Будзем жыць! Днямі яснымі, новымі
Пойдзем, пойдзем з табою ў гару,
Наша жытная і васільковая,
Несьмяротная Беларусь!
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

НАРАЧ      М. Танк   1937       

ПРАДСПЕЎ


Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,

Не з торбамі песень жабрачных, –

Смыком серабраным на струнах зары

Табе заіграем іначай.


Прысядзем ля прызбы, на новы парог,

3 вясёлым і ясным абліччам,

Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог,

Хоць шмат каго з нас недалічым...


Ты звесіш чупрыну саломенных стрэх

Пад песні, шум цёмнага бору,

I выплывуць зоры на сіні начлег,

На сінія хвалі азёраў,


Закінуць свой невад узорны на дно,

У ціхія Нарачы тоні,

Дзе месяца толькі сталёвы нарог,

Затоплены бураю, звоніць.


I ўбачым тады, як радзімы прастор,

I песню, што просіцца з сэрца,

I струны жывыя пялёсткамі зор

Асыпле кастрычніцкі вецер;


I знікнуць туманы з дарог-каляін,

Зара чырвань-хустку накіне

На грэбень сасновых густых верхавін,

На плечы этапнай краіны.


Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,

Не з торбамі песень жабрачых, –

Смыком серабраным на струнах зары

Табе заіграем іначай.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 29.06.2011