Я ня ведаю, Ойча, ці варта ісьці брукаванкай. Там ня бачна сьлядоў, там – туга выпадковых сустрэчаў. Быццам рыбіны мёртвай луска – камяні пад нагамі. А як падаць балюча! Хай падаеш нават у Вечнасьць. Так што, Ойча, я збочыла. Вось і блукаю... А вецер Як праўдзівы паэт беларускі – скуголіць, нябога. А каму зараз лёгка? Магілу купі ў Інтэрнеце, Аватарствуй і цешся, што столькі наведнікаў блога. Кожны прэ на гасьцінец! Ніхто ў маргіналы ня хоча. Лічаць камні, радкі, нумары і паднятыя рукі... Я аблокі лічу... Я ня ведаю ісьціны, Ойча... Я ніколі ня буду хадзіць, як належыць, па бруку.
|
|