Хвілёвы прытулак Дзярэчын,
Мне там давялося пабыць,
Прытулак то быў ужо ня першы,
Дзе гора магла я дзяліць.
Пакрыўджана лёсам жыцьцёвым,
У мяне не знаходзяць віны...
Жывуць пад бандыцкай аховай
Ахвяры крывавай Масквы.
Садок атуляў тую хату,
А ў хаце - панурасьць ды страх.
Дзве мамы, а дзе іхні дзеці?
Глухое няпэўнасьці час.
Апякаваць маці Надзею
Узяўся Арсені сьвятар,
Згасае ў душы яе вера,
А ў сэрцы мацуецца страх.
Даўно няма сына і бацькі,
Іх закатавалі скаты,
Ой доля, ой долечка наша,
Хай бацька, але за што сын?
Можа бацюшка пра Саветы
Слова-праўду людзям расказаў,
Бандыцкі атрад прыляцеў,
Ад рукі іх сыночак прапаў.
Ён бегаў з хлапацамі ў школу,
Ў царкоўным хоры сьпяваў,
Занадта быў жвавы, вяселы,
У першых шарэнгах стаяў.
Так бацькі і сына ня стала.
Людзям не далі паказаць,
Сьлёзна мама іх успамінае,
Бог знае, дзе целы ляжаць.
Замоўкла надзея-матуля,
I высахлі сьлёзы ў вачох:
Ніхто не прыдзе, не прытуле,
Агортвае люд божы страх.
Вясна, неапераны крылы,
Шугнулі іх з хаты вятры
Замала ў дзяцей было сілы,
Дзе сёньня, каб ведаць, яны?
У бацюшкі Лічко два сына:
Хлапцы дык сапраўдны арлы,
Маленька дачка Кацярына,
Дзіцятка ліхое вайны.
Аб большым ні слыху, ні духу,
А меньшы з замежжа прыбыў,
Хацеў ён адолець навуку,
Для гэтага марыў і жыў.
Падаўся ён зь ветрам на захад,
Прытулак знайшоў для жыцьця,
Ад крыўды не раз ён і плакаў,
Аб ведах балела душа.
Абманна гула прапаганда,
Палітрукоў з былых часоў,
Жыцьцё ў чужым краі няважна,
Вяртайцеся, дзеці, дамоў!
Радзіма даўно вас чакае,
Інстытуты для вас, юнакі,
Бацька сьлёзы з воч выцірае,
Сыну трэба сушыць сухары.
Вучыцца заўсёды ня позна,
Каб скарбы навукі дабыць.
А вестка прыходзіць і з Гродна,
Сын Міша ў астрозе сядзіць.
За што, за якое скажэце?
Ён быў беларускі юнак.
Вучыўся ў школе як дзеці,
Няўжо ганяць лепей сабак?
За гэта прылеплена здрада.
Асуджаны. У Воршы цяпер:
Чакае на Поўнач этапу,
А хлеба даўненька ня еў.
Радзіма. Ён вучыцца ў Гродна?
Паверыў палітрукам...
Малады: агледзеўся позна
Локаць блізка, яго не дастаць.
А дзе сын старэйшы? О, гора!
Пакуль тут грымела вайна,
Каб хоць вестка, хоць адно слова -
Меньш сьлёз праглынула б зямля!
А мама Надзея тут стала
Старэйшай сястрою ў хаце
Ларысу-сястру адпраўляла
Нясьці ў астрог перадачу.
Сухароў яна насушыла,
Цыбулі ўзяла, часнака,
Сланіны кавалак улажыла,
I яблык ды груш узяла.
А маці, бы зьвялася ліпа,
Улетку ў засушлівы час,
Цяжкі лёс на долю іх выпаў,
Дзяцей трэ' ў бядзе ратаваць.
Яна, уздыхнуўшы, сказала,
Паглеблыя ручкі дрыжаць:
«Усё, што ёсьць у хаце забрала б,
Каб кропельку гора зь іх зьняць».
Ты думаеш, дочка, шкадую:
Ўзяла б я ўсё ад душы,
Мне рукі дранцьвеюць, ня чую,
Ды як мне яго данесьці?
Дарога да Воршы далёка,
На сьвеце галодных так шмат,
Папробуй міргні адным вокам,
Тут торба ня будзе ляжаць!
Стаю і гляджу на гаротных.
На маму-Ларысу і Кацю.
Што ў астрог едуць да родных,
Хаваюць чужую ў хаце.
Падалася матушка рана.
З авоськамі на кволых плячах.
Каб хоць там сыночка застала,
Не павязьлі ў далекі этап.
Сын Коля чаму не вярнуўся?
Годы: пара зразумець,
Каб сон яму ноччу прысьніўся,
«Да хаты ня трэба ляцець».
Дарогі, дарогі, дарогі,
На Поўнач вядуць і Усход,
Забіты ў краіне астрогі,
Гібее ў ГУЛАГах народ.
Найлепшы прытулак - Дзярэчын,
Цяпер жыў у страху сьвятар:
Бог ведае, дзе яго дзеці,
Я ім наганяю цяжар.
Нязломныя воля і сілы
У Дзярэчынскага сьвятара.
Гора дабрыню заглушыла,
Самота, ратунку няма.
Дзе дзеці, дзе сын, дзе сямья?
А я - чужаніца у хаце,
Навошта, нашто ў цябе я?
Мая душа гэта адчула,
Як у воду глядзела яна,
Я хутка ў хаце прыбрала,
Чакала з царквы сьвятара.
Прыйшоў ён зь сьвятыні да хаты,
Панюхаўшы дым млынара.
Зажаліўся, горка заплакаў.
Што мне ў іх мейсца няма.
Мне страшна, але што баяцца,
Сынам змарнавалі жыцьцё.
У радні ўчора пытаўся:
«Чые ў тваей хаце дзяўчо?»
Сваячка, кажу, выдумляю,
Стрыечнай сястрыцы дачка,
З Кацяю яны паступаюць,
Дзесяць скончыла класаў яна.
Крыўдуе на бацьку што выпіў,
Хоць з гора ён выпіў таго.
Што зробіш, як лёс такі выпаў,
Шкадуе ён сына свайго.
Цябе падграбуць, мне нятрэба,
Навошта шчэ гэты цяжар,
Шкадуе цябе бачыць неба,
Па вушы ў горы я сам.
Не, бацюшка, я не крыўдую,
Я бачу ўсё гэта сама.
Не зіма, хоць дзе паначую,
Хай вам не баліць галава,
Не вашая справа, мая:
Шчыра дзякую, што пажыла.
Гэту ночку я не заснула,
Не спала і Кацька мая.
Дзе матушка, мама-матуля,
Найшла ці хоць сына яна?
I скончыўся час векавечны,
Мне ў раскошным горы пабыць,
Прытулак быў гэты ня першы
У Радзіме. Навошта так жыць?
Мінула агнём бліскавіца,
Грымоты панесьлі вятры.
Ці знойдзецца дзе прытуліцца,
Як жыць, дачакацца вясны?
Паплакаць прылюдна нягожа,
А сіл не хапае цярпець.
Я плачу душою дзень кожны,
Як мушу у сховах сядзець.
Я блізкім і родным нятрэба,
Сваё ўсім жыцьцё даражэй,
Але бачыць Бог - бачыць неба,
Блуджу па віне я чужой.
Сябе я зусім не шкадую,
Хварэю за маму, сямью.
Я часта дзекольвек начую,
У лесе пад кустам засну.
Паплакала б, лягчэй мне стала б,
Не крыніца - сьлёз не стае,
Чаго я так доўга чакала?
Зіма з бурай у хату паўзе.