Белыя паляны, белыя гаі... Пчолы ледзяныя круцяцца ў гальлі, Кружацца раямі, сыплюцца на дол, Апушылі хвоек срэбраны прыпол. А з-за лесу-гаю скача па лугах Хтосьці незнаёмы ў ледзяных санях. Зь сіняватых даляў, зь сіняватай цьмы, Хтосьці навявае залатыя сны. Хай галосяць ветры ў цемені начной; Сядзем, дарагая, пасядзім з табой. Раскажы мне шчыра, праўду раскажы, Хто ў чароўных вочах зоры патушыў?! Хто замёў сьнягамі у душы вясну? Сэрца хто параніў – вымеў цеплыню?! Хто расьпяў з каханьнем сэрца на крыжы, – Раскажы мне праўду, – любая, скажы?! I маўчаць пацёмкі... любая маўчыць... Ледзянеюць словы, і душа баліць... Белыя паляны, белыя гаі... Пчолы ледзяныя круцяцца ў гальлі, I мярцьвеюць крокі між сівых завей; Прытуліся бліжай, сэрца абагрэй...
|
|