Нібыта ішла па вугольлі цёмнаю ноччу жанчына. Не лашчыла плечы гольле, ног не калола шыпшына. Прысела, каб рукі прыкласьці да твару, што гнуткія лозы. Мо прыгадала шчасьце? Можа, схавала сьлёзы? А сьлед яе ў золкім абшары высьвечваў агністай дугою, – мо сэрца гарэла пажарам? Мо вусны пякло тугою? Схілілася долу ўтрапёна, як першай зары чараціна – задыхала часта, натхнёна жару жывога карціна. Пытаньняў маіх прычына ня мае цяпер значэньня... Макам ірдзела жанчына, а гэта вышэй тлумачэньня.
|
|