Гудам-звонам срэбна-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзяньніцы,
Надвячэр’ем ясна-бледным...
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
ПАРЫЖ – ГЭТА КАХАНЬНЕ!
     інтэрв'ю   Ірына Котава   15 сьнежня 2010 г.       

У Менску зіма. Пухнаты сьнег за вакном, уражваючая ілюмінацыя на вуліцах, недахоп сонца і чаканьне Новага года. Калі такіх складнікаў для шчасьця вам мала, размалюйце жыцьцё шпацырам па Парыжы. Не, я не прапаную зьбіраць валізкі і мерзнуць каля пасольства ў чаканьні візы... Да 8 студзеня ваяж можна зьдзейсьніць бязь лішніх высілкаў і клопатаў. У Нацыянальным Мастацкім Музэі праходзіць выстава маладой беларускай мастачкі Ірыны Котавай "Прагулкі па Парыжу". Цяжка казаць пра віртуальнасьць таго, што там адбываецца, калі ёсьць магчымасьць зазірнуць на Манмартр, убачыць Эйфелеву вежу ці атрымаць асалоду ад атмасфэры Люксэмбургскага саду ўлетку... У працах Ірыны Котавай шмат колеру – сакавітага, прыемнага для вока і вельмі цёплага... Яго цяпер нам так не хапае!

Мне пашанцавала ня толькі атрымаць эстэтычнае задавальненьне ад прыгажосьцяў Парыжа, але і пагутарыць з самой мастачкай. Пагадзіцеся, рэдкі посьпех. Бо яе карціны бачылі ў Канадзе, Італіі, Амэрыцы, Францыі. А гэта першая пэрсанальная выстава ў Беларусі.  


Ірына Котава. http://www.minchanka.by/minchanki/irinakotova.html


– Ірына, вы прадстаўлялі свае карціны ў розных гарадох сьвету. Выстава на Бацькаўшчыне – гэта нейкая адмысловая падзея?


– Безумоўна! Гэта мая першая пэрсанальная выстава ў Беларусі, першая выстава ў Нацыянальным Мастацкім Музэі, што ўжо само па сабе зьяўляецца для мяне вялікім гонарам і велізарнай радасьцю. Нядаўна я размаўляла з даўнім сябрам нашай сям’і, мастаком Георгіем Скрыпнічэнка, працы якога таксама знаходзяцца ў гэтым музэі. Георгій Сяргеевіч пажадаў, каб у мяне былі выставы ў розных гарадох і музэях сьвету, але пры ўсім тым я не забывала, гэтая – самая галоўная.  


– І, тым ня менш, у Менску вы выстаўляеце Парыж. Гэты горад для вас увасабляе каханьне, стыль жыцьця, сьветаадчуваньне?


– Парыж – гэта каханьне. Гэта горад, які мяне прыняў, у якім я жыву шмат гадоў. Я атрымала там выдатную адукацыю. Пасьля заканчэньня Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі Мастацтваў, я вучылася ў Сьвята-Сергіеўскім праваслаўным багаслоўскім інстытуце ў Парыжы і атрымала ступень магістра ў вобласьці гісторыі мастацтваў у адным з навукова-дасьледчых інстытутаў Сарбоны. Парыж падарыў мне вельмі шмат. І колькі б я туды ні вярталася, заўсёды знаходжу нешта новае. Я бясконца ўдзячная гэтаму гораду і роднаму Менску. Таму менавіта сюды я прывезла сваю выставу.  


– Вашыя працы цешаць вока колерам. А для вас, што ў жывапісе галоўнае – колер, манера, душа аўтара?


– Гэта душа. Менавіта стан душы цікавіць мяне першым чынам. Стан душы мастака, горада, таго, каго я малюю. Нават у неадушаўлёным прадмеце, на мой погляд, ёсьць душа.


– Вашу творчую душу што натхняе?


– Першым чынам каханьне. І прыгажосьць, якая зьяўляецца адным з самых важных складнікаў каханьня.  


– А ў чым выяўляецца праўдзівая прыгажосьць?


– Ва ўсім, дзякуючы чаму душа ператвараецца. Часьцяком кажуць, што я ідэаліст. Але гэты погляд для мяне пераважны.


– Напэўна, цяжка быць мастаком-ідэалістам. Таму што хочацца ўвесь час даводзіць свае працы да дасканаласьці...


– Па гэтай нагодзе распавяду вам гісторыю, зьвязаную з адной з маіх прац. Я пісала яе ў Люксембургскім садзе. Вельмі стамілася і ў нейкі момант адчула, што сёньня больш нічога не змагу зрабіць. Тады вырашыла, што пакіну пачатую кампазыцыю, а потым вярнуся да яе. А калі рыхтавала свае карціны да выставы ў Менску, падумала, што пакіну яе як ёсьць. Дзіўна, але розныя людзі, якія бачаць гэту працу, (асабліва французы) кажуць: "Ведаеш, Ірына, для мяне менавіта вось гэта і ёсьць Парыж і вобраз Люксембургскага саду".

Але, скажу сумленна, калі гляджу на палотны такіх вялікіх мастакоў, як Рэпін ці Врубель, думаю, што мае працы сапраўды трэба яшчэ дарабляць і перарабляць.


– Гэта значыць самакрытыка ў вас моцная. А ці важная яна для мастака?


– Вядома. Мастак павінен быць самакрытычны. Пераацэнка каштоўнасьцяў адбываецца штодня і штохвіліны. Але гэта ня значыць, што ў зваротны бок, у негатыўны. Яна можа быць і станоўчай. Але, тым ня менш, мастак павінен крытычна ставіцца да сябе і сваіх прац. Прынамсі, ніколі не павінен думаць, што ён чагосьці дасягнуў. Я ведаю, што нічога яшчэ не дасягнула – усё наперадзе.  


– Ведаю, што ў вас вельмі таленавітая сям'я. Як думаеце, талент – гэта дарунак, які мы атрымліваем "па спадчыне" або гэта вынік працы над сабой?


– Як чалавек веруючы, я лічу, што любы талент – дарунак ад Бога, які мы павінны разьвіваць. Трэба працаваць максімальна плённа, каб выявіць кожны талент, нам дадзены, і такім чынам вярнуць яго Богу. Гэта ня нашае багацьце, а тое – што па праве прыналежыць Творцу. Гэта ён – галоўны Мастак.


– Наколькі я ведаю, вы ілюстравалі кнігу...


– Насамрэч, я афармляла не адну кнігу. Што ж датычыцца непасрэдна Вашага пытаньня: 26 лістапада ў Вэстмінстарскім Абацтве ў Лёндане адбылася прэзентацыя першага англамоўнага варыянту "Гутаркі прападобнага Сэрафіма Сароўскага з Н. Матавілавым". Ілюстрацыі да гэтага выданьня я падрыхтавала і выканала па замове Кембрыджскага Ўнівэрсытэта. Я шчасьлівая, што змагла паўдзельнічаць у гэтым праэкце.  

Цяпер я працую яшчэ над адной кнігай у Злучаных Штатах. Гэта таксама багаслоўскі праэкт. Спадзяюся, што яго ўбачаць ня толькі амэрыканцы і ангельцы, але і нашыя суайчыньнікі.


– Людзі, якія шануюць мастацтва, у Амэрыцы, у Францыі, у Беларусі моцна адрозьніваюцца ці у чымсьці адзіныя?


– Мова мастацтва інтэрнацыянальная. Як сказаў Прэзідэнт Канстытуцыйнага Савета Францыі спадар Жан-Луі Дэбрэ ў адным інтэрв'ю, "для мяне мастацтва ня мае межаў, а мастак – нацыянальнасьці". Я цалкам зь ім згодная. Таксама можна сказаць і пра ўсіх людзей, якія дакранаюцца ў той ці іншай ступені да творчасьці: на якіх бы мовах яны не размаўлялі, мова мастацтва ім аднолькава зразумелая. І, у залежнасьці ад прадмета, які абмяркоўваецца ў творчасьці таго ці іншага мастака, заўсёды знойдуцца яго прыхільнікі ці супернікі.


– А як да крытыкі ставіцеся?


– Пазітыўна. Мой прафэсар у Акадэміі Мастацтваў, цяперашні старшыня Саюза Мастакоў, Уладзімер Савіч сказаў мне аднойчы: "Калі мне нічога ня кажуць пра мае працы або хваляць, я насьцярожваюся. А калі крытыкуюць, значыць для мяне і для майго далейшага ўдасканаленьня ў творчасьці – гэта добра і карысна. Значыць, у будучыні я зраблю яшчэ лепш". Я цалкам падзяляю яго пункт гледжаньня.  


– Ірына, а вы можаце самі сябе ахарактарызаваць?


– Напэўна, гэта лепш за ўсё зробяць мае працы. Пра сябе казаць складана. Адзінае, часам мне здаецца, што я працую недастаткова.  


– На вашай выставе прадстаўлены і партрэты і пэйзажы. Вы больш да якога жанру схіляецеся?


– Да ўсяго, што адпавядае майму ўнутранаму стану.


– Ці ёсьць у вас любімыя мастакі?


– Гэта клясыкі, сусьветна знакамітыя майстры Леанарда да Вінчы, Рэмбранд, Дзюрэр, Ван Эйк, Клод Манэ, а сярод нашых сучасьнікаў – такія, як французскі мастак беларускага паходжаньня Барыс Платаў і малады амэрыканскі жывапісец Крэйг Ханна. Насамрэч, гэты сьпіс можна працягваць бясконца. І, вядома ж, хацелася б асобна сказаць пра нашых беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва, якія мяне выхоўвалі, і дзякуючы якім я сама стала мастачкай.  


– Якія якасьці імпануюць вам у жанчыне (у тым ліку і ў творчай)?


– Шчырасьць. Я думаю, любы творчы чалавек павінен быць шчырым. І ўсе яго працы павінны ісьці ад сэрца.



Аўтар: Анастасія Сасноўская.

http://www.minchanka.by/minchanki/irinakotova.html


Дадаў PL 30.05.2011