Паставілі дзеці сіло. Вераб’я Хацелі злавіць на пацеху, Злавілі сініцу, крычаць: – Вой-я-я! А радасьці колькі, а сьмеху! Імчацца да маткі: – Сінічка, глядзі! – А дзе ж вы узялі? – Злавілі, Дастань ты ёй клетку, хутчэй пасадзі. – Нядобра вы, дзеткі, зрабілі! – Мы будзем яе і паіць і карміць, Сьпявала б нам птушка прыгожа. – Ах, дзеткі! ў няволі яна замаўчыць, Сьпяваць у няволі ня можа... Успомніце толькі, як нудна сядзець, Як з хаты мароз не пушчае. То ж дзень, вам здаецца, як тыдзень ідзець, Хоць я і усяк разважаю. А птушку вы хочаце з хаткі яе Узяць, пасадзіць у чужую... Ня мучце, пусьціце, рыбулькі мае, На волю яе залатую. I матчыны словы у сэрцах дзяцей Ласкавыя струны кранулі, I добрыя дзеці – прыклад для людзей! – Сініцы свабоду вярнулі.
|
|