Знайшлі пацір, сьлязамі поўны, ніхто ня ведае – чыймі. Сярэбранае ў срэбным – поўню пакутнік нейкі расчыніў. Ад зла, спакус, грахоў замову гугнявіў голас за сьцяной... Знайшлі на дне паціра слова, з малітвы выпала яно.
КАХАЮ – вочы прачыталі, КАХАЮ – вусны прашапталі, КАХАЮ – душы прастагналі, КАХАЮ – людзі закрычалі. Каго? Паэт сказаў: Айчыну! Жаўнер: дзяўчыну! Хтось: сябе! I сталі дружна, шчыра, шчыльна, як на касьбе ці на сяўбе. А ён канчаўся у зьнямозе – ніхто яго не пакахаў, з паціра выплюхнулі сьлёзы, і налілі праз край віна, і сталі дружна, шчыра, шчыльна, як на касьбе ці на сяўбе, паэт сказаў: п’ем за Айчыну! I кожны выпіў – за сябе...
|
|