380 Бог сіроты любе, але долі не дае. #Прыказка
Чым-то дзеіцца на сьвеце, Што ня роўна дзеле Бог? Адзін ходзе у саеце, У золаце з плеч да ног, А другому, каб прыкрыцца Хоць анучай, – велькі труд; Весь, як рэшата, сьвіціцца, Адны латы, адзін бруд! Адзін мае хатаў многа, А вялікіх – касьцёл моў; Увясьці б туды хоць Бога, I той бы зь іх не пайшоў. У другога ў сьцяне дзюры, Вецер ходзе, дым і сьнег; Тут карова, сьвіньні, куры... Тут пакута, тут і грэх! Гэты едзе у вагоне – Цёпла, мякка, толькі жыць! А ляціць, як віхар гоне, А ён сабе толькі сьпіць! Той ў мяцеліцу, ў марозе, Што аж вон яму прэ дух, Паўзе з клункам па дарозе, У сьнягу увесь па брух! Гэты хлеба і ня знае, Толькі мяса ды пірог, I сабакам выкідае Усё тое, што ня змог. А той хлеб жуе зь мякінкай, Хлёбча квас ды лебяду, Разам жывець і есьць зь сьвінкай, З канём разам п’ець ваду! Аднаму дзесяткі-служкі Зарабляюць сотні сот; Рукі ў яго, як падушкі, Як кісель, дрыжыць жывот! Другі ж сам, аж на дзесятак Працуючы, лье свой пот. А высахшы, як аплатак, Цянюсенькі, як той кнот.
|
|