Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!..
Франьцішак Багушэвіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(1)
 вершы(2)
 прагляд
Водгукі(0)
Уладзіслаў Сыракомля
Паэт, драматург, перакладчык, крытык, краязнавец. Пісаў на польскай і беларускай мовах.
 
Сапраўднае імя: Людвік Франьцішак Уладзіслаў Кандратовіч
Годы жыцця: 1823–1862
Месца нараджэння: фальварак Смольгава Бабруйскага пав. Менск. губ. (цяпер в. Смольгава Любанск. р-на Менскай вобл.)
Біаграфія: 

Сапраўднае імя Уладзіслава Сыракомлі – Людвік Франьцішак Уладзіслаў Кандратовіч. Ён нарадзіўся 29 верасьня 1823 г. у фальварку Смольгава Бабруйскага павету Менскае губэрні (цяпер вёска Смольгава Любанскага раёна Менскай вобласьці) у сям'і арандатара Аляксандра Каятана Кандратовіча (шляхецкі гэрб – «Сыракомля»), жанатага зь Вікторыяй Златкоўскай. Продкі паэта належалі да старадаўняй беларускай шляхты, паланізаванай у выніку гістарычных падзей у Вялікім Княстве Літоўскім. Дзед паэта, Юзаф, быў лідскім ротмістрам. Бацька меў адукацыю каморніка, але на казённую службу не пайшоў і, каб пракарміць сям'ю, арандаваў дробныя фальваркі ў князёў Радзівілаў.  

У 1825 Кандратовічы пераехалі ў Яськавічы (цяпер вёска ў Салігорскім раёне), а вясной 1831 – у Кудзінавічы (цяпер вёска ў Капыльскім раёне).

Навучыўшыся чытаць па-польску ў шасцігадовым узросьце, самастойна знаёміўся з творамі I. Красіцкага і Ф. Князьніна. За падрыхтоўкай У. Сыракомлі да школы сачылі хатнія настаўнікі, якія, зьмяняючы адзін аднаго, па-рознаму разумелі свае абавязкі: Ігнат Шмакаў прымушаў чытаць кніжкі, другі гувернёр аддаваў перавагу вывучваньню розных матэрыялаў на памяць, трэці, пан Вайшвіла са Слуцка, закончыў хатнія заняткі.  

Здаўшы ў канцы лета 1833 экзамены, У. Сыракомля пачаў вучыцца ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясьвіжы адразу з другога кляса. Пад канец навучальнага года ён быў па пасьпяховасьці трэцім вучнем кляса, аднак скончыць школу не ўдалося: у лістападзе 1835 улады зачынілі яе. Давучваўся ў дамініканскай школе ў Наваградку, адкуль, скончыўшы пяты кляс, вярнуўся да бацькоў у вёску Мархачоўшчына, каб паступова далучацца да гаспадарчых спраў. Неўзабаве высьветлілася, што арандатарскія клопаты не прывабліваюць падлетка, які шмат чытае і нават рыфмуе, пераймаючы клясічныя ўзоры. Бацька добра разумеў імкненьне сына да асьветы і, калі яны перабраліся на новую арэнду ў Залуча (цяпер Стаўбцоўскі раён), дапамог яму ў 1841 уладкавацца на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі. Гэта дазволіла У. Сыракомлю пашырыць магчымасьці для самаадукацыі. На працягу года ён вывучаў паперы радзівілаўскага архіва і ў выніку напісаў артыкул пра мінулае Нясьвіжа для «Старажытнай Польшчы» М. Баліньскага.  

У красавіку 1844 У. Сыракомля ажаніўся з Паўлінай Мітрашэўскай і пераехаў у Залуча.

Будучы арандатарам, У. Сыракомля напісаў паводле пачутай у Міры гісторыі «народную гутарку» «Паштальён», якая стала яго дэбютам у друку (1844), а пазьней, праз пераклад Л. Трэфалева, – надзвычай папулярнай у Расеі песьняй «Когда я на почте служил ямщиком...»

У ціхім прынёманскім Залучы працаваў ён многа і плённа: перакладаў на польскую мову паэтаў-лаціністаў, рыхтаваў «Гісторыю літаратуры ў Польшчы», пісаў вершы, гутаркі, карэспандэнцыі ў газэты. Літаратурныя клопаты вымагалі частых сустрэч з выдаўцамі. Паўстала непазбежнасьць пераезду ў Вільню. Разьвітаньне з абжытым Залучам было паскорана раптоўнай сьмерцю дачок-малалетак. У верасьні 1852 У. Сыракомля, даручыўшы гаспадарчыя клопаты будучаму паэту В. Каратынскаму, які жыў у яго зь сярэдзіны 1850, пераехаў зь сям'ёю ў Вільню. Аднак сталым жыхаром горада ён быў нядоўга: у канцы красавіка 1853 пачаў арандаваць фальварак Барэйкаўшчына (цяпер вёска ў Віленскім раёне). Барэйкаўшчынска-віленскае дзесяцігоддзе паэта вызначаецца ўзмацьненьнем у яго творчасьці дэмакратычных тэндэнцый і грамадзянскіх матываў. Шукаючы адказ на сацыяльна вострыя пытаньні часу, Сыракомля абураўся абыякавасьцю пануючых класаў да лёсу прыгонных («Вызваленьне сялян»), саркастычна глядзеў на самадзяржаўную ўладу («Сахар-мароз»), зьвяртаўся да гісторыі краю, каб паэтызаваць гэраічна-патрыятычныя ўчынкі продкаў дзеля ажыўленьня сучаснай яму нацыянальна-вызваленчай барацьбы («Гетманаўская начоўка», «Улас»).  

У сярэдзіне 1850-х гадоў Сыракомля быў ужо аўтарам шасьці кніг перакладзеных паэтаў-лаціністаў, двухтомнай «Гісторыі літаратуры ў Польшчы», некалькіх асобных выданьняў гутарак-паэм, а таксама зборнікаў лірычных твораў. У 1856 і 1857 ён ездзіў у Варшаву, у 1858 пабываў у Познані і Варшаве, дзе, ёсьць меркаваньні, наладжваў кантакты з рэвалюцыйным эмігранцкім рухам. Шмат увагі надаваў падтрымцы творчасьці землякоў на беларускай мове (В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі і інш.). Наважваўся сумесна з В. Каратынскім выдаць кнігу беларускамоўных вершаў, выявіўшы пры гэтым разуменьне грамадскай патрэбы ў вывядзеньні беларускіх твораў на самастойны шлях.  

З твораў, напісаных У. Сыракомлем па-беларуску, да нас дайшлі толькі два – агітацыйны антыцарскі верш «Добрыя весьці» (1848, 1861) і вершаваная лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць ўсюды...» (1861). Уласная беларуская паэзія і гарачая падтрымка творчасьці В. Дуніна-Марцінкевіча на беларускай мове, амаль увесь літаратурны даробак Сыракомлі ў яго няўхільным набліжэньні (праз зварот да фальклору і выяўленьне мясцовага генатыпу) да дэмакратычнага чытача, да народа ў яго ўнутрана лагічным руху да беларускамоўнай творчасьці вызначаюць У. Сыракомлю як гістарычна абумоўленую з'яву ў грамадска-культурным жыцьці Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя, як беларускага паэта-дэмакрата.

Сакрэтны нагляд за Сыракомлем, устаноўлены пасьля яго знаходжаньня за мяжой у 1858, паглыбіў канфлікт з царскімі ўладамі. Таму, калі паэт выступіў у Коўне з чытаньнем антыцарскіх вершаў, а пасьля здолеў выехаць у Варшаву, яго на зваротным шляху арыштавалі. Амаль месяц Сыракомля знаходзіўся пад арыштам у віленскай турме. Пасьля – да заканчэньня сьледства – яму было дазволена жыць пад наглядам паліцыі ў Барэйкаўшчыне, а пазьней пераехаць на лячэньне ў Вільню.  

15 верасьня 1862 ён памёр. Пахаваны на могілках Роса. У фарным касьцёле ў Нясьвіжы, касьцёле сьвятога Яна ў Вільні, а таксама на доме ў Вільні, дзе ён памёр, усталяваны памятныя табліцы. У Нясьвіжы і Варшаве ёсьць вуліцы, якія носяць яго імя. Імем У. Сыракомлі названа адна зь сярэдніх школ у Вільні. Песьні на словы паэта напісалі I. Залескі, С. Манюшка. С Грушвіцкі і інш. Паводле паэмы «Маргер» К. Горскім створана аднайменная опэра (нядаўна знойдзена ў Санкт-Пецярбурзе). Скульптурны партрэт паэта зрабіў А. Шатэрнік.


© сайт "Родныя вобразы".

Дадаў PL 14.10.2009