– Но, малы! Но, малы, каб табе брыдка! – Ў полі араты крычыць. Сошка крывенькая дол рэжа плытка, Толькі пясочак шарсьціць. Глуха каменьчыкі б’юць аб нарогі, Папараць, пырнік што крок. Зь сіл выбіваецца конік убогі, Сыдзе наўмысьля набок, – Крыкне араты і торкне ляйчынай: – Куды паўзеш ты? Назад! Клыгае конічак зноў раўчавінай, Тчэ за сабою ён склад. Сам жа араты саху падтрасае, Мерна йдучы за канём. Босыя ногі, а шапка старая, Зрэбныя порткі на ём; Грудзі расхлістаны, лушчыцца скура, Пот залівае ўвесь твар. Неба ж ясьнюткае, хоць бы дзе хмура! Эх, і даймае іх жар! Клыгае конік, а ззаду араты Ходзіць, сагнуты, як склюд... Матка-зямелька! Эх, не, недарма ты Корміш убогі свой люд!
1909
|
|