Чамусьці сёньня цішыня такая, Што сесьці хочацца і патужыць. Самотна зорка над зямлёй згарае, І ў гурбах ліпа з холаду дрыжыць. І я усё – усё чамусьці забываю, Што зьнік той дзень, загублены ў цішы, Што час ляціць, што ты ужо ня тая І што даўно я зьнік з тваёй душы. Часопіс на стале з тваім партрэтам – Глядзіш з усьмешкай ветлай на мяне, І ўспамінаю я Дняпро, і лета, І цень каштана на старой сьцяне. Як дзіўна, я зусім ня памятаю Той дзень, калі цябе пабачыў я Упершыню. Мо восень залатая, Мо весьні дзень у дальніх тых краях. Але затое так яскрава бачу: Пакой, Чайкоўскі хмуры на сьцяне, Раяль пра нешта дарагое плача І прывіды каштанаў у акне. Ты памятаеш: восеньню туманнай, Калі уборы дрэў зьляцяць далоў, Ліст жоўты застаецца на каштанах Стажочкамі ля цёплых ліхтароў. Ліхтар – і жоўты шарык на каштане, А ўсіх братоў яго мятла зьмяла. Вось так і я цягнуўся да каханай І толькі й жыў, што ля яе сьвятла. Былі ў яе нябачаныя вочы, Падобныя на просінь у нябёс, І сарамлівасьць мілая, дзявочая, І сьветлая была, як сьветлы лёс. Ёсьць дробязі, што поўныя значэньня: Каханьне першае растопіць лёд І нават палавік у цёмных сенях Век памятны, як казкі першых год. Мо толькі для таго яно прыходзіць, Каб мы запамятавалі на вякі, Як пахнуць рыбаю начныя воды, Як у траве мігаюць сьветлякі; Каб век сумленна памятала сэрца Спакойны дым над цьмянай люстрай рэк, Каб кожны быў да старасьці, да сьмерці Сапраўдны і сумленны чалавек. Я памятаю ўсё: тугая раска Заткала стаў. Мінуў наш першы май. Якой здаваўся нам чароўнай казкай Ў пустых бляшанках прыгарадны гай! Хай зразумее кожны на хвіліну, Як незьлічоны сьветаў карагод, Як лёгка разьмінуцца з той, адзінай, Якой чакаеш, можа, сотні год! Дні прабягаюць, і гады сплываюць, Хвіліны шчасьця часам прамігцяць, А боль жыве, і сэрцам адчуваю, Што жыць заўсёды будзе, да канца. І ўсё ж на досьвітку, і ў час зьмярканьня, І ў ясны дзень і ў час, як сьпяць палі, Я дзякую жыцьцю за цень каханьня, За тое, што жывеш ты на зямлі. Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы. Шыпіць пласьцінка. Ў сэрцы многа дум. Кручу: «Над домам флюгер ёсьць у любай». І Шуберт падзяляе ціхі сум. О «Зімні шлях»! Забытыя будынкі, Забыты водар ад каханых губ. І хрыпне на марозе сьпеў катрынкі, І мерзьне ў гурбах прыдарожны слуп. Я дзякую табе. Няхай чужая, Няхай твой твар для іншага жыве, Ты ёсьць, ты недзе ёсьць, і ты жывая, Ты ходзіш весьнім ранкам па траве! Твае ў загары рукі бэз ламаюць. Жыві і вечнай славай прамяней! Рукой закрыўшы вочы, усьміхаюся... Ты ёсьць на сьвеце. Досыць для мяне.
1958
|
|