Каб не мова, даўно б мы растаялі,
Расплыліся б імглой між чужых,
Зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю...
Але з мовай – і мы будзем жыць!..
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(67)
 літаратура(93)
 цытаты(5)
 прагляд
Водгукі(0)
Васіль Быкаў
Вялікі пісьменьнік Беларусі.
 
Годы жыцця: 1924-2003
Месца нараджэння: вёска Бычкі (Ушацкі раён Віцебскай вобласьці)
Біаграфія: 

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці ў сям'і Ўладзімера Быкава. Навучаўся на скульптурным аддзяленьні Віцебскай Мастацкай Вучэльні. Скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню.  

У 1942 годзе будучы пісьменьнік уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на Другім і Трэцім Украінскіх франтох, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Баўгарыі, Вугоршчыны, Югаславіі, Аўстрыі. Двойчы быў паранены.  

Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе, аднак творчая біяграфія пісьменьніка пачынаецца з апавяданьняў, напісаных у 1951 годзе. Тэматыка раньніх апавяданьняў, дзеючымі асобамі якіх сталі жаўнеры і афіцэры, вызначыла далёйшы лёс Быкава, многія з твораў якога прысьвечаныя падзеям Другой Сусьветнае Вайны. Бескампраміснасьць прозы Быкава стала прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменьніка ў ачарненьні савецкага ладу.

Вядомасьць Васілю Быкаву прынесла аповесьць "Трэцяя ракета", напісаная ў 1962 годзе. У 1960-е ён публікуе аповесьці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", у 1970-я - "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да сьвітаньня", "Пайсьці і не вярнуцца". Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагодзьдзя.  

Некаторыя творы пісьменьніка, такія як аповесьці "Трэцяя ракета" (1962), "Дажыць да сьвітаньня", былі экранізаваныя.

Сярэдзіна 90-х нібыта вярнула пісьменьніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэньне на гэтай глебе здароўя вымусілі Быкава пакінуць Бацькаўшчыну. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой.

У сьнежні 2002 году Васіль Быкаў пераехаў на сталае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменьнік сказаў, што ён "даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сымпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў". У рашэньні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэскага прэзыдэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў нацыянальны пісьменьнік Беларусі пражываў у Нямеччыне, а да гэтага ў Фінляндыі.

Некаторы час таму Быкаў перанёс у Чэхіі апэрацыю па выдаленьні ракавай пухліны страўніка. У Беларусі пісьменьнік знаходзіўся на рэабілітацыі пасьля перанесенай апэрацыі, аднак разьвіцьцё харобы спыніць не ўдалося...  

19 чэрвеня 2003 Васілю Быкаву споўнілася 79 гадоў. У гэты дзень у райцэнтры Старыя Дарогі, на тэрыторыі прыватнага музэю выяўленчага мастацтва прайшло адкрыцьцё памятнага знака ў яго гонар. Пры жыцьці помнік ставяць толькі лепшым зь лепшых... Гранітны камень з бронзавым барэльефам Васіля Быкава стаіць зараз у музэі побач зь іншымі памятнымі знакамі ў гонар знакамітых беларусаў. Тут ужо ўвекавечаныя імёны, напрыклад, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, паэта Максіма Багдановіча, паэтэсы Ларысы Геніюш.

Вялікі пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзiн 30 хвiлiн у рэанімацыйным аддзяленьні анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Менскам.


http://bykau.org/menu-by.html

Дадаў PL 12.05.2009