О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом...
Уладзімір Караткевіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

MEMENTO MORI      Я. Брыль   1958         прагляд

Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон.  

Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках і стракатых плашч-палатках і мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Вёска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка і спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, і дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.  

Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына, – усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.  

Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму – доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць іх у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, і непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу...  

Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.  

– Мы хутка скончым гэтае швайнэрай1, і тады, фройляйн Вэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла... О так!..  

Істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.  

Так бы ўсё і было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.  

– Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд2, дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Вэра, каб яго падагналі сюды.  

Печніка падагналі.  

– Біст ду дох аўх гір, майн лібэр кэрль?3 – засмяяўся начальнік.  

Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, і не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.  

Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго і прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго і кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад і кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр – грубку з белай кафлі. Вось і цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.  

– Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?  

– Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?  

Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.  

– І скажыце яму... Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.  

– Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там – у адрыне?  

З вуснаў у чалавека сарваліся словы:  

– Там... мая... баба...  

– Ён кажа, што там яго жонка.  

– Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.  

– Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў... што жонку сваю вы можаце забраць.  

Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:  

– У мяне там і дачка... з малымі дзет... камі...  

– Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.  

– О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?  

– Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?  

– Скажы яму, што ў мяне там суседзі... А ты скажы, што яны сваякі...  

– Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.  

– Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!..4 Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят?  

– Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.  

Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:  

– А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня – гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!..  

Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.  

Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся...  

У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.  

Але пячнік упаў.  

Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.  

Тады вароты назаўсёды зачыніліся.  

І ён згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.  

І ён жыве.  



––––––––––––

1 Свінства.  

2 Даслоўна – «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча».  

3 І ты таксама тут, мой дарагі?  

4 Гэта ўжо проста смешна!..

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 22.09.2009