І безь мяне ўспаўзе на помнік смоўж, І безь мяне праб’е травінка глебу. І купяць славы на ламаны грош Усе, хто зажадае ўзьняцца ў неба. Што я зьмяню – пад колы мітусьні Шпурляючы ўсё словы, словы, словы... Матыль, як верш, зьлятае з далані, Пылок прыліп да пальцаў каляровы. І ўсё-ткі – нельга жыць, калі няма Наіўнай веры: безь цябе – ня будзе Смоўж успаўзаць наверх, расьці трава, І нашы кнігі прачытаюць людзі. І што з таго, што не было карон, І што з таго, што ўсе вянкі сплывалі, І смоўж паўзе на апусьцелы трон, І вершы з горкім дымам пазьляталі.
|
|