Сьпяваці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

КАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ      У. Караткевіч   1965       
З ь м е с т:

Кніга першая. Выйсце крыніц

I

II

III

IV

V

VI

VII

X

XI

XII

XIV

XV

XIX

XX

XXV

XXX

Кніга другая. Сякера пры дрэве

I

II

III

IV

V

VI

VII

IX

X

XI

XII

XIV

XV

XVI

КНІГА ПЕРШАЯ. ВЫЙСЦЕ КРЫНIЦ



Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана;

А ўраннi: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае.

Крывадушнiкi! аблiчча неба распазнаць

умееце, а знаменiй часу не можаце?

...Мацея, XVI



I


Груша цвiла апошнi год.  

Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца.  

I, аднак, надыходзiла яе апошняя часiна.  

Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў.  

...За грушай канчаўся Кагутоў надзел. Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусiм знянацку, Дняпро ўхапiў яе - нават бервяна не паспелi вылавiць. Так, пэўна, i сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане i трэскi не прапускалi.  

Новую лазню стары Данiла Кагут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўласную хату. Нявесткi скардзiлiся: пакуль нацягаеш вады - рукi адвальваюцца. Данiла слухаў iх i бурчаў у ласкава-з'едлівыя, залацiстыя тады яшчэ вусы:  

- Абы мой вацок1 з грашыма не адвалiўся. Рук - не купляць...  

І гнаў сыноў, каб памаглi бабам прынесцi балеi дзве-тры.  

Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзiны. Сыны па дурным новым звычаi аддзялiлiся, з бацькам застаўся толькi старэйшы, Мiхал, з жонкаю ды шасцёра iхнiх дзяцей: пяць сыноў i дачка-мезенiца. Пойдуць сем "мужыкоў" у першую пару, дык месца - хоць сабак ганяй, i ад гэтай прасторы халодна.  

I ўсё ж старой лазнi нiхто не шкадаваў. Разам з лазняй сплыла чорная гiсторыя.  

Было гэта праз некалькi год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад "Кароны". Данiла быў тады яшчэ падлетак, адзiны сын у бацькi, адзiны ўнук у дзеда. Як насланнё нейкае было. За тры пакаленнi халера двойчы выкасiла Азярышча. Кагутам пашанцавала. Хоць па адным мужыку засталося на завод.  

Астатнiя паўмiралi. Не памагло i тое, што Раман, Данiлаў дзед, лiчыўся ведзьмаком. I ён нiчога не мог зрабiць, пэўна таму, што справа была новая. Нават самыя старыя не чулi ад дзядоў пра халеру.  

Хто не ўцёк у лес - тым было дрэнна. А Раману з сынам, Маркам, не дазволiў уцячы пан. Даў стрэльбу i загадаў застацца у пустой вёсцы, каб не парабавалi сялянскага набытку лiхiя людзi. Стрэльбы, бадай, i не варта было даваць. Ад халеры стрэльбай не адаб'ешся, а лiхiя людзi баялiся Рамана з яго славай горш як стрэльбы.  

Пэўна, Раман не быў бы Раманам, каб не знайшоў сродак. Ён i адпаiў сына рэзкiм бярозавым квасам. Не аддаў смерцi. Але астатнiх не паспеў.  

Халера сышла. Забылi i пра яе. Аў Кагутовай хаце так i жылi стары, вялiкi ды малы.  

I вось тут i здарылася. У адну з цёмных лiстападаўскiх начэй Марка забiў бацьку ў лазнi. Запароў старога вiламi.  

Акiм Загорскi, стары азярышчанскi пан, пачуўшы, за галаву схапiўся. Чаго ж тады чакаць ад чалавека, калi ён на забойства бацькi iдзе? Што ж гэта робiцца? Цi бiблейскiя часы вяртаюцца, цi апошнiя надыходзяць? А як ён дваццаць год нязменна хадзiў у ганаровых суддзях, i да раздзелу i пасля, у губернскiм земскiм судзе, то намерыўся ўпячы злачынцу, адкуль i крумкач костак не прыносiў, балазе цяпер абшары былі нямераныя i нават Сiбiр сваёю была. Схапiлi Марку - добра? У ланцугах ён - добра! Хутчэй яго, вылюдка, у Сухадол, на судовую сесiю.  

А потым узяў Акiма роздум. I не тое каб пан цяпер апраўдаў забойцу. Ён задумваўся: як магло здарыцца, якая выгада была пайсцi на такое любаму, ад смерцi бацькам уратаванаму, сыну, адзiнаму спадкаемцу? I, галоўнае, здзiўляла Загорскага тое, што нiхто з аднавяскоўцаў i словам, i мiргам нават не асудзiў Марку. Быццам так i трэба было.  

Акiм Загорскi ведаў сiлу абставiн. I ведаў: да самай глыбiнi чалавечай душы i таго, што прымусiла яе зрабiць тое цi iншае, не дакапаецца нiколi нiводзiн суд. Не на тое людзi суды выдумалi. Суд - гэта расправа. I гаспадары кожнага суда хочуць толькі, каб расправа была хуткая i не вельмi дарагая.  

I таму ён аднойчы ноччу з'явiўся у вязнiцу скасаванага за непатрэбнасцю замка. Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямi. У вежах новая ўлада размясцiла правiянцкiя склады, а сутарэннi так i заеталiся вязнiцай.  

Думаў Акiм Загорскi, што пабачыць слiмака, раздушанага цяжарам уласнай вiны, а ўбачыў чалавека, якi нават не хавае вачэй.  

- Можа, не твая правiна? - сумеўся Загорскi. - Можа, нехта другi?..  

- Мая правiна, - сказаў Марка. - Мая рука зрабiла, мне i адказваць.  

- Дык што ж ты тады святым прыкiдваешся?! - ускiпеў пан. - У сабакi вочы пазычыў?!  

- Вы не крычыце на мяне, - зусiм не па-мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. - Нада мною зямнога суда няма. Мяне апраметная чакае. Я душу сваю навек загубiў, i мне ўжо з агню нiколi не выйсцi...  

Загорскi так нiчога i не дабiўся, пайшоў. I пачаў распытваць у другiх, пераважна ў сваiх жа азярышчанскiх сялян. Доўга нiчога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала. У Акiма валасы ўсталi дыбарам.  

Нездарма нябожчыка Рамана лiчылi за ведзьмака. Сам Акiм Загорскi такому глупству, вядома, не верыў, але яны, яны ж усё верылi. Ды i як было не верыць, калi Раман лячыў травамі скурапею2 i скулы, упраўляў звiхi, выводзiў цяменнiк, браў на рукi дзяцей з пярэпалахам i глядзеў iм у вочы, i дзецям адразу рабiлася лягчэй.  

А такiя справы без нячыстай сiлы, вядома, не робяцца. I кожнаму нават самаму разумнаму варажбiту, нават таму, хто не ўжываў сваёй сiлы на злое, даводзiцца пасля смерцi расплачвацца.  

Прыходзiць такi час, і вядзьмак павiнен залезцi у падпечча, лепей за ўсё ў лазнi. I менавiта так аддаць д'яблу душу. Там i павiнен быў Раман зводзiць з д'яблам апошнюю рахубу. I побач з iм абавязкова мусiў быць сын.  

Яны i пайшлi ў лазню ўдвух, калi стары адчуў наблiжэнне смерцi.  

Стары залез у падпечча i доўгi час гаварыў нешта. Мо ўспамiнаў жыццё, а мо трызнiў. Потым апрытомнеў i працягнуў руку, каб сын дапамог яму выбрацца. I вось тут настала самая страшная хвiлiна. Усiм вядома, калi сын возьме бацькаву руку - уся вядзьмарская сiла пяройдзе да яго. А з сiлаю - смерць у падпеччы i тое, што пасля яе. Марка ведаў: ён не можа гэтага. Супраць гэтага было жыццё i словы, якiя ён кожную нядзелю чуў у царкве. Каб жа гэта яшчэ ратавала ад пекла душу старога. Але тэта не ратавала, гэта толькi абяцала пекла яшчэ i яму, Марку, не сёння, дык праз колькi год.  

I ён не ўзяў рукi, хоць i ведаў, калi не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асаблiва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.  

Ён сядзеў над старым амаль да ранiцы. I той увесь час стагнаў i ўсё часцей i часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над iм i плакаў ад жалю.  

Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.  

Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён? Няпiсаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут i не пакутаваў там. Што ж, ён зробiць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, i гордасць, што ён зрабiў правiльна.  

Ён пайшоў на прыгуменне i прынёс вiлы.  

. . . . . . . . . . . . .  



Даведаўшыся, Загорскi пачаў судзiць сябе i забойцу. Так, гэтаму варварству i дзiкунству няма апраўдання. Але ж хто вiнен у тым, што гэтыя людзi дзiкуны? Дзяржава, якой ёсць да iх справа толькi ў часы мяцяжу? Уладары над душамi, якiм ёсць да iх справа толькi пасля жнiва? Адкуль iм ведаць асновы свету, што вакол iх? Царква крычыць iм аб апраметнай, паданнi пагражаюць д'яблам i ведзьмакамi.  

Вось і суду толькi цяпер будзе справа да Маркi.  

I чым дапамог гэтым сваiм людзям ён, Акiм Загорскi? Не забiваў, не рабаваў, бо не меў у гэтым патрэбы. Але што агульнага памiж Маркам i iм, якi ганарыцца тым, што наведаў у Фернэ Вальтэра? Гаспадар i мужыкi - жыхары розных светаў.  

I хутка ад усiх разважанняў у яго сэрцы засталося толькi разуменне таго, што суд зробiць кепска i ён, Загорскi, не здолее нiчым перашкодзiць. Сляпыя судзiлi сляпога.  

Таму Загорскi ўсiм сваiм уплывам цiснуў на судовых, i прысуд быў мяккi: дзесяць год катаргi.  

...Марка з Сiбiры не вярнуўся. Данiла, i той даўно стаў дзедам. Памерла iмператрыца, i сын, і адзiн з унукаў яе. Памёр i Акiм Загорскi. Амаль забылася i здарэнне з лазняй, а потым i лазню злiзаў Дняпро. Быццам i не было нi людзей, нi закуранай нiзкай будынiны на беразе. Толькi груша...  

За ёю ляжалi прыдняпроўскiя адхоны, вёскi, пушчы i мястэчкi. За ёю стаялi замшэлыя замкi, чорныя хаты i старажытныя белыя званiцы.  

А груша цвiла апошнi год. Дняпро падбiраўся да яе спакваля, як разбойнiк. Гэты апошнi год яна стаяла толькi сiлай сваiх карэнняў, умацаваўшы iмi сабе паўкруглы фарпост.  

Чарговая з мiльёнаў паводак якiя бачыў Дняпро, спадала. Наступная павiнна была кiнуць дрэва ў хвалi, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвiла ў вiраваннi пчол, i пялёсткi падалi на быстрыню ракi.  



_______________  

1 Каліта.  

2 Каросту.

Адзнакi: 10.0 /1 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009