Ня слава Краю, ўздым магутны, на’т ня шумелі мне сьцягі... Заместа іх зьвінелі путы і цёмнай ноччу ланцугі. Заместа водгульля Пагоні яшчэ сягоньня, як крумкач, у набалелым сэрцы звоне жанчыны беларускай плач. Дзявочы твар бляды ад жалю, дзяцей спалоханы пагляд і кроў братоў, што бунтавалісь – я толькі гэткі знаю сьцяг!.. За жар душы, што набалела, за сэрца зораны агонь, я, Божа, чуць хоць раз хацела-б шум сьцягу вольнага свайго. Калі Крывіцкая Зямліца мне сэрца гордае саўе, а польны вецер расшуміцца, на разьвітаньне запяе, – няхай разгорне свае крыльлі, як стораж вечнага жыцьця, хай зашуміць хоць на магіле мне бел-чырвона-белы сьцяг.
|
|