Прыгажосьць існуе па-за межамі зроку,
Прыгажосьць існуе па-за межамі часу...
Скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў -
Нашы вочы і рукі застаюцца сам-насам.
Віка Трэнас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(1)
 вершы(13)
 прагляд
Водгукі(0)
Аркадзь Куляшоў
Беларускі паэт.
 
Годы жыцця: 1914-1978
Месца нараджэння: мястэчка Саматэвічы Касьцюковіцкага раёна Магілеўскае вобласьці
Біаграфія: 

Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у мястэчку Саматэвічы Касьцюковіцкага раёна Магілеўскае вобласьці. Яго бацькі былі настаўнікамі.


У сталыя гады А. Куляшоў з удзячнасьцю ўспамінаў родную хату, якая ў Саматэвічах стала своеасаблівым клубам – культурным цэнтрам мястэчка.


Дзіцячыя гады А. Куляшова прайшлі ў час рэвалюцыйнага абнаўленьня жыцьця. Новыя, калектывісцкія адносіны складваліся паміж людзьмі.  


Паэтычны талент А. Куляшова абудзіўся рана. Пісаць вершы ён пачаў зь сямі гадоў, а ў 1926 г. Клімавіцкая раённая газэта «Наш працаўнік» надрукавала ягоны верш «Ты мой брат». Аўтару было ў гэты час дванаццаць гадоў.  


Пасля сканчэньня Саматэвіцкай сямігодкі Аркадзь Куляшоў паступіў вучыцца ў Мсьціслаўскі Пэдагагічны Тэхнікум. Тут ён блізка сышоўся з маладымі паэтамі, якія групаваліся вакол студыі тагачаснага літаратурнага аб'яднання «Маладняк». Вялікае пачуцьцё сяброўства моцна з'яднала яго са Зьмітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным – таксама таленавітымі паэтамі.


З 1931 г. па 1933 г. Аркадзь Куляшоў вучыўся на літаратурным факультэце ў Менскім Пэдагагічным Інстытуце. Прыязджаючы дамоў на канікулы, ён актыўна ўключаўся ў працоўнае жыцьцё вёскі.


У пачатку 30-х гг. выйшлі першыя зборнікі вершаў А. Куляшова –«Па песьню, па сонца» і «Медзі дождж» (1933). Яны прасякнуты пачуцьцём радаснага самасьцьвярджэньня асобы ў грамадстве. Разам з тым увагу Аркадзя Куляшова прыцягваюць і трагічныя падзеі нядаўняга мінулага. Пра лёс інвалідаў Першай Сусьветнай Вайны А. Куляшоў расказаў у паэме «Крыўда».


Пачатак 30-х гг. быў надзвычай складаным у літаратурным жыцьці. У гэты час некаторыя крытыкі перакрэсьлівалі значэньне культурнай спадчыны, ставіліся з пагардай да выдатных твораў нашых класікаў. Аркадзь Куляшоў, нягледзячы на сваю маладосьць, заставаўся цьвёрдым у сваіх поглядах на літаратуру. Ён ведаў, што фармальнае штукарства зьбядняе літаратуру, што творчасьць Купалы і Коласа з'яўляецца вялікай школай для маладога пісьменьніка.  


А. Куляшоў востра перажываў трагедыю першых дзен нямецка-савецкай вайны 1941-1945 гг. 24 чэрвеня ён пакінуў разбураны Менск, пяшком прайшоў «горкі шлях» да Воршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады бальшавіскай арміі. Пасьля вучобы ў Ноўгарадскім Ваенна-Палітычным Вучылішчы А. Куляшоў працаваў у армейскай газэце «Знамя советов».  


У пасьляваенны час А. Куляшоў таксама напісаў шмат твораў пра выдатных сыноў нашага народа. Найбольш значнымі ў гэты час кнігамі былі зборнікі вершаў «Новая кніга», « Сасна і бяроза », а таксама паэмы « Цунамі », « Далека да акіяна », « Варшаўскі шлях ». Цыкл вершаў «Маналог », прысьвечаны памяці З. Астапенкі і Ю. Таўбіна, беспадстаўна абвінавачаных у гады культу асобы Сталіна. Пра выдатнага кіраўніка нацыянальна–вызваленчага руху ў 1863 г. Кастуся Каліноўскага А. Куляшоў расказаў у драматычнай паэме «Хамуціус» (1975). Назва твора паходзіць ад падпольнай мянушкі, якую ўзяў сабе К. Каліноўскі, падкрэсліўшы тым самым сваю блізкасьць да сялян, якіх паны называлі хамамі.


Паэзія А. Куляшова – гэта ўсхваляваны маналог пра людзей, якія ва ўпартым змаганні з варожымі абставінамі застаюцца непераможнымі духоўна.  


Раптоўная смерць абарвала 4 лютага 1978 г. паэтычны маналог мужнага паэта – мысьліцеля і грамадзяніна, але ў яго творах назаўсёды засталіся жыць вобразы лепшых сыноў нашага народа – жывая памяць пра гераічнае мінулае. У творах навечна застаўся з намі і вобраз паэта, які ўзбагаціў беларускае мастацкае слова новым сэнсам – паглыбленым разуменьнем сутнасьці эпохі.

Дадаў PL 12.05.2009