Закрываюць плямы белыя ўрады,
Яны сёньня хваляць прамінулы век,
Ды ці ж жыў без страху хоць адзін тады,
I ці быў шчасьлівы, вольны чалавек?
Засьцілаюць плямы белыя злачынцы,
Дабром памінаюць мінулыя гады.
Пасядзелі б самі ў жалезнай скрынцы
На салёнай рыбе ў сьпёку без вады!
Кат нявінным людзям рашаціў галовы
Па загаду катаў велічнай Масквы.
Кроў плыла ракою, сьцяг палаў чырвоны.
У тундрах зьнемагалі лепшыя сыны.
Цяжкія ўспаміны душу надрываюць,
Што мы ў маладосьці сваёй пражылі,
Нова пакаленьне кажа: выдумляюць,
Якім гэта цудам выжыць вы змаглі?
Поўныя астрогі люду без ратунку,
Быў загад пісаны ноччу іх зьнішчаць,
Пад аховай вязьняў везьлі на пагоркі,
Нарабілі мора ў лясах Курапат.
I ссыпалі вязьняў, як моркву, у ровы,
Костачкі трашчалі, як душыў іх кат,
Чуваць былі енкі, як ў зямлі стагналі,
Панаваў у краі бальшавіцкі ўрад.
А пасьля хаўтураў - гучнае папойкі,
Быў загад і катаў другім растраляць.
Так і запаўнялі ўзьлескі ды пагоркі,
Дзе сосны ўзьняліся, крыжы не стаяць.
Каб зналі нашчадкі, хто тут валадарыў,
I як можна сёньня так іх выхваляць.
Іосіф Джугашвілі - канапаты Сталін,
А загад даў Ленін як народ зьнішчаць.
Я пішу ўсю праўду, бо самой прыйшлося,
Раньняю вясною шмат чаго спазнаць.
Прымінула лета, глыбокая восень,
Пра лёсы мьльёнаў можна расказаць.