Жывы камяк рудой кудлатай воўны – Сабака – бег у шэрай цiшынi Праз краявiд, iмжы шурпатай поўны, Дзе ў яблыняў памерзьлi каранi, Дзе жыў за плотам хрусткi зжоўклы сад, Пад лёдам стыў асфальт дарогi ў горад, Што мкнула ў незваротны далягляд Праз вiльгаць у туман i ў холад. Сьцямнела. Ноч, нiбыта сiнi сум, Ляцiць, лунае, крылы разгарнуўшы... Сабака, зьнiкшы ў будцы, змоўк, заснуў, Прыцiснуўшы да цёплай шыi вушы. І я тут быў, калi той час Ператвараўся ў гэты сказ.
|
|