Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, – На чужое неба ўжо гляджу сягоньня, Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю, Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю. І няма на сьвеце так вялікай меры, І няма на сьвеце так каваных дзьвераў, Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі - Беларусь са мною разлучыць пасьмелі! Я ад вас далёка... скажуць гэтак людзі... Але хто заглянуў у чужыя грудзі І паняў хто шчыра той агонь і мора, Што гарыць, бушуе і аб чым гавора? Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня; Каго доля-ведзьма ад самой калыскі Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі. Я ад вас далёка... А дзе ні гляджу я – Дома толькі думка днюе і начуе; Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман, Знаю толькі рэчку – з плытнікамі Нёман. Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны, Дзе такі там хорам важна збудаваны, – Што мне замянілі б хату і бярозкі, Хату і бярозкі беларускай вёскі?.. Я ад вас далека... Дзеліць нас паўсьвета, – А жыву ж я з вамі і зіму, і лета; Чую з вамі ўвосень непагоды песьню, Цешуся з праталін вольнага прадвесьня, І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, - Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе; З выраю як толькі сустракаю гусі, Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі. Я ад вас далёка... Жыву між чужымі, Чую ж вашы песьні, – водклік шлю сваімі; Дабываю песьні ад душы, ад сэрца, Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца. Не зрабіць нікому гэткай дамавіны І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны, Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці, Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці. Я ад вас далёка... Божа ты мой мілы! Неразлучны з вамі да самой магілы, – Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку: Як там жывіцё вы, як жыве старонка? А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца, – Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца І ў той бок глядзеці будзе век нязводна, Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
1910
|
|