Ня першы раз і не апошні, мусіць, баліць душа, і рады не дасі. Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі, і ты, журботная вазёраў сінь. Туманы вільгаці балотнай, дзе вы? І рунь мурожная аселіц дзе? Сатлеў пад стрэхамі ўчарашні невад, і човен гойдаецца на вадзе... А з хаты прышлыя укралі восьці. Да сьлёз расчулены з такой бяды, мой кот, прывучаны да рыбы, посьціць і часта нюхае мае сьляды. Зьбівае першыя да сонца росы, йдучы да рыбнага калісь карча... Яму, дачуўся я, сягоньня млосна, і ён чамусьці перастаў мурчаць. Ля вербаў моліцца мая уцеха і плача, стомленая, ля ракі. Няўжо бязвусае юнацтва сьмеху ня ўсьпеніць вёсламі і хваль пругкіх? Хіба ўпадзе яно у хвалі віру, і захлынецца непаўторны цьвет?.. Сьціскае грудзі мне бязбожны вырак, і мой хістаецца, бы цень, шкілет. Ня першы раз і не апошні, мусіць, баліць душа, і рады не дасі. Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі, і ты, журботная вазёраў сінь.
1933
|
|