Канібал наведвае страўню, крывасмока наведвае донар. Я таксама на першага траўня ўспамінаю пра ўласны гонар. Патаемнае ем карэньне, што сем год сушу ў сутарэньні, а пасьля замаўляю таксоўку, каб наведаць адну тусоўку; і яна прылятае хутчэй за таксоўкі звычайных начэй. Я сядаю і гэткім чынам падымаюся над айчынным краявідам, што мне зь дзяцінства так знаёмы, – і да адзінства ўсіх працоўных упэўнена крочу праз паветра гэтае ночы, што Вальпургіевай заве той, у кім яшчэ гонар жыве. У маіх словах няма падману: ты спытай спадара Экермана, бо ў справунку гэтым знарок ён прылятае сёньня на Брокен, каб пазьней да грэцкіх каляд пашыраць сябром далягляд, фармаваць з нашчадкаў карэ, а пасьля – тэставаць на РЭ. (РЭ – рэакцыя Экермана: назіраецца ў бібліямана, калі побач зьяўляюцца боты, што калісьці належалі Гётэ.) Пад цяжарнай поўняй на РЭ ты можаш спраўдзіць сваё памяло: ці ты Грэтхэн, сястра Мальгрэты, ці ў Мальгрэты сясьцёр не было? Гэтай ночы мы, людзі працы, гэтаксама зьямо ананас! Гэтай ночы таемны радца атрымае параду ў нас! Гэтай ночы сьвятое Вальпургіі мы belles-lettres пазбавім цноты: драматургава – драматургу, а ўсё астатняе – супраць Гётэ!
|
|