Маналёг Апанаса Філіповіча
|
У гэтай краіне ня маю я дому, вось воблака – сяду і ў сьвет палячу над гэтай гаморай, над гэтым садомам, ні грошай, ні славы – я волі хачу. У гэтай краіне ня маю я долі, вось посах і торба і сотні дарог. Па долі пайду. Не вярнуся ніколі. Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог. У гэтай краіне ня маю я Бога, ушчэнт разапселі яго сьвятары: дзе церні павінны насіць – носяць рогі, які ж тагды Бог, калі служкі зьвяры? У гэтай краіне ня маю я роду, забыўся народ мой найменьня дзядоў, і сьвету ня бачыць далей азяроду, і дзецям ня дорыць на шчасьце падкоў. У гэтай краіне ня маю я песьні, якая б народнай была і маёй, якую б сябрына запела ў Бярэсьці, а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзьвіной... У гэтай краіне ня маю я дому, вось воблака – сяду і ў сьвет палячу над гэтай гаморай, над гэтым садомам, ні грошай, ні славы – я волі хачу, бо ў гэтай краіне ня маю я волі...
|
|