Пад штандар бел-чырвона-белы Гартуйся, раць, адважна, сьмела Адважных, храбрых ваякоў! І ўспомняцца старых вякоў Паходы мужныя у славе, Часы Альгерда, Ізяслава, Грунвальдскі зь немцам бой! І боек даўні цяг з Масквой! Пад знак Літоўскае Пагоні – Абараняць краіны гоні, Народ забраны вызваляць, Ісьці к сьвятлу, сьвятлом палаць – Сьпяшайся той, хто к волі рвецца, Ў кім беларуса сэрца б'ецца! Зьбірайцесь – ўсе, як бы адзін, – Арлы радзімых пушч, нізін! Не плач, не плач па сыну, маці, – Сягоньня сорам быць у хаце, Бо ўзьнят за волю грозны меч, Бо хутка будзе злая сеч, Няхай і ён, юнак адважны, Ідзе туды, дзе б'ецца кажны За волю новую бязь сьлёз, За лепшы Бацькаўшчыны лёс. Пад штандар кожны здатны, гожы, Досьць нас наезьнікам варожым Трымаць ў прыгоне, беднаце, Сьмяяцца нашай цемнаце, Багацьце краю нішчыць, пляжыць – Чужынцу годзе намі княжыць І карыстацца з нашых плеч!.. Мы к волі йдзем – з дарогі прэч!..
1920
|
|