Кінулі мы ветру сьцежкі-межанькі. Пасумнела на старых кутах. Зіхаціць з канца ў канец аб’езджаны, выліты асфальтам шлях. Кліча да вандровак, сьмелых вылетаў, вырывае птушанят з гнязда, каб зь вясьняным, самым першым выраем з жураўлямі іх вярнуць назад. Кліча дом сьцяжынкаю пратоптанай. Маці стомлена дамоў пайшла. Зноў трывожаць сэрца тыя клопаты з наднямонскага радзімага сяла. Здаецца, ступіш – і зямля загутарыць, загамоняць сьпеўна каласы, сьцежкі зноў зазелянеюць рутаю, птушкі мераюць завоблачную сінь. Бацькаў зруб, акраец жытні хлеба, цішыня, ахвочай працы час. I дымок над хатамі да неба, і руплівасьць матчына аб нас. Сэрца, нібы яблык, налілося буйным сокам роднае зямлі. Сонца ўсюды. Кос вярбовых россып. Хлеб з прыполу роднае зямлі. Восень зноў. I жураўлі цыбатыя Адлятуць у край чужы наўпрост. Толькі мы душой з сваімі хатамі. Бо арлы не пакідаюць гнёзд.
|
|