Гудам-звонам срэбна-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзяньніцы,
Надвячэр’ем ясна-бледным...
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

СЯРГЕЮ ПЯЮНУ-НОВІКУ

Сын беларускіх палёў і дубравы,  

Сінявы неба і зорак начных,  

Што нам у няволі шлях асьвятлялі

З думкай да родных мясьцін і хацін.


Бывала, туга агартае душу,  

У лагеры, дзе і надзея ўмірала,  

Я ціхенька песьню тваю запяю,  

Здаецца, дома ў гасьцях пабывала.


Успомню дзяцінства шчасьлівы хвіліны,  

Як ціхая ночка над Шчарай брыдзе,  

I шэрыя веснавыя туманы  

Калісь цалавалі там крылы твае.


«Малады дзядок» - цябе называлі,  

Ты вершы і казкі чароўны складаў.  

Сьняжынкі-пушынкі за намі ляталі,  

Ты нам падарункі свае прысылаў.


Ты бачыў пакуты і крыўды людзкія,  

Усім у бядзе як мага памагаў.  

Ты чуў плач лясоў і стогны зямныя.  

Аб гэтым і песьні ў няволі складаў.


Колькі цябе чужакі не цкавалі,

I крылы хацелі падрэзаць ня раз,

Сіла каханьня і Бог памагалі

Выжыць і прайсьці жарам ссыпаны шлях.


Паны, што за Віслу, Запэндава, Слонім  

Ад родных кутоў адрывалі цябе,  

Каб ты не пачуў палёў сваіх гоман,  

I людзі ня чулі больш песьні твае.


Адныя хацелі наш люд апалячыць,  

Другія - рабамі, жывёлай зрабіць.  

Трэція - сьвет павярнуць, усё з'іначыць,  

Пустагаловых пакінуць нас жыць.


І куля нямецкая цябе мінула,  

Сьмерць тваю маці сьвята адвяла.  

Жонка твая і маленькі сынуля  

Кінуты ў яму без труны і крыжа.


Калдычэва мінула, вольныя дні  

Нябачнаю птушкай прамкнулі.  

Па сталінскім законе тэрмін далі  

«Браты», што нас да сябе прыгарнулі.


Калдычэва - рана вечна жывая.  

Енкі канаючых дзяцей і жанок.  

З ранаў засохлых кроў працякае.  

Зноў цябе судзяць і гоняць на Ўсход.


А тут не чужыя цябе падганяюць -

З калдычэўскіх ямаў вядуць вас «браты»,  

Вачыма са злосьці бы псы пажыраюць  

За што гэткі людзям зьдзек без віны?


Ужо Курган і Байкал па-за намі,  

Па Ахоцкім моры плыве параход,  

Усе трумы забіты гора-людзямі,  

Прыбылі вязьні на Далёкі Усход.


У дзікіх марозах катаргі годы  

Па сьнезе якуцкім пьяўкамі паўзьлі,  

Адзінкі з нас дачакаліся свабоды,  

А ўсюды мільёны людзей паляглі.


Да мяне і сёньня яшчэ не даходзіць,  

Як можна змагара за волю судзіць?  

Ён адно думаў аб родным народзе,  

Аб ніве, што ў полі калосьсем шуміць.


Да пояса кланяўся старым людзям,  

Ветліва дзецям усьміхаўся заўжды.  

Мы песьні-думы твае не забудзем,  

Спакойна, Пяюн, хоць цяпер адпачні!


Хай нары не сьняцца табе, дарагі,  

Што доўгія годы ложкам служылі.  

А сьняцца Радзімы лясы і палі,

Рамонкі і ружы растуць на магіле.


Хай пухам зямелька нагрэе цябе,  

Ночкаю ясныя зорачкі сьвецяць,  

Шчасьлівыя мы, што на роднай зямлі  

Апошнія дні дажываем на сьвеце.


Я веру, што Гімны не згаснуць твае,  

Як не згасьлі за астрожныя годы.  

Ушануюць Пагоню, наш Сьцяг на зямлі,  

Усё лепшыя у сусьвеце народы.


Сьпіце спакойна, здалёк ад нядолі,  

Пуховай пярынай хай будзе зямля.  

Цябе, змагар, мы не забудзем ніколі,  

Бо песьня твая - гэта наша душа!


28.VIII.1994.  Н. Дземідовіч

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 14.08.2009