Збудаванне для часовага пражывання прыезджых купцоў (гасцей). Вядомы з 14 ст. Будавалі на гандлёвых плошчах гарадоў (Полацк, Гродна, Орша, Мінск), буйных мястэчак (Грэск Слуцкага, Крывічы Мядзельскага р-наў), у манастырах (Слуцкі Трайчанскі), буйных фальварках (Лахва Лунінецкага р-на). Планіроўкай і кампазіцыяй нагадвалі корчмы і аўстэрыі. Будавалі іх пераважна з дрэва. Г. д. ўключалі жылыя пакоі, гасціныя, каморы, сенцы і інш. памяшканні. На гандлёвай плошчы гарадоў уваходзілі ў склад гасціных двароў.