Цар грозны, маскоўскі – вясёлы, Шчасьлівы з пабедаў вялікіх – У госьці і зь местаў, і зь сёлаў Нявольнікаў верных паклікаў. Пад водгульле трубаў, літаўраў, Пад рогаты ўпасьвенай дворні Падносіць падданым ён дары, – Нявольнікі прымуць пакорне: Дару я табе, украінцу, Украйны капальні і стэпы, – За гэта вуголь і пшаніцу Ты звозіш мне ў сьвірны і склепы. У Польшчы ты, польскі народзе, Жыві сабе й думай аб славе, – Мне толькі хай ткуць ткачы ў Лодзі; Чуў – пекныя полькі ў Варшаве. Хай Латвію возьмуць латвійцы I рыбную ў Балтыцы лоўлю, – Адно я да іхняй зямліцы Баронаў дадам на гадоўлю. Ты цешся, грузіне, краінай, Тамарай грузінкаю слаўнай, – Мне выдзеліш толькі часьціну, Дзе пыхкаюць нафтай фантаны. Свой Крым, а зь ім ханаў і мулаў Бяры сабе, крымскі татарын, – Мне ж мора пакінеш агулам I ўсе санаторыі дарам. Ты, мой туркестанскі сабрату, Ідзі ў Туркестан разжывацца, – Ўзамен я каракуль і вату 3 тваіх пазьбіраю плантацый. Табе, сібірак, без граніцаў Сібір аддаю, мо што высьпіш, – Але мне да ўласнай скарбніцы Сібірскае золата ссыпеш. А ты, беларусе нямрушчы, Вазьмі Беларусь на ўспамінак, – Твае ж прыдадуцца мне пушчы Мой царскі вялічыць будынак. I права даю для ўсіх разам Пладзіцца, як маку зярняты, – За што мне за першым наказам Дасьцё ўсе сыноў у салдаты. Так грозны маскоўскі цар шчыра Дзяліў між нявольнікаў дары, Пад гікі прыдворных упыраў, Пад водгульле трубаў, літаўраў.
1926
|
|