Звычайны дзень, шляхі і раздарожжы, і мэты ўзьлёт за ценем простых слоў, і падае маленькі, дробны дожджык, як жменя сьлёз па тых, хто адышоў... Ты ўсё маўчыш, ўсё думкамі наперад. Лепш агляніся: ніва, як абрус, і шлях стрункі, і хочацца мне верыць, што йшоў сюдою ён якраз, Кастусь. Хвала таму, хто вылецеў на волю, хвала таму, хто праўду ў сэрцы нёс, хвала таму, хто зь пекла, з мукаў, з бою у цёмных сілаў вырываў наш лёс... Ты кажаш мне – нічога я ня маю, глянь, той жа вецер, што, як бард, пяе, ён мой ўвесь боль, ўсе казкі майго краю, і дрэваў шум, і васількі мае. Мой пушчаў цень, сьляды зуброў, аленяў, магільнікі зьняволеных дзядоў, і мова – скарб наш, дарагі, нятленны, і мой змагар, што вось сюдою йшоў. О юны ўздым, зямлі пакутнай сілы! О шчодры дар духовых сьветлых век! I словы падалі ў дзірван і каласілі, і змагары выходзілі з-пад стрэх. Які быў сьмелы, родны чалавеча, адкінуўшы шляхоцкі свой жупан, ён сьвітку шэрую, як мы, злажыў на плечы, каб боль прыкрыць народных нашых ран.
1964
|
|