Падобны голас мой на ўсхліп пакрыўджанай дзяўчынкі, над сьнежаньскім спакоем ліп сваволяць аблачынкі. Сьмяюцца дзеці на двары, а сэрца маё плача, яшчэ ж учора гаварыў, што я твая удача. А сёньня тоненькім ільдом ты не прыйшоў па сьледу, хоць і казаў: у гэты дом і мёртвы я прыеду. Я не сумую, бо крадком падслухала аднойчы: паэты лечацца радком і паміраюць двойчы. Хоць і дрыжыць мая рука, і сэрца спапялёна, але мэлёдыя радка разлукай не замглёна. Няхай сто тысяч раз памру, і зноўку уваскрэсну, і ведаю: усё таму, каб слухаў маю песьню. Каб толькі ёй адною жыў, не называў праклёнам, і ўсё жыцьцё сваё тужыў па мне, як ліст па клёну.
|
|