Ня шлях сюды, а лёс мяне вяртае, Хоць і кажу: «Забыць, забыць пара!» Але пяе на небе залатая Адзіная паўночная зара. Жаданьне абарвецца і растае, Размые сьлед вясновая быстра. Але цьвіце на небе залатая, Высокая трывожная зара. У час такі – ня час для раздарожжа. Гукай мяне, паэзіі сястра! О, як зьвініць апошняя, бязбожная, Кароткая і позьняя зара! I тут, дзе радасьць дыхае вяснова, Дзе Млечны Шлях спадае на зямлю, Я сьветла прыпаду да дзеяслова Твайго, з маёй сьлязінаю – «люблю».
|
|