Матадор удала правёў бой, густая кроў забітага быка выразна зачарнелася на белым пяску арэны.
Я не люблю карыду, ненавіджу, калі няўмольнае гострае жалеза ўгрызаецца ў жывую шкуру, даводзіць бедную жывёліну да шаленства і ўрэшце забівае яе.
Паскуднае відовішча!
Але што мая нелюбоў, што мая нянавісьць у параўнаньні з тым навальнічным сьвятам, якое жыло на экране: юнакі палка віталі з трыбун свайго куміра, дзяўчаты дарылі яму закаханыя ўсьмешкі і паветраныя пацалункі; нават падлеткі ў зале і то забыліся на семкі, таксама былі душою з тымі, хто, пляскаючы ў ладкі, славіў матадора...
— Хлопцы, такі ж самы бык ёсьцека ў Хведара Сьляпога! Вось бы яго сахаром пырнуць! – гукнуў нехта з сярэдзіны чарады.
— Каго пырнуць? Хведара?! – пачуўся гугнявы ўсьмех.
— Ды ня Хведара, дурань, а быка ягонага!
— Разьбіраешся ты, у Хведара ня бык, а вол! – данеслалася з краю.
— Хай сабе й вол! Можна й валу кішкі выпусьціць!
— Ага, як з кабана палезьлі б!
Аж да столі ўзьняўся-бухнуў дурасьлівы рогат.
Але тут з кутка выразна прагучаў уладны жаночы голас (пэўна ж, голас кантралёркі):
— Зараз палезуць кішкі з усіх вас, гадзюкі малыя! Зараз выпушчу з кожнага такое, што дзясятаму закажаце!
— Баба Хрысьця, не сварыся! – зноў пырснуў гугнявы ўсьмех.
— Ша, мне! Усю падлогу заплявалі, галацуцкі кручаныя!
— Ня ўсю, баба, а толькі сьпераду...
— Я сказала ша, чамярня, а то кіно выключу і ўсіх чыста павыкідаю адсюляка! Рук бракуе прыбіраць за вамі!
Падлеткі мусілі былі ўцішыцца, і “нявыключанае кіно” спакойна сабе круцілася далей, страшачы новым сюжэтам...
У тым сюжэце слугі памешчыка, па натуры сваёй забойцы і гвалтаўнікі (у аднаго на боце пагрозьліва падрыгвала вялізная асьцюкаватая шпора) злавілі ўцекачоў-пеонаў (нечым жа яны не дагадзілі свайму гаспадару-зьверу!) і па шыю закапалі іх у дол.
Той, што з асьцюкаватай шпорай, старанна ўтаптаў каля шыі кожнага ўцекача мяккі пясок, каб ніхто нават не варухнуўся.
А пасьля на конях слугі наляцелі на гэтых няшчасных, на іхнія адкрытыя, безабаронныя галовы...
Жахлівая сцэна...
Аднак жа неўзабаве буйным планам на экране ўзьнікла нага слугі – нават не сама нага, абутая ў бот, а голая галёначная костка з усё тою ж вялізнай асьцюкаватай шпорай...
Трэба думаць, што гэтак злачынства было па-мастацку пакарана, рэжысёр ператварыў ката ў шкілет...
Я дачакаўся бабу Хрысьцю на вуліцы.
Падмёўшы залу і выкінуўшы сьмецьце, яна – яшчэ ня вельмі старая, даволі жвавая і ёмкая – ахвотна ўскінула сваю лёгкую галаву на маё знарок ветлівае здароўканьне.
— Цяжка з імі? – я паказаў на падлеткаў, што густа абселі ганак ужо замкнутага кінатэатру.
— А няго ж, мала іх б’юць! – адказаўшы так, баба Хрысьця быстрымі вачыма прымерылася да мяне, не ўтаіла моцнага жаданьня тут жа даведацца: а хто ж гэта да яе так ласкава загаворвае?
— А ёсьць такія, што й біць ня трэба! – усьміхнуўся я. – Тут у вас хлопчык адзін жыве... Анёлак... Так яго, здаецца, завуць... Ня ведаю, імя гэта ці проста слова добрае, аднак жа хлопчык гэты, скажу вам, дзіця чыстае...
— А вы адкуль яго ведаеце? – раптам наструнілася, нават пабялела, старая.
У салодкім прадчуваньні, што так хутка натрапіў на Анёлкаў сьлед, я, як мага спакайней, прамовіў:
— Каля ручая з ім пазнаёміўся. Вунь там, за лесам.
— А-а, дык гэта вы ў ручай хлеба накідалі?
— Я...
— А ён прынёс вашы размоклыя мякішы і кажа: заўтра мама прыедзе. А яна сёньня ранкам вазьмі і заявіся ў хату...
— Яго маці вярнулася!!!
— Бачу, вас у душы ажно падкінула ад гэтага!.. Ну, так, вярнулася нявестка мая спраўная! Ненадоўга, праўда... Хвастом трохі пакруціла, пабыла ў хаце гадзіну якую, забрала Анёлка і зноў паперлася ў свой Кракаў! Нават Міколачку, каб пабачыць, не дачакалася!
— А хто такі гэты Міколачка?
— Мой сын, а яе чалавек...
— Дык выходзіць, што Анёлак ваш унук!
— Унук, каб ён спрах такі ўнук! Ад такога ўнука плечы мокрымі робяцца і галаве млосна! Усе гізунты з мяне павыцягваў! Усё яму ня так, усё ня гэтак... Жабе малой толькі чатырнаццаць, а з норавам! Ды яшчэ якім! Замашкі як у таго секвестратара колішняга!..
— Ня слухаўся вас ці што?
— Яшчэ як ня слухаўся!.. То ў хаце не хацеў спаць, а шыўся ў стог, каб ноччу зоркі бачыць! То ў нейкай кніжцы вычытаў, што няможна худобу біць! То ў ката хацеў перакінуцца, так і казаў мне: хачу быць катом! Аж брыдка слухаць было... То рабіну, якая ў гародчыку вялікі цень рабіла, не даваў абгаліць... А то цалюткія дні над вадой прастойваў, бо тая дурніца нешта напляла яму пра казачную рыбу...
— Ды ён у вас паэт!
— От і вучыцелька казала, што ён вершы сатварае, але што мне з гэтага?!. Я за сваю жытку ўсе рукі адрабіла, у мяне ўжо галава слабая і ногі ледзьве цягаюцца... Мне спакою хочацца!
— А што ваша нявестка робіць у Кракаве?
— Там яна ў наймічках у нейкага пана. Я добра знаю, што гэта такое, бо пры Польшчы таксама наймічкай была. А цяпер, бач, зноў тое ж... Зноў паны наверх вылезьлі, а мы як былі на нізе, так і засталіся там... Дурніца, магла б тут на ферме рабіць, даярак жа брак, або санаторыю прыбірала б! Я ж во, старая ўжо, а кіно мяту, білеты рву, а часам і апарат выключаю, калі механік Сьцяпанавіч засьне... Дык не, па даляры паляцела... Я так думаю, што сына майго Міколачку яна ўжо кінула, наплявала на яго і жыве з тым панам, як з чалавекам сваім...
Баба Хрысьця гаманіла голасна, на ўсю вуліцу, не саромелася ні свайго моцнага бляшанага голасу, ні слухачоў – гэта значыць, мяне і ўсё тых жа нахабных падлеткаў, якія гідка пасьмейваліся, шчэрылі жоўтыя зубы і дагрызалі на мураваным ганку гарбузяныя семкі.
Рукі ў бабы трэсьліся, на ўгневаным агародным абліччы блішчэў гарачы пот, і то зьнікалі, а то зноў успыхвалі чырвоныя плямы.
І ўсё ж ад яе мажнай постаці, ад звыклай праставатасьці ў словах і такога па-беларуску зразумелага жаночага жаданьня пажаліцца на свой гаротны лёс, ішло на мяне лагоднае хатняе цяпло, і нешта сямейна-даверлівае жыло ў яе глыбока запалых вачах, а таксама ж угадвалася ў іх шкадаваньне, вялікая спагада і да людзей, і да ўсяго сьвету, і да самой сябе; яно, гэта шкадаваньне, заўсёды ў такіх, як баба Хрысьця, душах выяўляецца праз боль, бо не паказное, а праўдзівае, як і сам боль.
Старая нібыта казала: я ўмею спачуваць, і я заўсёды ўсім спачувала, але ж і вы мне паспачувайце, калі ласка...
Пэўна што не дагаварыўшы, але стаміўшыся гаварыць, яна пайшла па ходніку, што вёў за кінатэатр і далей за касьцёл, а я, прагнучы больш даведацца пра Анёлка, машынальна рушыў за ёю.
Ішлі мы гэтак нядоўга, да першага слупа.
Раптам яна ступіла бліжэй да плоту, ля якога расла высокая крапіва, сагнула галаву і суха пляснула ў далоні:
— А-а, Міколачка мой, сынок любы! Трактарысьцік мой удалы! Што ж ты тут робіш?! Награкаўся за дзень, бедны! Напрацаваўся, родны! Адпачываеш, змораны! Пасьцельку сабе знайшоў, п’янічка дарагі! А дзе ж твой трактар?!
У пыльнай крапіве, як нежывы, ляжаў цурбаваты малады мужчына, раскінуўшы ў бакі чорныя ў мазутных рагах карчаватыя рукі.
— Ма-а-м-ма! – зусім па-дзіцячы працяжна мамкнуў ён, намагнуўся яшчэ нешта сказаць, але ня здолеў.
Войкаючы і кленучы сваю накіпелую долю, баба Хрысьця пачала яго падымаць.
Я дапамог ёй.
Яна зусім не зьдзівілася, зноў убачыўшы мяне, спакойна прыняла маю помач (нібыта й спадзявалася на яе) і, апякаючы крапівой рукі, мы паставілі няшчаснага Міколачку на хісткія ногі.
Ён мала што цяміў і быў высокі, вялы і мяккі, як мех, набіты травою.
Баба Хрысьця, зьнізіўшы голас, горка заключыла:
— Вось так і прамучылася я ўсю сваю жытку, вось такая доля мая няўдалая... І старога свайго з любое каляіны выцягвала, з любое яругі даставала...
— А што стары ваш таксама піў? – усунуў я ня надта самавітае пытаньне.
— Яшчэ як піў! Направал піў! З гарэлкі й адубеў... І Міколачка адубее! Я ўжо бачу, што і яго ў даліну занясу... А пакуль ратую дурня...
— І Міколачка меры ня ведае?
— П’е, асмолак, хітрэй за бацьку! І каб жа за чужое піў, ці за ўкрадзенае, то паўбяды было б, а то ўсё за сваё жлукціць, мазалямі заробленае прасікае... І яшчэ, калі цьвярозы, ганарыцца, што не пазычае і ня крадзе...
— А нявестка на гэта на ўсё што кажа?
— Што кажа? Хай п’е – так і кажа... Уперад я спадзявалася на яе, думала: атуліць Міколачку, дагледзіць як мае быць, давядзе да памяці, але дарма спадзявалася...
— А ўнук ваш?
— Той трохі ўгаворваў, прасіў ня піць, але Міколачку не ўгаворыш, бо ў яго мой характар... Як ухаплюся за што, як напрамічуся куды, то мяне ўжо і ня спыніш, і ня зьвернеш...
— Ма-а-м-ма! – як з таго сьвету, у ачмурэлым бяспамяцтве зноў падаў голас Міколачка, мерцьвяком віснучы на нашых руках.
— Змоўкні! – крыкнула баба Хрысьця, і ён тут жа змоўк, але пэўна ж не таму, што пачуў распалены гневам матчын голас, а таму, што ў гэтую хвіліну, акрамя слова “мама”, ня мог вымавіць ніякага іншага...
Яшчэ здалёк я пазнаў хату бабы Хрысьці – па абголенай рабіне ў гародчыку.
У двары вялікага парадку не было, валяліся раскіданыя дровы і некалькі кавалкаў паржавелай бляхі, а ля парожняй балеі таўкліся, ліжучы яе, дзьве сонныя авечкі.
Зьяўленьне гаспадыні іх узварушыла надзеяй на паеньне, і яны жаласьліва забляялі, патрабуючы свайго.
— Няпоеныя! – уздыхнула старая. – Як дзе забаўлюся, то няма каму й дагледзець...
З натугаю праз цесную веранду мы ўвалаклі зусім ужо раскіслага і абсунутага, як гічына, трактарыста ў хату і прыматкабожылі яго на расхістаным ложку.
Баба Хрысьця клапатліва падклала яму пад гузаватую, нямытую галаву квяцісты ясік.
— Сьпі, каб ты не прачнуўся! – сказала гэтак, але ўжо без ніякай злосьці ў голасе, і пайшла паіць худобу.
Я ж наўмысна прыстоіў у верандзе, бо заўважыў на этажэрцы вялікую каляровую паштоўку з выявай Марыяцкага касьцёлу; мяне як варам абліло – так захацелася прачытаць яе (адчуваў: паштоўка ад Анёлкавай маці.)!
Так яно й было.
Пакуль старая, бразгаючы вядром, насіла з калодзежа ў балею ваду, я, стаптаўшы ў сабе немалы сорам, дапаў такі да рызыкоўнага чытаньня:
“Любы мой Анёлак! Прывітаньне з Кракава. Гэта вельмі прыгожы горад! Ці ня самы лепшы ў сьвеце... А гэты касьцёл прыгажэйшы за наш касьцёл!.. Я працую, як і працавала, у пана Баляслава. Ён паважны, разумны і добры. Я расказваю яму пра цябе, і ты пану Баляславу ўжо спадабаўся. Ён хоча з табой пазнаёміцца. Я абавязкова цябе забяру ў Кракаў. Пан Баляслаў сказаў, што будзе вучыць цябе польскай мове, пакажа табе шмат цікавага і купіць камп’ютар. Толькі ты мусіш быць паслухмяным і акуратным. Так што рыхтуйся... Ці ходзіш да ручая? Ці прыдумаў, як абяцаў мне, песеньку?.. Слухайся бабу Хрысьцю і не сварыся з бацькам! Няхай сабе п’е. Тут ужо нічога ня зробіш. Галоўнае, каб на трактары не разьбіўся і не наехаў на чалавека якога... Чакай мяне. Хутка і ў цябе пачнецца новае жыцьцё. Цалую. Твая мама...”
Знаходзячыся пад уражаньнем паштоўкі (незвычайная тужлівая радасьць жыла ў ёй!), я выйшаў з веранды.
— Дык Анёлак паехаў у Кракаў? – спытаў, калі баба Хрысьця ўправілася з авечкамі.
— Я ж казала ўжо...
— У вас вельмі спраўны ўнук!
— Усе яны спраўныя, толькі розуму не прыложыш, адкуль што бярэцца ў гэтых спраўных! Во – паехаў... Пакінуў і мяне, і бацьку свайго няўдалага...
Баба Хрысьця выцерла аб запінку рукі, імгненьне якое памаўчала і раптам перайшла, як той казаў, з мякіны на гарох:
— Бачу, чалавек вы з культураю, мужчына самастаяцельны такі. Памаглі Міколачку давесьці, унука майго ўсё хваліце, са мной хораша абрашчаецеся... Але робіце ўсё неяк па-зладзейску! Во, узялі і картачку без разрашэньня прачыталі!.. Думаеце, я старая ўжо і таму нічога ня бачу і нічога ня цямлю! Ня бойцеся, усё яшчэ бачу і ўсё яшчэ цямлю... Я ў двор выйшла, а вы ў вераньдзе засталіся... Мо хацелі грошы мае пашукаць, якія я сабе на сьмерць пакінула? Га?!. Во, і ў клуб, як злодзей, ціхенька ўвайшлі... Я было падумала, што вы правершчык нейкі... Ну, падумала, што вы з раёну... Але ж не, хутка ў галаву другое ўзяла – не правершчык вы, а так, шукаць нешта прыехалі... Вы адзін, бо з віду пакінуты. Пакінутых мужчынаў я здалёку пазнаю. Жывяце, мусіць, у нашым санаторыю. Аддыхаюшчы вы, якому няма што рабіць, а толькі тое, што кідаць у ваду хлеб і дзяцей баламуціць. І вось што яшчэ я вам скажу: вы за кіно не заплацілі! Паглядзець паглядзелі, а грошай пашкадавалі...
Баба Хрысьця не гаварыла – шпарыла, слова ў адказ ня ўставіш; слухаць яе мне ўжо не хацелася і, каб спыніць старую, я палез у кішэню па грошы.