Знайсьці б які пакойчык кутні, і там, забіўшыся ў куток, аддацца радасьці пакутнай – пісаць: радок! Яшчэ радок! Забрацца б на пустынны востраў, за трыдзевяць зямель і вёрстаў, узяўшы толькі стопку кніг. I – начытацца ўволю іх! Разуцца б і пайсьці сьцяжынай – то травяністай, лугавой, то гладка ўбітай, палявой – нагамі ўбітай, не машынай. Вярнуцца б зноў у маладосьць, цябе сустрэць, яшчэ чужую, і жыць пачаць бяз гэтых вось... ты ведаеш, пра што кажу я. Вось твой лясок. Вось твой пясок. Вось твае сосны. Твая яма. Пачуць бы яшчэ раз: «Сынок». Паклікаць бы яшчэ раз: «Мама».
|
|