Вобразы мілыя роднага краю, Смутак і радасьць мая! Што маё сэрца да вас парывае? Чым так прыкованы я К вам, мае ўзгорачкі роднага поля, Рэчкі, курганы, лясы, Поўныя смутку і жальбы нядолі, Поўныя сумнай красы? Толькі я лягу і вочы закрыю, Бачу я вас прад сабой. Ціха праходзіце вы, як жывыя, Зьзяючы мілай красой. Чуецца гоман мне сьпелае нівы, Ціхая жальба палёў, Лесу высокага шум-гул шчасьлівы, Песьня магутных дубоў... Вобразы мілыя, вобразы смутныя, Родныя вёскі і люд, Песьні цягучыя, песьні пакутныя!.. Бачу і чую вас тут.
1908
|
|