Вось так – з адкрытым небам – заначую, А зоркі будуць днець у вышыні. I праз траву гаючую адчую, Як у зямлі багата цеплыні! Ні спачуваньняў тых, ні перашкоды, Ні адчуваньня смутку, ні віны. Адно – бруяцца бэзавыя воды I, як стагоддзі роднае прыроды, – Стаяць на вечнай варце валуны... Дабрыдзень, ліст вясковага спакою, Уяўнага, як люстра ціхіх вод. Калі ж душа зьліваецца з ракою – Няма тады спадманнага спакою, – Ёсьць ціхіх думак вольны веснаход. Ёсьць мудрае, адзінае жаданьне Дарэшты зразумець, чаму зь вякоў Нам раніць сэрца кожнае вяртаньне I, кожнае шчымлівае спатканьне Не умясьціць у рамкі гучных слоў! Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды, Любіць твой дух настойна-смаляны, Пакуль бруяцца бэзавыя воды I як стагоддзі роднае прыроды, – Стаяць на вечнай варце валуны...
|
|