Калі я жыў?
|
Падказка для нашчадкаў
|
Калі я жыў? Адказ на гэта Зусім ня цяжка будзе даць, Бо ёсьць дакладная прыкмета, З усіх найверная, відаць. О, невясёыя гады Майго жыцьця! Я жыў тады, Калі вучылі ў мове рускай У нас і горад і сяло, I на ангельскай, на французкай, I на іспанскай – аж гуло, На выкапнёвай стара-прускай, На мове інкаў і этрускаў Таксама хораша ішло, I толькі роднай беларускай У школах мейсца не было. Ну, а калі ня вучыць школа I гоніць мову за парог – То як жа ёй гучаць наўкола, Ды так, каб сьвет прывеціць мог? Калі пануюць запраданцы, Што прадаюць свой родны край За чужаземныя акрайцы, – Ад іх спагады не чакай. Даруе ўсё іх суд суровы – Забойства, кражу, гвалт і зьдзек, Адно любоў да роднай мовы Вам не даруецца павек. Такі – мой час! Такім і ўзойдзе Ён у гісторыю зямлі, Дзе нашай мовай у стагодзьдзях Калісь пісалі каралі.
1975
|
|