Зьмяніць кірунак, здрадзіць Краю
Суровы лёс ня змусіць нас,
Мы будзем роднай Беларусі
Сынамі вернымі ўвесь час.
Янка Золак
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

АДЗІНОТА      К. Акула            прагляд

Сыбота, дзень роздуму...

Сяджу ў парку пры пікнікавым стале. Мілы куток, сьвятыня мае самоты ляжыць на паўднёва-заходнім падбрушшы таронцкага абтоку, што падковай зелянее перад бізнэсовай брамай гораду. Тут няма аўтаў, даезд адно караблём. Навокал зелень, птушкі, а між іх і цяжкія шэрыя канадыйскія гусі. Але й яны не заглядаюць у мой мілы кут. Тут адно зьяўляюцца пражэрлівыя кнігаўкі, якіх дзесяткі тысяч распладзілася ў каменьні на мысе, што горад утварыў на поўдзень ад вуліцы Лесьлі.

Абток гэты, які падзяляецца на Цантральны, Ганплан і Ўорд ды колькі меншых - пяць з паловай кілямэтраў ад прыстані Ганплан да Ўорд - увайшоў некалі і ў гісторыю беларускае эміграцыі. У 1956 годзе адбылася тут сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі. У тыя часы на Цэнтар Айланд стаяў вялікі драўляны павілён, нешта паводля даўгой, бязь сьценаў, пуні. Розныя мясцовыя групы ці арганізацыі наймалі часьць парку й той павілён для сваіх летніх пікнікаў. Гэтак і мы, Беларусы Паўночнае Амэрыкі, у гэны дзень часткай парку загаспадарылі. Сустрэча трывала тры дні й на розныя ўрачыстасьці прыходзіла маса суродзічаў і запрошаных гасьцей.

У тую нядзелю ў драўляным павілёне служылі Сьвятую Літургію. Як слаўна між старых вязаў і зялёнай травічкі гучэлі "Госпадзе, памілуй...", "Ойча наш..." і іншыя, хвалячыя Госпада песьні. Пасьля малітваў, у цудоўна-пагодны дзень, расьселіся людзі пры пікнікавых сталох. І была ў парку яда й пітво, былі песьні, былі супольныя здымкі й былі даўгія й цікавыя гутаркі між людзей, што некалі пакінулі "раськіданыя гнёзды", прынясьлі ў гэты багаты сьвет сваю маладосьць, практычны розум, спадзяваньні, ахвоту будовы новага, - як тады здавалася тымчасовага, - дабрабыту. І прынясьлі з сабой неспатольную тугу па роднай, забранай зямлі.

Дваццаць шэсьць гадоў назад... Бальшыня ўдзельнікаў сустрэчы, - у гэны час моладзь, - цяпер ужо бацькі, а шмат і дзядоў. А із старэйшых ці адзін ужо ў лепшы сьвет адыйшоў.

Мяне цешыць і цепліць тая сьведамасьць, што некалі й на гэтым абтоку, хоць на імгненьне, усяго некалькі гадзін, білася нястомленае й вечна дынамічнае сэрца беларускага эміграцыйнага рэлігійнага й культурна-грамадзкага жыцьця. Парошынка-макулінка ў нашай сусьветнай дыяспоры. Яна ўсё-ж дала нейкую завязь, ня сталася пустацьветам, хаця-б навет калі паслужыла зьвяном з прошласьці ў будучыню.

У сваей супольнасьці грэліся, стомленыя ў чужыне, сэрцы. Устанавіліся новыя й аднавіліся старыя кантакты. Памятаю, што прысутнічалі тады і прэзыдэнт БНР Мікола Абрамчык, і кампазітар Мікола-Шчаглоў-Куліковіч, і выдатная пясьнярка Натальля Арсеньнева. І шмат іншых. А вечарам у Гарбор Каліджыт быў вялікі канцэрт - сьвята беларускай песьні, музыкі й танцаў.  

Гэтыя тварцы беларускай культуры й нашай вызвольнай палітыкі ступілі тады на гэты цудоўны таронцкі абток. На коратка, на імгненьне. Але-ж як прыемна было, калі карабель, у бальшыні перапоўнены нашымі суродзічамі, адплываў ад таронцкай прыстані, ды нехта голасна сказаў: - Дарагія суродзічы! Увесь гэты карабель перапоўнены Беларусамі. Давайце павесім на машце наш горды й слаўны бел-чырвона-белы сьцяг!

Калі ў пэўныя часы і ў выдатныя гістарычныя хвіліны цэлы народ сваім духам прысутнічае ў вадным і тымсамым месцы, дык у гэны дзень сэрца беларускага народу борзда білася на таронцкім Цэнтар Айланд. Гэты факт, што й гэты абток увайшоў у гісторыю Беларусі, дадае мне, самотнаму пісьменьніку, сілаў і натхненьня.

Але ці гэты абток для нас чужы? Ён стаўся калыскай маей творчай самоты. Калі, спадзяюся, некалі гэтыя думкі выклічуць згадкі ці хваляваньні ў каторага нашага суродзіча, дык запрашаю наведаць сьвятыню маей адзіноты. Прашу прыйсьці во сюды, пасядзець на гэтай лаўцы, пацешыцца вакольнай прыродай, паразважаць мо так, як я, ужо падбіты й жыцьцём стомлены, разважаю гэтта хаця-б і сяньня. Цікавіціся, чаму пра самоту гавару? Таму, што яна для творчасьці - матка абновы, дасканаласьці, зарука сьпелага плёну. Прыгадаем што сказаў на гэты конта наш вялікі суродзіч Адам Міцкевіч:


  Адзінота! Я, стомлены сьпёкай жыцьцёвай,

  К тваім водам сьцюдзёным, глыбокім бягу на збаўленьне,

  І зь якой насалодай, уцехай абновы,

  Патанаю ў празрыстых і чыстых струменьнях!


Якая тут эйфорыя!

Бачыце вунь пяць радыё-сігнальных вежаў, што сваімі падстаўкамі, быццам курынымі ножкамі, учапіліся за ваду? Яны на паўднёва-заходнім чубку абтока, дзе знаходзіцца Цэнтар Айланд і Ганлан Пойнт. А маё аблюбаванае месца гэтта-ж мэтраў дзьвесьце налева, калі глядзіш на поўдзень праз Антарыйскае мора. Зірнеце на зелень вады, неба, абвешанае шэра-блакітнай навалачай. Перад вамі ветразі-пярынкі лодак зь нейкага яхт-клюбу. Проста адсюль да да амэрыкансйкага берагу, нацянькі, якіх міляў сорак. Там-жа далей і Рочэстар, дзе творчая Арсеньнева ў гэты час ужо, здаецца, рэдка снуе мастацкую пражу пра розныя поры году, асабліва восень, а можа й цяпер перакладае "Зубра" Гусоўскага, якога ўдома перакладчыкі, па загаду "роднай партыі", многа дзе схвальшавалі...

Ззаду за мною горад-гігант, жыхароў каля трох мільёнаў, але сяньня на абтоку няшмат людзей, а ў маей сьвятыні самоты няма нікога. Сёлетні чырвень, асабліва-ж на канцох тыдняў, як з цэбра ліў. Маткі зь дзеткамі, што аблюбавалі гэты абток для адпачынкаў, баяцца прыяжджаць, каб, барані Бог, зноў ня лінула. Але калі навет і пагода добрая дык у гэты кут мала хто заглядае. Тут можна быць із Богам, стыхіяй і самім сабою.

Прашу вас, прысядзьце пры гэтым во століку й паслухайце мяне. Вас, магчыма, цікавіць, чаму я тут сам і чаму зусім ня чуюся адзінотным. Паверце, шчыра гавару. Сяньня мая "лепшая палавіна" казала, у дарогу выпраўляючы:

- А чаму гэта дома не пасядзіш? Куды цябе чорт гоніць? Усе людзі як людзі, яны зь семьямі дзержацца, а ты...

Як ей зразумець цану супакою, такога, што лекарам душы зьяўляецца?

Зірнеце вунь на гэны стары, звалены ў ваду ля берагу, вяз. Быццам аграмадная рагаціна на ласёвай галаве, яна падгнівае ўжо зьнізу. Летась, прыгадваю, гэты гігант, вадой падмыты, пахілены, трымаўся яшчэ берагу й дзеткі вешаліся на ягоныя лапы ды босымі нагамі па вадзе крэмзалі. Вунь побач стаіць другі вяз, што, мабыць, напорных вятроў сёлетняй зімы ня вытрымае. Той ляжачы ў вадзе вяз трымае на карэньні вялікую абойму глебы. Там малачай яшчэ цьвіце, а на галінках паміраючага дрэва пракінулася зелень. Яшчэ нейдзе карэньне намагаецца ссаць з мора пажыву, старое дрэва змагаецца ізь сьмерцяй.

Антарыё называю морам, хоць вада ягоная не салёная, а яно-ж спалучаецца з акіянам. Гэтта-ж перада мной хвалі спакойна набягаюць на бераг, аблізваюць пясок і жвір і пад іхны шум добра думаецца.

Сядзьце побач, падумаем, паразважаем. Зь якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагодзьдзя? Прызнаюся вам, люблю, як некалі Стэндал, зьвяртацца да тых, што пасьля прыйдуць. Ці мала хто мяне, за маю пісаніну, дзіваком лічыць. Вы, пэўне-ж, з адлегласьці часу, накш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: празь мяне вы можаце зазірнуць у мой сьвет, а я ў ваш аніяк не магу, бо вы йдзеце пасьля мяне, значыцца ў нейкай меры будзеце й прадуктам такіх, ці падобных як я. Таму, каб пазнаць сябе, вы будзеце намагацца пазнаць нас, папярэднікаў так, як і мы намагаліся пазнаць сваіх прашчураў.

Я ўжо прызнаўся, што люблю стыхію, дый самое мае знаходжаньне ў гэтым месцы ёсьць сьветчаньнем таго. А цяпер падумайце вось як: гэта-ж Антарыйскае мора праз раку ды розныя каналы Сьвятога Лаўрэна спалучаецца з Атлянтычным акіянам, а празь яго з найбольшымі водамі ўсяго сьвету. І вось калі гляджу я на гэту нашу прыроду, мне нагадваецца іншая, за дзясяткі тысяч кілямэтраў адсюль.

Іншы час, дзень, гадзіна, іншая геграфічная шырыня. Бераг усходняй Аўстраліі на поўдзень ад Сыднэю. Тут тады панавала лютая сьцюжа й сьнежныя завеі. Месяц студзень. Там сонца неміласэрна пякло мне лысіну, калі я, зь літровай бутылкай выдатнага піва "Мэлбурн біттэр" у руцэ, асьцярожна ступаў па вялізных валунах. Ціхаакіянскі адліў агаліў марскою зеленьню аброслыя валуны й даў мне магчымасьць пабачыць сьвет, пра які раней я ніколі ня думаў. Збоку, з уцехай, крычыць мой сваяк Аркадзь: - Глянь, глянь, Кастусь!

Пазіраю на яго, зьбянтэжаны, ня ведаючы куды глядзець. Ажно, нарэшце, сачу за Аркадзевай даланёй і бачу, што на валунах цікавае жыцьцё. Гэта - вялікія зеленаватыя й шэрыя крабы. Такому неабзнаёмленаму з гэтым сьветам, як мне, падарожніку, цяжка іх бачыць. Прыглядаюся. Яны павылазілі із глыбокіх шчылінаў, што між валунамі. Але вось уберсе ўзмах крыльляў і кнігаўкі цень і крабы, як на сыгнал алярму, хаваюцца ў шчыліны. Бачачы такое, хаця-нехаця разрагочышся. Цудоўны гэны марскі сьвет.

- Куды-ж гэта ты ступіў! - нападае на мяне Аркадзь. - Тут-жа ўсё жывое. Глядзі пад ногі.

- А бог вас ведае, хто дзе тут у вас і як жыве! - рагачу.

Мой спадарожнік наўмысна паволі й дэманстрацыйна бярэ спад маей падэшвы кавалак зелені й апісвае там розныя , блізу нябачныя істоты, ды пачынае расказваць як, хто й дзе жыве, хто каго спажывае й іншае. Пасьля пераносіцца апавяданьнем на далёкія, што дугой ляжаць ля паўночна-усходняй Аўстраліі, каралавыя рыфы., ды захапляецца імі, гэта значыць цудоўным марскім жыцьцём у іхным масыве.

А я стаю, цягну з бутылкі "Мэлбурн біттэр" і думаю пра тыя крабы, дакладней гаворачы - пра іхны тэрытарыяльны імпэратыў. Яны вось на гэтым ціхаакіянскім беразе ледзь не гаспадары, у сваім асяродзьдзі - гіганты. Але вось мільгане цень кнігаўкі і ўсе гэтыя гіганты-трусы як мага ўцякаюць у шчыліны.

Гэткім чынам і мы, людзі. Здаецца, што даўно пакарылі ўсю прыроду сьвету, заляцелі на месяц, розныя свае цацы на Марс, Юпітар і Вэнэру выслалі. Ого, гэроі! Непераможныя! Але вось надыйдзе бура, ці, як у Паўночнай Амэрыцы, нейкае тарнадо. Праськідае людзямі змайстраванныя будынкі, як недарэчная дзіцячая цацы.

Чалавек-гігант. Сябе побач, а то й вышэй Бога паставіў. Адно забыўся, што зямля, дый цэлая сонечная сыстэма - мікраскапічная парошынка-макулінка ў сусьвеце.

У прыродзе, асабліва-ж у магутнасьці стыхіі Бога бачыш. І мяркуеш тады пра Яго веліч і сваю слабасьць...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 19.08.2009