Як надарыцца мінута, Што ад працы адарвуся, I жыцьцёвая атрута Не пячэць, і прахаплюся, Дык цябе, мой Родны Краю, Шчырай думкай аблятаю. Ты няшчасны і убогі, Ты бяздольны і забіты, Ты бяз шляху, без дарогі, Ты абдзёрты і прапіты, Подлай здрадаю праданы. Ты ня свой, – даўно забраны. Меў вялікія кляйноды, Быў і моцны і багаты. Задзіўляліся народы – А дазнаўся горкай страты. Сохнеш, вянеш, – вокам кіну, Аж здаецца, што загінуў... А як сонейка устане I прыемна усьміхнецца, Па палетках, на кургане I па вёсцы разьліецца, Як паводка, Родны Краю, Над цябе тагды ня маю... Ты квяцісты, залацісты, I прыгожы, і аздобны, Ты лясісты, каласісты. Можа, рай табе падобны – Колькі ж моцы маеш скрытай, Колькі сілы неспажытай! Ты паўстанеш, працавіты, Гаратнічы, невымоўны, Шчасьця, долі прагавіты, Мой сланэчны, мой чароўны! Будзе час, пабачаць сьведкі, Хоць ня мы, дык нашы дзеткі.
|
|