1 Я – адзін, жыву бяз дому, Сам сабе я першы пан, Галавы ня гну нікому, Не схіляю гібкі стан. Я – адзін, нічым ня скован, Вольны я, бы дух палёў, Ад разбойнікаў захован, Ад усякіх зладзяёў. Я – адзін, нічым не зьвязан, Мне няма над чым карпець, Сьвет нідзе мне не заказан, Вольны ўсюды я ляцець. Скарб мой – рукі, конь мой – ногі, Як пайду – сам чорт ня брат, Кій у рукі –і з дарогі Без нуды зірну назад. Даражэй за ўсё – свабода, Дык што плакацца дарма? Воля, воля! Толькі шкода, Што цябе нідзе няма.
2 Эх, нашто ўздыхаць па волі, Калі я ня маю долі, Калі марна годы трачу, Калі сэрца ў смутку плача? Знаць, няшчасным урадзіўся, Што сьвет белы зачыніўся, Зачыніўся, зьбегся клінам... Горка быць мужычым сынам! Багач зьзяе ў пазалоце, Мужык бедны мрэ ў бядоце, У мядалях «зубр» багаты, А ты носіш адны латы, Бо мужычы сын пахілы Роўнасьць мае... у магіле.
3 Я ня маю сваёй хаткі, Я ня помню роднай маткі. Рос я круглым сіратою, Як той дуб, што над вадою. Мяне матка не люляла, Казак, песень не сьпявала. Чуў я толькі песьні бору, Гадавала мяне гора. Хоць нядоля мяне гнала, Ўсё ж мне сілы не зламала: Ці ж я ростам не высокі? Ці ж у грудзях не шырокі? Валасы да плеч густыя, Мае рукі як стальныя. Спрытна рэжу дол сахою, Здатны ў лузе за касою!.. Толькі ж дол чужы капаю, Толькі долі я ня маю! Ой, пайду, пайду я ў поле, Загукаю: «Дзе ты, доля? Дзе ты, шчасьце? Адгукніся, Ка мне тварам павярніся!» Толькі ж ціха-ціха ў полі, Толькі вецер дзьме паволі: «Дарма жыцьце тваё гіне, Няма долі бедачыне!»
4 Што тужыць, гараваць? Маю сілу ў руках – Хлеб змагу даставаць, Хіба праца мне страх? Я – адзін, я – здароў, Мейсца ўсюды мне шмат, Захацеў – і пайшоў, Пыл узьняўшы з-пад пят. Гаспадарку сваю Ўсю з сабою вазьму. Песьню я запяю – Раскатурхаю цьму. Што мне гнуцца ў дугу? Каму шапку зьнімаць? Няўжо ж я не змагу Сам сябе падтрымаць? Волен сьвет мне кругом, Дзе прайду – будзе знак, Дзе прылёг – там і дом, Кожны бедны – сваяк.
1908–1914
|
|