Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

АЎТАБІЯГРАФІЯ "ЁСЦЬ НА ВАЛОЖЫНШЧЫНЕ ВЁСКА ПУГАЧЫ"      В. Шніп   2008         прагляд

Ёсць на Валожыншчыне вёска  Пугачы,  

Дзе рэчышчы сцяжын не зараслі ў лугах,

У агародчыках красуюць касачы,              

Буслы на захад сонца коцяць  па дубах...   


У вёсцы Пугачы 26 сакавіка 1960 года я і нарадзіўся. Маці – Ніна Міхайлаўна (да замужжа Лемяшонак) – больш сарака гадоў адпрацавала на кароўніку даяркай, хоць у свой час закончыла сем класаў. Нават крыху ведала нямецкую мову. Бацька – Анатоль Іосіфавіч – працаваў у калгасе пастухом. У сваіх бацькоў ён быў самым старэйшым, таму з-за працы па хатняй гаспадарцы і з-за вайны закончыў усяго толькі адзін клас. Нягледзячы на непісьменнасць, бацька часта вечарамі нам, сваім дзецям, па некалькі гадзін запар расказваў вершы і казкі, якія ён запомніў, калі вучылі іх яго дзве малодшыя сястры і брат. І даводзілася чуць бацьку ад мамы: “Перастань там сачыняць...” Магчыма, бацька і сапраўды многае выдумляў, але ён выдумляў так, што, як кажуць, не падкапаешся...

Сваёй хаты напачатку мы не мелі і жылі ў бацькавых бацькоў – маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі. Дзед працаваў у калгасе, быў адукаваны, любіў пагаварыць. Бабуля была швачкай, і пра яе ведалі далёка ад Пугачоў. Мела нават вучняў. Аднак усё ж мы жылі беднавата, і, калі мне споўнілася восем месяцаў, гадаваць мяне забрала бабуля Ганна (пражыла сто гадоў), маміна мама, у невялікую, усяго 10 хат, вёску Лягезы, ля якой працякае рачулка Яршоўка. У Лягезах, што ў пяці кіламетрах ад Пугачоў, я і гадаваўся да школы. Быў я хлапчуком цікаўным і непаслухмяным. Зімой вечна цягаў за сабой саначкі і збіраў на іх сухое галлё, абламанае з дрэў вятрамі. Цягаў галлё пад хату, складаў у кучу. Для чаго? Цяпер не памятаю. Але час ад часу за яго на мяне пакрыквалі маміны браты – дзядзькі Ваня і Віця, і сёстры – цёткі Шура і Аля. Яны на той час яшчэ сваіх сем’яў не мелі і глядзелі за мной, як за родным сынам. Расказвалі розныя гісторыі, бралі мяне на вечарынкі, на кірмаш у Ракаў і ў Яршэвічы. Бабуля Ганна (дзявочае прозвішча Маціеўская) адна выгадавала васьмёра дзяцей. Муж яе, Міхаіл, загінуў у 1944 годзе – падарваўся на міне, едучы ў Ракаў. Ад выбуху ўцалелі мой дзядзька Ваня, што сядзеў на возе ззаду з коцікам на руках, і жарабятка. Я яшчэ сам з дзядзькам Ваням пасвіў нашчадка таго жарабяткі, амаль казачнага чырвонага каня. І калі часам дзядзька прыходзіў з працы нецвярозы, ён расказваў мне пра сваю бяду, якую перажыў, будучы хлапчуком. Расказваў так, што сам плакаў і ад слёз не мог утрымацца і я...

Вечарамі да нас часта заходзілі сябры маіх дзядзькоў і цётак. Пры лямпе (электрычнасці ў Лягезах не было да 1967 года) дзяўчаты пралі кудзелю, воўну і спявалі песні. Хлопцы расказвалі пра вайну, пра тое, як жылі пры паляках. Я слухаў, пакуль не засынаў...

З дзядзькам Ваням, які ў вёсцы Русакі працаваў конюхам, я даглядаў коней і нават некалькі разоў хадзіў з ім у начное. Дзядзька мяне любіў і я яго называў татам, а цётку Алю – мамай. І калі прыйшоў час майго вяртання ў Пугачы (трэба было ісці ў школу), мяне не хацелі аддаваць маім бацькам. Ды і я сам не хацеў некуды з’язджаць з Лягезаў. І цяпер, калі еду з Мінску ў Пугачы каля Лягез, у мяне ад успамінаў на вачах слёзы, бо тут прайшлі самыя светлыя гады майго жыцця. Тут, у Лягезах, відаць, у ва мне і абудзіўся паэт...

Мне было недзе гадоў пяць. Дзяцей у Лягезах было трое, і мне часцей за ўсё даводзілася гуляць аднаму. Цягаўся па палях і лясах, а часам і па суседскіх агародах. Шкоды асаблівай нікому не рабіў, але лазіў дзе можна і няможна. Тады па радыё і ў размовах старэйшых часта даводзілася чуць пра Амерыку, дзе жывуць вельмі дрэнныя людзі, якія хочуць знішчыць не толькі нас, але і ўсіх, хто жыве на зямлі. Наслухаўшыся пра дрэнных амерыканцаў, мая дзіцячая галава выспеліла ідэю – раз у Амерыцы жывуць дрэнныя людзі, а ў суседкі ў садзе ёсць калодзеж, а ён глыбокі (відаць, праз усю зямлю), то можна праз калодзеж пабамбіць амерыканцаў. Ні бомбаў ні гранат у мяне не было, але камення хапала ўсюды. І я, назбіраўшы паболей каменняў і прабраўшыся ў суседчын сад да калодзежа, стаў бамбіць Амерыку. Бамбіў даўгавата. Не ведаю, ці патрапіў у Амерыку, але суседцы на вочы – дакладна. І яна мяне прагнала. Я вельмі пакрыўдзіўся на цётку – як жа гэта яна не разумее, што я раблю карысную справу – бамблю Амерыку! І ад крыўды прыдумаўся пра цётку вершык, з якім заўтра зноў прыйшоў да калодзежа і зноў стаў кідаць каменне ў дрэнных амерыканцаў. А суседка, убачыўшы, чым я зноў займаюся ў яе садзе, зноў прагнала мяне ад калодзежа. І я, адбегшыся, прачытаў цётцы вершык. І тут цётка зусім “азвярэла” – вырвала пук крапівы і, дагнаўшы мяне, добра адсвянцала. А я не зразумеў, за што... І гэта быў мой першы верш, і першы ганарар...

Летам 1967 года ў адзін дзень у Лягезах адбыліся два вяселлі – жаніўся мой дзядзька Ваня і выходзіла замуж цётка Аля. Тады ўпершыню я і пазнаёміўся бліжэй са сваёй роднай сястрой Валяй, якая на год маладзейшая за мяне. Мы з ёй адразу пасябравалі, і нібыта не было тых гадоў, калі мы  

гадаваліся не разам. У Пугачы мяне з поўным мехам цацак праводзілі амаль усе Лягезы, і ўсе плакалі. У той дзень па дарозе дамоў, а ў нас ужо была свая хата, мы трапілі пад вялікую навальніцу. Казалі, што той дождж быў мне на шчасце...

Восенню я пайшоў у першы клас Пугачоўскай васьмігодкі. Школа была невялікая, драўляная, перабудаваная з панскага будынка. Вучыўся добра. Не быў круглым выдатнікам, але і троек за чвэрці амаль не было. З прадметаў найбольш падабаліся геаграфія, гісторыя і батаніка. Вывучаючы па гісторыі паўстанне Спартака, уяўляў сябе адным з яго воінаў, які з часам станавіўся больш магутным і вядомым, чым Спартак. Я наогул прыдумляў свае працягі да ўсіх гістарычных падзей. Нават іх расказваў сястры Валі і брату Валодзю, якім падабаліся мае прыдумкі. Беларускай і рускай літаратурамі ў школе не захапляўся, бо не любіў вучыць на памяць вершы. Любімымі кнігамі былі “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра і “Мы з Санькам у тыле ворага” Івана Сяркова. Асабліва падабаліся “Палескія рабінзоны”, таму што аднаго з галоўных герояў звалі, як і мяне, Віктар. І мне здавалася, што гэта напісана пра мяне. Чытаючы гэтую кніжку, а чытаў яе разоў дваццаць, марыў пра падарожжы і прыгоды. Нават вясной, у час паводкі, майстраваў з сябрамі плыты і спрабаваў плыць на невядомыя астравы, не думаючы пра тое, што астравоў у нашым наваколлі няма і блізка, бо жывём жа не каля мора...

У школе была мода мець сшытак, у якім запісваліся любімыя песні. І неяк летам, калі мне было дзевяць гадоў, нагуляўшыся ў футбол з сябрамі, я прыстаў да мамы, каб яна прадыктавала песню, якую часта пад добры настрой напявала. Маме не было часу сядзець са мной, і яна сказала, каб сам успомніў і запісаў. Давялося сядзець і ўспамінаць. Што ўспомніў, што сам прыдумаў, але праз нейкі час на паперы з’явіліся паэтычныя радкі. Я іх зачытаў маме. Яна паслухала і сказала, што гэта не яе песня, а мая, мной складзеная. Я ўзрадваўся, выбег на вуліцу да сябрукоў і пачытаў ім сваю песню. Адны спакойна выслухалі мяне, другія пасмяяліся: "Віця паэтам зрабіўся!” Пасля мамінай песні, не ведаю як гэта атрымалася, стаў напачатку недзе раз у месяц, а пасля часцей, рыфмаваць. І ўжо праз год, наслухаўшыся па радыё пра пяцігодкі і пра выкананне іх планаў за тры гады, стаў сабе выдумляць планы па напісанню вершаў. Зразумела, як і ў самой краіне, так і ў мяне планы выконваліся датэрмінова. Праўда, пра мае паэтычныя справы доўгі час мала хто ведаў. Аднак, недзе ў класе пятым, калі хлопцы-аднакласнікі пачалі заляцацца да дзяўчат і да ўсяго я і сам пачаў на іх заглядацца, аднаму з сяброў я прызнаўся, што пішу вершы. Паказаў яму, і хутка ў школе амаль усе ведалі, што Віця Шніп ўмее рыфмаваць. І тут пачалося – хлопцы сталі прасіць напісаць ім вершы пра каханне. І я выконваў заказы. Як раней многія рускія паэты любоўную лірыку пісалі па-французску, я пісаў па-руску. Здавалася, што так прыгажэй. Гледзячы на маё рыфмаванне, той-сёй таксама пачаў спрабаваць нешта пісаць і нават хваліцца перада мной, што ў яго атрымоўваецца значна лепей. Пасля гэтага я перастаў паказваць свае творы знаёмым. А неўзабаве і сам закахаўся. А каханне пачалося з таго, што...  

У нас не было тэлевізара. У суседкі быў – невялікі, чорна-белы і ўсяго з адной тэлепраграмай. А мне так хацелася паглядзець мульцікі! Праўда, зрэдку выпадалі шчаслівыя дні, калі суседка пускала дзяцей у хату на кіно. І мы ўжо сядзелі каля тэлевізара, нібы каля вогнішча, у якім пяклася бульба, і чакалі. Кожны чакаў нечага свайго. А мяне клікала мама дахаты, каб ішоў дапамагчы агледзецца. Часцей за ўсё выпадала напаіць карову і даць ёй сена. Я рабіў гэта з ахвотай, бо пасля зноў мог збегчы да суседкі. І ўсё ж тэлевізара мне не хапала, і ён мне часта сніўся, як далёкія цёплыя краіны, якія часам даводзілася бачыць па тым жа тэлевізары. І вось у адзін зімовы дзень суседка некуды з’ехала і пакінула маёй маме ключы ад хаты. Мама, зрабіўшы ўсё ў суседкі па гаспадарцы, павесіла ключ на цвічок. А я гэтага толькі і чакаў. Мама з хаты, а я за ключ і хутчэй да суседкі. Уключыў тэлевізар і гляджу. Якраз паказвалі казку пра Снягурачку. Снягурачка прыгожая-прыгожая, аж, калі яна ў канцы фільма прапала, я заплакаў. І вырашыў ісці ў лес шукаць Снягурачку, каб прызнацца ёй у каханні. Напачатку хацеў знесці з хаты вазон, каб у знак свайго кахання падарыць Снягурачцы, але перадумаў, бо мама заўважыць прапажу. Ідучы ў лес, склаў верш для Снягурачкі. Доўга лазіў па гурбах, клікаў прыгажуню, але яна так і не паказалася. “Відаць, баіцца”, – вырашыў я і сказаў Снягурачцы, што калі я ёй спадабаўся, то няхай яна забярэ мой верш сабе на памяць, а я заўтра прыйду за адказам. І, напісаўшы верш на снезе, пайшоў дамоў. Спаў дрэнна, чакаў раніцы і, як толькі развіднела, пабег у лес. Верша на снезе не было. І я яшчэ больш паверыў у Снягурачку і нават зусім не падумаў, што ночай была мяцеліца, і яна замяла і мой верш, і мае сляды...

У школе, нягледзячы на тое, што ў мяне няма ні голасу, ні добрага музычнага слыху, я быў адным з актыўных удзельнікаў школьнай самадзейнасці. Мяне нават наша кіраўніца хваліла, але, відаць, хваліла толькі таму, што я слухаўся яе і не прапускаў рэпетыцый. Выступалі на ўсе святы ў школе і ў клубе. Суседзі маёй маме гаварылі: “Віця твой, відаць, артыстам будзе...” Мама ўсміхалася, але не аспрэчвала таго, што можа што з мяне талковае і атрымаецца, бо бацькаў жа брат Славік некалькі гадоў у свой час правучыўся ў Мінску ў тэатральным інстытуце. Сябе ж артыстам я не ўяўляў і не думаў ім быць. Акрамя песень і танцаў у нашым рэпертуары быў невелічкі спектакль пра партызанскі атрад. У мяне была роля немца, які ахоўваў чыгунку і якога партызаны, даўшы яму калацінай па галаве, узялі ў палон. Паказаўшы спектакль у сваёй вёсцы, мы пачалі заваёўваць гледача ў суседніх. Дарослыя ўспрымалі нас нармальна, нават плакалі, а вось нашы аднагодкі часам смяяліся і здзекаваліся з нас. І ўсё ж мы працягвалі выступаць...

У час канікул выступленняў школьнай самадзейнасці не было. Але ў мяне заставалася жаданне нешта вытварыць. Раскладваць вогнішча на ганку сваёй хаты ці нешта падобнае я ўжо не мог, бо разумеў, што можна спаліць усю вёску. І я прыдумаў паставіць спектакль пра Бураціна і Карабаса-Барабаса. Са мной пагадзіліся сястра з братам, некалькі стрыечных братоў і сясцёр, а таксама суседскія дзеці. Размяркаваўшы ролі, падрыхтаваўшы касцюмы, на рэпетыцыі збіраліся ў ляску каля вёскі. Нейкі час я камандаваў усімі, але праз тыдзень мая стрыечная сястра Света пачала не згаджацца з тым, як я фантазірую. Кончылася тым, што я пакрыўдзіўся на ўсіх і некалькі дзён стараўся, каб наш тэатр разваліўся. Развалу не атрымалася, а наадварот – маці аднаго нашага артыста запрасіла ўсіх у дзіцячы сад, каб паглядзець наш спектакль. Клікалі і мяне, але я не пайшоў. Сядзеў дома і злаваўся. Праз гадзіны дзве прыйшлі мае брат з сястрой і прынеслі мне кавалак торту, які яны атрымалі ў дзіцячым садзе. Я еў торт і плакаў...

Да нас у пяты клас вучыцца перайшлі вучні з Еленкі. Сярод іх была Зоя Шымель, якая мне адразу спадабалася. Яна сядзела на апошняй парце і я час ад часу азіраўся на яе. Зоя не звяртала ніякай увагі на мае азіранні і мяне гэта яшчэ больш круціла на месцы. Я ўжо тады пісаў вершы пра каханне. І кожны мой верш пра каханне быў прысвечаны Зоі, і гэтыя вершы, перапісаўшы начыста, пускаў чытаць сярод вучняў, спадзяючыся, што іх прачытае Зоя і зразумее, як я кахаю яе. Вершы мае Зоя чытала, але ніякай рэакцыі з яе боку не было, да ўсяго ў класе пачалі шаптацца пра маю закаханасць. І на адным з урокаў я перадаў Зоі запіску з прапановай сябраваць. Праз некалькі хвілін на кусочку прамакаткі з сшытка прыйшоў адказ: “Нет.” І сёння ў мяне ў дзённіку для запісаў захоўваецца гэта кароткае слова...

Пасля адмовы Зоі сябраваць са мной я яшчэ больш стаў пісаць вершы пра каханне. Але ўжо не пускаў іх па класе, каб усе прачыталі, а пасылаў па пошце Зоі. Дзяўчына, атрымоўваючы мае пісьмы, прыходзіла ў школу, нібыта маіх вершаў і не чытала. Я ж не пераставаў пісаць. І да чаго б я дапісаўся, не ведаю, калі б на адным з канцэртаў мастацкай самадзейнасці не пачуў, што вусны ў хлопцаў існуюць у першую чаргу не для таго, каб заклейваць канверты з любоўнымі пісьмамі, а каб цалаваць каханых. Калі гэтыя словы гучалі са сцэны, мой позірк сустрэўся з Зоіным, і мая каханая мне паказала язык...

У сёмым класе напярэдадні восьмага сакавіка падарыў Зоі прыгожую паштоўку, на якой напісаў верш пра каханне. Прачытаўшы маё віншаванне, Зоя сказала: “Сёння буду з табой танцаваць...”. Пачуўшы ўпершыню такое ад Зоі, з нецярпеннем чакаў вечара, калі ў школе будуць праходзіць святочныя мерапрыемствы. Адным з першых прыйшоў дапамагаць старэйшым вучням вызваліць ад партаў клас для танцаў. Парты не выносілі на калідор, а тут жа ў класе ставілі адна на адну. І вось пачаліся танцы. Я ж з хлопцапі залез на парту аж пад самую столь. Прыйшла Зоя. Паглядзела, дзе я сяджу, і стала танцаваць з сяброўкай. І дасядзеўся я пад столлю да белага танца. Чакаю запрашэння ад Зоі, а тут на табе – да мяне падыходзіць Люда з шостага класа і сцягвае мяне з парты танцаваць з ёй. Патанцаваўшы з Людай, зноў залез на парту і ўбачыў, што Зоі ў класе ўжо няма. Пасля зноў быў белы танец, і мяне зноў запрасіла Люда. Натанцаваўшыся з шасцікласніцай, вярнуўся дамоў, ужо думаючы не пра Зою. Сябры ж мае, убачыўшы, як я танцаваў з Людай, назаўтра раніцай прыйшлі да мяне з прапановай ісці ў Новы двор да яе. І мы пайшлі. У Люды бацька працаваў у сельсавеце, і мы пабаяліся адразу ісці да дзяўчыны ў хату. Доўга стаялі каля плоту, свісталі, клікалі Люду выйсці на вуліцу. Дзяўчына не выйшла...

Пасля школы яшчэ амаль чатыры гады пісаў пісьмы Зоі. Яна, як і раней, не адказвала. І ўсё ж надзей на сяброўства не губляў і дачакаўся пісьма, у якім Зоя пісала, што яна вучыцца ў тэхнікуме, дзе трэба шмат чарціць, і ведаючы, што я вучуся ў архітэктурна-будаўнічым, папрасіла дапамагчы ёй зрабіць курсавую. Здавалася б, вось той чаканы момант, калі магу сустрэцца з дзяўчынай, якую кахаю, але замест таго, каб сустрэцца, я адпісаў, што ўжо няма таго хлопчыка Віці...

Напачатку сямідзесятых гадоў бацькі пачалі выпісваць газету “Звязда”. У ёй хоць зрэдку, але друкаваліся вершы. І мне таксама захацелася быць надрукаваным. Перапісаў некалькі вершаў, паклаў у канверт, напісаў адрас рэдакцыі, а свой адрас пабаяўся пазначыць. Вечарам, калі сцямнела, хаваючыся, як партызан, які ідзе узрываць чыгунку, занёс пісьмо ў паштовую скрынку. Назаўтра раніцай чую, мама на кухні расказвае бацьку: “Сустрэла паштарку. І яна мне кажа: “Ніна, ты там глядзі за сваім хлапцом! Ён у цябе ўжо нейкія пісьмы піша ў газеты. Скажы яму, каб болей не пісаў, а то прыедзе міліцыя на чорным воране і забярэ...” Пачуўшы гэта, я два гады не пасылаў свае вершы ў газеты...

Недзе ў гадоў дванаццаць, калі па беларускай літаратуры вывучалі творчасць Янкі Купалы, даведаўся, што ў дзесяці кіламетрах ад Пугачоў знаходзіцца Вязынка, радзіма паэта. І я вырашыў схадзіць да Купалы і паказаць яму свае вершы. І мне чамусьці і не падумалася, што паэта даўно няма ў жывых. І вось, выбраўшы дзень, калі бацькі з ранку пайшлі на працу, прыхапіўшы сшытак з вершамі, я збег з дому, папярэдне даведаўшыся ў старэйшых хлопцаў як ісці ў Вязынку. Ішоў па палях, хаваючыся ад вяскоўцаў, якія маглі пацікавіцца, куды я гэта іду адзін, і адправіць мяне дамоў. Прыйшоўшы ў Вязынку, напачатку пахадзіў па вуліцах, паўглядаўся ў дзядзькоў, спадзяючыся сярод іх убачыць Янку Купалу. Затым распытаўся, дзе хата Купалы, але ў яе не зайшоў, бо пабаяўся перашкодзіць паэту пісаць новыя вершы. У кіёску купіў кніжачку Купалы і, пастаяўшы каля хаты, пайшоў дамоў. Вярнуўся позна. Бацькі мяне ўжо шукалі, і відаць мне б перапала, але я прызнаўся, што хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы са сваімі вершамі. Бацька моўчкі выслухаў мяне, а маці запыталася: “А што табе сказаў Купала?”...

Першы ліст на дасланыя вершы атрымаў са “Звязды” ў 1975 годзе. Ён быў падпісаны Міколам Гамолкам і Алесем Траяноўскім. Адказ быў абнадзейваючым, таму ў хуткім часе свае творы паслаў ўжо і ў “Чырвоную змену”, дзе літкансультаваў Яўген Крупенька. І ў “Чырвонцы” да маіх твораў аднесліся памяркоўна, але нічога не надрукавалі...  

Пугачоўскую васьмігодку закончыў у 1975 годзе. Без троек. Трэба было думаць, куды ісці вучыцца далей: ці канчаць дзесяць класаў у Ракаве, ці куды-небудзь паступаць у Мінску. Выбралі Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Параілі калгасныя шэфы, што былі якраз з гэтай навучальнай установы. Экзамены здаў добра. Дыктоўку пісаў па-беларускай мове. Са мной такіх хлопцаў было пяць чалавек, і мы ўсе паступілі. У тэхнікуме на тое, што я пішу вершы, мае сябры глядзелі спакойна. 17 жніўня 1977 года ў “Чырвонай змене” з’явіўся мой першы верш “Сямнаццаць мне...”. Я быў на сёмым небе ад шчасця. Затым надрукаваўся ў “Настаўніцкай газеце”, “Вячэрнім Мінску” і “Мінскай праўдзе”. Па запрашэнню літкансультанта “Чырвонай змены” Яўгена Крупенькі стаў хадзіць у рэдакцыю на пасяджэнні літаб’яднання “Крыніцы”, дзе пазнаёміўся з Яўгенам Гарадніцкім, Алесем Пісьмянковым, Віктарам Стрыжаком, Іванам Рубіным, Алесем Емельянавым і іншымі філфакаўцамі. Нейкі час я жыў у інтэрнаце тэхнікума, а потым на кватэры ў знаёмых маёй стрыечнай сястры Ніны дзеда Матвея і Марыі Цяслёнак. Бабуля была сваячніцай літаратурнага крытыка, які нарадзіўся ў вёсцы Гарані (у дзесяці кіламетрах ад Ракава), Сымона Куніцкага. Дзед яшчэ да вайны працаваў у мінскіх тэатрах і ведаў многіх артыстаў. Сам ён быў рэпрэсаваны і таму мне даводзілася чуць шмат цікавага і страшнага з жыцця творчай інтэлігенцыі 30-50-х гадоў. Дзед быў заядлым чытачом. Любіў не проста чытаць кніжкі, а чытаць іх услых і са мной абмяркоўваць напісанае...  

У вольны час ад вучобы ў тэхнікуме хадзіў па рэдакцыях. Светла ўспамінаюцца сустрэчы ў “Маладосці” з Міколам Аўрамчыкам, у “Полымі” з Анатолем Вялюгіным, у “Беларусі” з Аляксеем Русецкім. Мая першая часопісная публікацыя – дзевяты нумар “Маладосць” за 1979 год. Купіўшы часопіс, сабраўся ў вёску, каб паказаць бацькам сваю першую сур’ёзную публікацыю. У аўтобусе побач са мной сеў хлопец, які, убачыўшы ў маіх руках “Маладосць”, пацікавіўся, ці надрукаваны ў гэтым нумары Уладзімір Караткевіч. Я даў хлопцу паглядзець самому часопіс, спадзеючыся, што ён наткнецца на мае вершы. Аднак, адшукаўшы Караткевіча, хлопец пачаў яго чытаць. Толькі недзе праз паўгадзіны я не вытрываў і пахваліўся, што ў часопісе надрукаваны і мае вершы. Так я пазнаёміўся са сваім земляком з Ракава навукоўцам Язэпам Янушкевічам. Праз яго пасябраваў і з яго братамі мастаком Фэлікам і скульптарам Валер’янам. Вельмі шмат дало мне сяброўства і з Яўгенам Гарадніцкім, з якім, калі мы былі яшчэ без сем’яў, марылі на раварах аб’ехаць усю Беларусь. Шкада, што нашы мары засталіся толькі юначымі марамі...  

Напачатку 1980 года знаёмыя хлопцы-паэты параілі мне паказаць свае вершы Рыгору Барадуліну. Акуратна перапісаўшы творы ў школьныя сшыткі, пайшоў да Рыгора Іванавіча ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Якраз Барадулін быў на месцы. Ён вельмі добра сустрэў мяне і сказаў, што мае вершы змясціць у калектыўным зборніку “Сцяжыны”, які рыхтаваўся да друку на наступны год. Але ўжо так выйшла, што калектыўная кніжка затрымалася, і Рыгор Іванавіч праз год прапанаваў мне выдацца асобна. Я не адмовіўся і ў канцы 1983 года ў “Мастацкай літаратуры” выйшла ў свет мая “Гронка святла”, за якую ў 1984 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі...

У 1981 годзе пашчасціла трапіць на семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы. Жыў у адным пакоі з Міколам Мятліцкім і Алесем Лісіцкім. З прыемнасцю ўспамінаю тыя снежанскія дні і вечары, калі блізка пазнаёміўся з Леанідам Галубовічам, Вадзімам Спрынчанам, Уладзімірам Арловым, Алегам Мінкіным, Анатолем Сысам, Васілём Сахарчуком, Анатолем Шушко, Алесем Жыгуновым, Уладзімірам Мазго, Паўлам Шрубам і ншымі маладымі паэтамі і празаікамі...

У 1984 годзе быў удзельнікам Усесаюзнай нарады маладых літаратараў у Маскве. Жыў у гасцініцы ў адным пакоі з Леанідам Галубовічам і Сяргеем Дубаўцом. Дзякуючы нарадзе, пазнаёміўся з Масквой і рускімі паэтамі. Пасля гэтай паездкі яшчэ больш захацелася вучыцца ў Літаратурным інстытуце на Вышэйшых літаратурных курсах. У наступным годзе мара мая збылася. А да таго часу ў маім жыцці было ўсяго, бо пасля тэхнікума, не забраўшы дакументаў і не пайшоўшы працаваць на будоўлю, без прапіскі сем гадоў жыў у Мінску. Даводзілася працаваць грузчыкам на лікёра-гарэлачным заводзе “Крышталь”, літкансультантам у часопісе “Неман” і газеце “Вячэрні Мінск”. А часам жыў толькі на ганарары. Раз на месяц ездзіў у Валожын у рэдакцыю “Працоўнай славы”, дзе ў 1980 годзе прапанаваў арганізаваць літаб’яднанне “Рунь” і дзе маю ідэю, дзякуючы Галіне Шаблінскай, якая там пачынала сваю працоўную дзейнасць, падтрымалі. На пасяджэнні літаб’яднання з Вішнева прыязджаў перакладчык “Пана Тадэвуша” Пятро Бітэль, дырэктар Шыкуцёўскай школы, нястомны краязнаўца Генадзь Равінскі, вайсковец з Гудоў Леанід Шчарбінскі. Шмат было моладзі. Яны вучыліся ў мяне, а я вучыўся ў іх. З тых “рунеўцаў” Міхась Курыла і Валянціна Гіруць-Русакевіч (ім пісаў рэкамендацыі на прыняцце ў Саюз пісьменнікаў) сёння ўжо члены нашага творчага саюза...

На самым пачатку васьмідзесятых гадоў у калідоры рэдакцыі “Маладосці” пазнаёміўся з Адамам Глобусам. На той час ён працаваў мастаком-афарміцелем. Пасябраваўшы з Глобусам, я часта хадзіў да яго дахаты і ў майстэрню ў падвал. Там пазнаёміўся з яго братам Міраславам Шайбаком, Уладзімірам Сцяпанам, Максімам Клімковічам і Уладзімірам Сіўчыкавым. Сабраўшыся разам, мы не толькі гаварылі і спрачаліся пра тое, дзе што прачыталі, але чыталі і абмяркоўвалі свае творы. Нашы пасядзелкі былі пачаткам таварыства “Тутэйшыя”. Пад час адной сустрэчы ў Глобуса ў нас узнікла задума стварыць кніжку беларускага хоку. Стварылі. Здалі ў выдавецтва, і там яе “зарэзалі” як кнігу чужую для нашай літаратуры. Ды ўсё ж наша праца, дзякуючы Адаму Глобусу, пабачыла свет у 1996 годзе...

У 1985 годзе разам з паэтам Уладзімірам Маруком быў у Грузіі на Усесаюзным свяце паэзіі, прысвечаным Уладзіміру Маякоўскаму. Пакідаючы там на конкурс сваю кнігу “Гронка святла”, я і не думаў, што праз два гады зноў паеду ў Кутаісі і адтуль вярнуўся лаўрэатам Усесаюзнай прэміі Савета міністраў Грузіі імя Уладзіміра Маякоўскага. Прэмія гэта – як наша Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы. Мне тады было 27 гадоў. І наогул 1987 год для мяне быў багатым на прыемныя падзеі – закончыў ВЛК, выйшла ў свет мая другая кніга “Пошук радасці”, жаніўся і ўпершыню ўладкаваўся на сур’ёзную працу ў часопіс “Беларусь” рэдактарам аддзела культуры...

На вучобу ў Маскву ехаў з вялікім хваляваннем і радасцю, бо мяне чакалі калідоры, па якіх у свой час хадзілі многія вядомыя пісьменнікі і сярод іх наш Уладзімір Караткевіч. У першыя ж дні вучобы ўзніклі такія-сякія праблемы з ваенкаматам. Я ж у войску не служыў, і да ўсяго з вайсковага білета было бачна, што апошнія чатыры гады нідзе не стаяў на вайсковым уліку. Мне нават давялося ў ваенкамаце пачуць ад маёра пытанне: “Где ты столько лет скрывался от советской власти?” Я не разгубіўся: “Пісаў вершы!” і, паказаўшы членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, застаўся вольным...

Першыя зімовыя канікулы правёў у Пугачах. І неяк вечарам, калі ўжо не было жадання ні пісаць, ні чытаць, уключыў тэлевізар. Якраз натрапіў на літаратурную перадачу – знаёмілі з удзельнікамі нарады маладых літаратараў у Каралішчавічах. Вёў сустрэчу Рыгор Барадулін. І раптам чую: “Маладая паэтэса Людміла Рублеўская нядаўна закончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум...”. Я адразу ж падсеў бліжэй да тэлевізара і, як у дзяцінстве глядзеў на Снягурачку, стаў глядзець на дзяўчыну. Акрамя таго, што мяне зацікавіла тое, што Людміла вучылася ў тым жа тэхнікуме, дзе і я, яна мне спадабалася знешне...

Блізкімі сябрамі на ВЛК у мяне былі тры палякі, украінец, рускі і літовец. Мы часта збіраліся вечарамі. Часам за размовамі праседжвалі да раніцы. А гаварыць было пра што – ішлі першыя гады гарбачоўскай перабудовы. У кнігарнях з’явіліся раней невыдаваемыя кнігі, у кінатэатрах паказваліся раней забароненыя фільмы, у тэатрах – спектаклі. Слухачоў ВЛК вазілі на экскурсіі па Расіі. Мне давялося пабыць на Барадзінскім полі, у Яснай паляне каля магілы Льва Талстога, у Суздалі, у Владзіміры, у Яраслаўлі і іншых гістарычных мясцінах. Семінар паэзіі ў мяне вялі Аляксандр Межыраў, Уладзімір Сакалоў і Юрый Кузняцоў. У якасці члена Саюза пісьменнікаў я меў магчымасць хадзіць у Цэнтральны дом літаратара, дзе часта адбываліся цікавыя вечарыны, сустрэчы, пасяджэнні. Нават пашчасціла быць удзельнікам з’езда Саюза пісьменнікаў Расіі, які праходзіў у Крамлёўскім палацы. Так у прыемных клопатах і праляцеў першы год маёй вучобы ў Літінстытуце...  

Вечарам 8 верасня 1986 года я з сябрамі на кухні інтэрната Літінстытута курыў. На нашым сёмым паверсе, як звычайна было ціха, і тут раптам чуем на калідоры стукат жаночых абцасікаў. Хлопцы прыслухаліся і сказалі: “Да цябе, Віця, госці пайшлі!”. Я пачаў аднеквацца, але ўсё ж выглянуў з кухні на калідор. Каля дзвярэй майго пакоя стаялі дзве дзяўчыны. Падыйшоў да іх, пацікавіўся каго яны шукаюць. Аказалася – мяне. Адна з іх была – Людміла Рублеўская. Так я пазнаёміўся з паэтэсай, якую амаль год назад бачыў па тэлевізары. Міналі дзень за днём і наша з Людмілай зямляцкае сяброўства перарасло ў каханне. Людміла кожныя выхадныя вадзіла мяне па тэатрах, музеях, выставах, чаго я раней адзін амаль не рабіў хоць і меў магчымасць. Мой лепшы сябра, паэт з Чалябінска Генадзь Суздалеў, з якім я першы год вучобы быў як не разлі вада, стаў крыўдаваць і казаць: “Нас на бабу прамяняў…”. Але з часам і ён быў задаволены тым, што я знайшоў у Маскве сваё шчасце. 24 ліпеня 1987 года мы з Людмілай пажаніліся. Вярнуліся назад у Мінск. Я пайшоў працаваць у часопіс “Беларусь”, а Людміла перавялася з Літінстытута ў наш БДУ на філфак, які закончыла з чырвоным дыпломам. 6 красавіка 1989 года ў нас нарадзілася дачка Вераніка, а 1 мая 1993 года – сын Максім. Сваіх дзяцей мы назвалі ў гонар Максіма Багдановіча і яго Веранікі. Дзеці нашы ўдаліся ў Людмілу – добра малююць. Максім заканчвае гімназію-каледж мастацтваў, а Вераніка ўжо закончыла і цяпер вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на факультэце дызайна. Акрамя малявання, дзеці пішуць вершы, а Вераніка да ўсяго ў рок-гурце іграе на бас-гітары.  

Пасля працы ў часопісе “Беларусь”, працаваў у газетах “Наша слова” адказным сакратаром і ў “Літаратуры і мастацтве” намеснікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам. З лютага 2004 года працую ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” спачатку намеснікам галоўнага рэдактара, а цяпер галоўным рэдактарам...

Акрамя сястры Валі, у мяне ёсць брат Валодзя 1968 года нараджэння. Хлопец таленавіты, але чамусьці бярэцца за ўсё і да канца не даводзіць. У свой час пісаў вершы і прозу. Нават друкаваўся ў “Чырвонай змене” і ў часопісах “Бярозка” і “Першацвет”. Вучыўся ў БДАМ на курсе тэлерэжэсёраў. Не закончыў. Ды і мой дзядзька Славік (бацькаў родны брат) таксама нейкі час вучыўся на артыста, пісаў вершы, друкаваўся, а на пенсію пайшоў аграномам...

На сённяшні дзень у мяне пятнаццаць кніжак вершаў. Некалькі дзесяткаў песень. Сярод якіх “Усе мы родам з дзяцінства”, якая дала назву Рэспубліканскаму конкурсу маладых талентаў. Пішу прозу.

Я ўдзячны сваім бацькам – Ніне Міхайлаўне і Анатолю Іосіфавічу – за тое, што яны далі мне жыццё на беларускай зямлі, дзе столькі паэзіі...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 01.07.2010