На усходзе неба грае Пераліўным блескам, Сыпле золата над гаем I над пералескам. Чуць-чуць дрогне, праліецца Чырвань на усходзе – Гэта неба усьміхнецца Людзям і прыродзе. Сьмех адказны, сьмех шчасьлівы Ходзіць на пагорках. Час сьвітаньня – час зычлівы... Гаснуць, нікнуць зоркі. Шырай, шырай зараніца Разьнімае крыльле, Нібы пожар б’е крыніцай Там, на небасхіле. Сноп праменьняў, пышна ўзьняты, Сее бляск-чырвонцы – Гэта неба сьцеле шаты На дарогу сонцу. Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся, Лес туманам заснаваўся, Луг расой абмыўся. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны – Гэта хмаркі ладзяць сонцу I дзяньку кароны. Як прыемна пахне збожжа! А вакол – спакойна! Эх, як слаўна, як прыгожа, Хораша, прыстойна! I сабрала неба фарбы Колераў дзівосных... I дзе ёсьць такія скарбы Гожства, сугалосься?!
1908
|
|