Будзем жыць! Днямі яснымі, новымі
Пойдзем, пойдзем з табою ў гару,
Наша жытная і васільковая,
Несьмяротная Беларусь!
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАТЫКА ДЛЯ ШКОЛ      Б. Тарашкевіч   Вільня, 1929 г.       

ПРАДМОВА


Мiнула роўна 10 год, як вышла ў сьвет “Беларуская граматыка для школ”. За гэты час сталася ня толькi мовай прыгожага пiсьменства ды рознароднай публiцыстыкi, але i мовай дзяржаўнаю або прызначай дзяржавай у публiчным жыцьцi. “Народнае нарэчча” сiлаю сталася “лiтаратурным языком”. Гэта бязсумлiвы факт, незалежна ад тае цi iншае ступенi зроднасьцi беларускае мовы з iншымi славянскiмi.

Вялiкае грамадзкае значэньне беларускае мовы вымагае ад культурных работнiкаў асаблiва ўважлiвага апрацаваньня яе, як з боку навуковага, так i школьнага ўжытку.

“Беларуская граматыка для школ”, выданая першы раз у 1918 годзе, мела сваiм заданьнем замацаваць i ўпарадкаваць выясьнiўшыяся ўжо тады граматычныя асновы беларускай лiтаратурнай мoвы ды ўстанавiць сталы правапiс.

Практыка жыцьця i прасьвечаная крытыка гадоў прызналi, што “ўсё найважнейшае зроблена добра”. Правапiс усталiўся i мае за сабою некаторую традыцыю.

Але тая самая практыка i крытыка паказалi на некаторыя пахiбы, а нават, хоць толькi часткова, i паправiлi iх.

Аўтар “Бел. грам. для школ” сам цяпер бачыць дужа выразна цэлую чараду яшчэ спрэчных пытаньняў (у аканьнi, у правапiсе  чужаземных слоў i iнш...), бачыць патрэбу i магчымасьць спрашчэньня правапiсу, але не бярэцца праводзiць якiя-колечы паважнейшыя зьмены такiм iндывiдуальна-партызанскiм спосабам, накiдаючы свой праект праз школьны падручнiк. Гэта павяло-б толькi да шкоднага хаосу.

Рэформа правапiсу, калi мае быць праведзена, мусiць быць праведзена ў цэласьцi ды ў сувязi з рэформай пiсьма i пераглядам  граматычных формаў (морфолёгiя).

Адпаведныя праекты павiнны быць апрацаванымi паасобнымi адзiнкамi, але прайсцi праз публiчнае сiта грамадскай i навуковай  крытыкi перш, чым маюць быць уведзенымi ў жыцьцё аўторытэтам культурных устаноў. Бо тутака пасьпех, запраўды, можы быць людзём на сьмех.

Горш за тое: непавязаныя, паасобныя зьмены “на лепшае” могуць заграмазьдзiць i загарадзiць дарогу да запраўды добрай рэформы.

Дзеля гэтага аўтар устрымаўся ад увядзеньня i тых зьмен, якiя прыняла “Акадэмiчная Конфэрэнцыя па рэформе правапiсу i азбукi”, склiканая Iнстытутам Беларускае Культуры 14 лiстапада 1926 г. ў Менску.

Ёсьць над чым падумаць i папрацаваць, дык можна i трэба пачакаць, высьцярагаючыся, каб лепшыя новыя дэталi, не псавалi больш-менш неблагога цэлага, якое ўжо iснуе.

Цяперашняе выданьне “Беларускай Граматыкi для школ” мае на ўвазе  неадкладныя патрэбы беларускай школы i ўсiх тых многiх, што жадаюць  вывучыць беларускую мову шляхом саманавучаньня.

Гэтае выданьне спаўна перароблена i значна  пашырана ў параўнаньнi да ўсiх папярэднiх выданьняў. Увесь матэрыял на два концэнтрычныя колы: “Першае кола” i “Другое кола”. Першае кола толькi азнаямляе вучня з граматычным матэрыялам, прывучае яго разьбiрацца ў мове. Яно не зьвяртае ўвагi вучня на падрабязныя асаблiвасьцi або точнае азначэньне граматычных тэрмiнаў, а на ўсё, можна сказаць, яшчэ паказвае пальцам: гэта - тое, гэна - тое; гэта - так, гэна - iначай...

Другое кола абыймае той самы матэрыял, толькi шырэй i ўводзiць вучня ў глыбейшы i больш падрабязны разбор. Тутака вучань вывучае тое, з чым пазнаёмiўся папярэднi год у першым коле.

Бяручы гэты падручнiк у рукi, вучань павiнен быць ужо крыху азнаёмлены са сказам (дзейнiк, выказьнiк...) i з часьцiнамi мовы (паняцьце аб скланеньнi, спражэньнi...), што можа быць зроблена вучыцелем без падручнiка.

Матэрыял  падзелены лекцыi такiм спосабам, што пад  лiтарай А знаходзяцца клясовы разбор i пытаньнi, якiя маюць прывясьцi вучня да граматычных вывадаў (“правiлаў”), памешчаных пад адпаведным параграфам. Пад лiтарай  В знаходзiцца матэрыял для самастойнага апрацаваньня вучняў (у клясе або дома, залежна ад магчымасьцi i патрэбы).

Падзел i расклад матэрыялу мае толькi аблягчыць працу вучыцеля, але зусiм не змушае яго сьлепа йсьцi за гэтым раскладам. Наадварот: вучыцель ня раз змушаны будзе рабiць значныя зьмены ў падзеле  матэрыялу, залежна  ад разьвiцця i поступу вучняў. Вучыцель павiнен да гэтага загадзя  прыгатовiцца i добра вывучыць падручнiк. У некаторых разох ён змушаны будзе сам знайсьцi матэрыял для апрацаваньня вучням, бо аўтар стараўся даваць самае неабходнае, каб не павялiчыць залiшне коштаў друку.

Увагi i параграфы, азначаныя зоркаю (*) пры цыфры, назначаны больш для вучыцеля, як вучняў, i могуць быць с карысьцю выясьнены апошнiм толькi пры адпаведна высокiм роўнi iх разьвiцьця i падгатоўкi.


Б. Т.

Grudzi?dz 13.VIII.1928.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 27.12.2009