Глянь – месяц спыніўся на цёмнай мяжы, прашчаецца доўга з зарой-зараніцай. Паволі зацягваю пояс тужэй, гарачай рукою бяру рукавіцы. Сягоньня прыйдзецца спаткацца з пургой, за вокнамі сьцюжа, ну што ж, мы гатовы. За вахтаю недзе чакае канвой, такі, быццам тундра, дзікі і суровы. Магчыма, шкада вам, ня трэба, аднак, – мне танныя словы душы не сагрэюць. Мяне не прывабіць спакойны барак, калі мая доля – пурга і завея. Мяне не ацепліць ў пургу гэтых дзён грашовае полымя ціхае сьвечкі. Распальвае грудзі інакшы агонь, натхнёнае ласкі – сьвяты і адвечны! Стараешся ў лёце спыніці сястру, разьлівам пачуцьцяў яе дакараеш. Ты хмарамі сонца гатоў загарнуць за тое, што, можа, замоцна кахаеш. Змагацца – дык шчыра, на поўны уздым. Памерці – дык горда, за волю і славу. Калі пакахаць, то пачуцьцем такім, каб шэрую землю расплавіць на лаву! Ў палётах ня чуці граніцаў, нi пут, натхнёнаю сілай парываў бурлівых з халоднага неба прыклікаці цуд, даць шчасьце далёкім, пакінутым нівам. Кахаць – гэта кінуць сябе на алтар, то – выкаваць веліч ідэяў у чыны, то – попел надзеяў раз’іскрыць ў пажар, каб немагчымае стала магчымым! Кахаць – гэта мора мільёнаў адчуць, самой не заплакаць ад полымя болю. Кахаць – гэта мэты свае дасягнуць, ў жыцьці маім — гэта Айчыне даць волю! Ля Горадні сівай ёсьць сонечны кут, так сабе – жытні, шырокі, звычайны, начамі пахучы, як бэзавы куст, і сэрцу майму дарагі да адчаю. Вясна там іначай на межах цьвіце, там вецер у полі цясьней абнімае. Учадзелі душы у гэтым куце у траўневы вечар, і рады немае. Там юнасьць свае пагубляла сьляды, кранулася вуснаў дзіўное каханьне, там, зоры пакінуўшы, месяц бляды ня раз на рукох спачываў да сьвітаньня. Радзіліся казкі з курганаў старых, ўздымаліся крыльлі да ясных узьлётаў. Там плакалі песьні ня раз да зары над доляй Народа, цяжкой і гаротнай. Там сонейка ў поўдзень і месяц ўначы, і Нёмнавых хваляў чароўная сіла, бабуся старэнькая, лён прадучы, паэтку так моцна кахаць навучылі. Ў пургу, ў непагоду, ў цяжар гэтых дзён, калі лязо словаў мне душу калечыць, распальвае грудзі вялікі агонь натхнёнае ласкі – сьвяты і адвечны! Сумую? Магчыма, усё ж не пытай. Выходзім, хтось кажа – цясьней зашпіліцца. Б’е вецер, сьмяюся – пакуль што бывай! Ага, не забыцца хаця б рукавіцаў...
Iнта. 1950.
|
|