Праз пакорныя цярпеньні I спякотныя пакуты На высокія ступені Вобраз выбраўся раскуты: Беларусь зусім ня тая, Як паэты апявалі; I прастора ня пустая, I сама яна ў крышталі. Ня сухенькія таполі, Не панурыя бярозы. Бэз у садзе, грэчка ў полі, Панад рэчкай – вербалозы. Клён клянецца каля хаты, Што на ім анёлаў крыльле, I яму каштан кашлаты Паліць сьвечкі ў пахкім пыле. А пад восень арабіна Прыбіраецца ў каралі. Пладаносная краіна У праменістым крышталі. Сонцам пешчаныя сьлівы, Вішні, яблыкі, ігрушы. Край гаротны, а шчасьлівы, Бо людзкія цешыць душы. Бяз хэмічнай апрацоўкі, Бяз мічурынскай апекі Нашы бэры і хунтоўкі Хай праславяцца навекі. Я пяю праўдзівы выснаў. Сввет прайдзі – нідзе, здаецца, Садавіны тэй карыснай Каштаваць не давядзецца. Хай было часамі пуста – Гадавалі сілы нашы Міска квашанай капусты I гаршчок бульбянай кашы. Той цаніць свайго ня можа, Хто сядзіць заўсёды ў хаце. На чужыне дні трывожна Нам прыгадваюць аб страце. Мы згубілі ўсё, што мелі. Але дух яшчэ трывалы – Звоняць струны ў нашым целе, Слаўных прадзедаў цымбалы. Прынясеце журавіны, Горыч смагі я ўтаймую, Абразок мае краіны Ў лятуценьнях дамалюю. Не кажэце мне, што ў пекле Беларусь мая счарнела, Што лясы і пушчы сьсеклі... Як была, так будзе белай. Я цяпер вандрую ўсюды I мне кожны край гасьцінны. Бачу дзівы, бачу цуды, Маляўнічыя мясьціны. Хараства багата звонку, Ды мілейшыя, прызнацца, Наша родная старонка, Наша песьня, наша праца.
|
|