Родная, мілая, любая! Сьвет заімгліўся журбой. Непагадзь страшная, лютая Нас не мінула з табой. Зь яснае пэўнасьці выбіла. Згасла вясёлка-дуга. Вочы праменныя выпіла Чорная скруха-туга. Мілая, любая, родная! Як ты далёка была! Як, непрытульна-халодная, Вечнасьць марудна плыла! Днямі пустынна-вятрыстымі Стыла ў самоце душа, Покуль, як лодка да прыстані, Радасьць да сэрца ішла. Любая, родная, мілая! Зноў я адчуў, што жыву. Ясьніцца далеч імглівая. Сьвет разганяе журбу. Холад далоняў ня выстудзіў. Сівер ня выдзьмуў цяпла. Д’ябал у Бога ня высудзіў Тое, што ты мне дала.
22.V.1994.
|
|